Кіраўнік МЗС Германіі распавёў, навошта сустракаўся з Лаўровым і якія тэмы абмяркоўвалі
«З сябрамі не трэба весці перамовы, з праціўнікамі — трэба».

Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль нечакана сустрэўся ў Нью-Ёрку з кіраўніком расійскага МЗС Сяргеем Лаўровым. Размова працягвалася каля 20 хвілін. Гэта была першая двухбаковая сустрэча кіраўнікоў МЗС Германіі і Расіі пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
Бакі па-рознаму апісваюць, як удалося арганізаваць размову.
Вадэфуль расказаў у інтэрв’ю Tagesthemen, што пасрэднікамі выступілі прадстаўнікі трэціх краін: «Да мяне звярнуліся шматлікія калегі з іншых краін і паведамілі, што Расія гатовая да размовы». Расійскі бок сцвярджае, што Берлін запытаў яе ў апошні момант.
Вадэфуль патлумачыў, што не хоча пакідаць усе кантакты з Масквой выключна амерыканцам. Пры гэтым ён адхіліў меркаванне, што сустрэча азначае змену нямецкай палітыкі:
«З сябрамі не трэба весці перамовы, з праціўнікамі — трэба. Гэта адзін з асноўных прынцыпаў замежнай палітыкі».
Пра што гаварылі
Паводле кіраўніка нямецкай дыпламатыі, падчас сустрэчы абмеркавалі тры галоўныя тэмы: экспарт украінскага і расійскага збожжа, атаку беспілотніка ў аэрапорце Лейпцыг/Гале і вайну ва Украіне.
Вадэфуль звярнуў увагу на неабходнасць забяспечыць пастаўкі збожжа краінам Глабальнага Поўдня. Паводле яго, Егіпет атрымлівае з Украіны каля траціны неабходнага яму збожжа, а зрыў экспарту стварае пагрозу голаду.
Другой тэмай стаў беспілотнік з выбухоўкай, знойдзены ў жніўні каля ўкраінскага транспартнага самалёта ў аэрапорце Лейпцыг/Гале. Нямецкія ўлады лічаць Расію адказнай за спробу дыверсіі, Масква сваю датычнасць адмаўляе.
«Мяжа была перакрочаная. Мы чакаем, што гэта не паўторыцца, і ў любы момант гатовыя адрэагаваць», — заявіў Вадэфуль.
Ён таксама запэўніў Лаўрова, што падтрымка Украіны з боку Германіі застаецца «цалкам нязменнай», а эканамічны ціск на Расію будзе працягвацца.
У інтэрв’ю ZDF нямецкі міністр асобна падкрэсліў, што не абмяркоўваў з Лаўровым будучыню Украіны без удзелу Кіева:
«Я не вяду перамоў пра Украіну — гэта робяць самі ўкраінцы. Я заклікаю Расію размаўляць з Украінай».
Вадэфуль заявіў, што прапанаваў Лаўрову пайсці на дээскалацыю, але «пакуль не быў пачуты». Паводле яго, Расія цяпер не дэманструе гатоўнасці заняць канструктыўную перамоўную пазіцыю.
Лаўроў таксама заявіў, што сустрэча не прынесла прагрэсу. У размове з агенцтвам DPA ён сказаў:
«Калі паглядзець на штодзённыя публічныя заявы Берліна, я не пачуў нічога іншага».
Паводле Лаўрова, Вадэфуль мог проста патэлефанаваць яму і прапанаваць прачытаць ранейшыя заявы нямецкага ўрада.
Вадэфуль, нягледзячы на адсутнасць выніку, назваў размову неабходнай:
«Гэта задача міністэрстваў замежных спраў і дыпламатыі — размаўляць нават тады, калі паміж бакамі ёсць фундаментальныя супярэчнасці».
Магчымасць наступных кантактаў, паводле нямецкага міністра, цяпер залежыць найперш ад Масквы: Берлін гатовы працягваць дыялог, калі Расія пачне канструктыўна абмяркоўваць спыненне вайны супраць Украіны.
Каментары