У польскай вайсковай жандармерыі адкрылі таямнічы канверт: трое трапілі ў бальніцу, 133 чалавекі эвакуявалі
Двое вайскоўцаў і цывільны супрацоўнік адчулі раздражненне скуры пасля адкрыцця канверта, дасланага з Германіі.
Здарэнне адбылося ў аддзяленні Вайсковай жандармерыі ў горадзе Нова-Дэмба на паўднёвым усходзе Польшчы, піша «Rzeczpospolita» са спасылкай на RMF FM.
У канверце знаходзілася паштоўка. Пасля яго адкрыцця ніякага парашку або іншага рэчыва не заўважылі, аднак неўзабаве двое вайскоўцаў і цывільны супрацоўнік адчулі раздражненне скуры твару і рук. Іх даставілі ў бальніцу.
Яшчэ чатырох вайскоўцаў, якія маглі кантактаваць з пасылкай, ізалявалі. Сімптомаў у іх не было.
З суседняй часткі будынка ў мэтах бяспекі эвакуявалі 133 чалавекі.
«Агляд пасылкі выключыў наяўнасць хімічных, біялагічных і радыеактыўных рэчываў», — паведаміла Вайсковая жандармерыя.
Пасля абследавання трох пацярпелых выпісалі з бальніцы. Паводле прадстаўніка жандармерыі, аналізы не выявілі прыкмет атручэння.
Што менавіта выклікала раздражненне скуры, пакуль невядома. Абставіны здарэння высвятляюць.
Каментары