Грамадства33

«Я пайшоў блукаць па горадзе ў пошуках сябе». Гутарка з беларусам, які летам на месяц знік у Каталоніі

Беларус Генадзь Смаляк, якога блізкія згубілі ўлетку ля Барселоны, расказаў Радыё Свабода пра свае блуканні, дапамогу людзям, будызм і кнігу, якую ён піша.

Сёлета ўлетку блізкія згубілі сувязь з беларусам Генадзем Смаляком. Ён пайшоў з дому ў Барселоне, у якім жыў, і не адказваў на тэлефон. Генадзя шукалі месяц. Ягоная былая жонка Марта расказвала Свабодзе, што знаёмыя часам бачылі Смаляка каля Барселоны, але ён не хацеў з імі гаварыць і сыходзіў. Беларус знік 19 чэрвеня. Пра тое, што яго знайшлі і змясцілі ў шпіталь, стала вядома ад былой жонкі 18 ліпеня.

Генадзю Смаляку 36 гадоў. У Мінску ён працаваў санітарам у псіханеўралагічным інтэрнаце №3. Дадаткова там жа валанцёрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрната, праводзіў арт-тэрапію, укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да пітной вады, тэлевізары ў палатах, магчымасць для валанцёраў наведваць гэтых людзей. Калі, з ягоных слоў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрната скасаваў навіны, а Смаляк звольніўся са скандалам.

Пасля 2020 года Генадзь з'ехаў з Беларусі. Жыў ва Украіне, Польшчы, Нямеччыне, Іспаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданняў, атрымаў прэмію за тэкст пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

Пайшоў шукаць сябе

Падчас гутаркі з Генадзем час ад часу складана зразумець, ці ён гаворыць сур'ёзна, ці жартуе, ці гэта іронія. Ён просіць суразмоўцу не ўсміхацца, бо размова сур'ёзная. Але сам амаль увесь час усміхаецца. Кажа, што не можа жыць без усмешкі, імкнецца, каб яна была. Падкрэслівае, што ён будыст. І рэгулярна вяртаецца да гэтай тэмы, пра якія б пытанні ні ішла гаворка. Дзеліцца правіламі будызму і ўжывае багата рэлігійных тэрмінаў.

«У цяперашні пераломны момант нашага гістарычнага часу, калі адны рэжымы сыходзяць, іншыя прыходзяць, я адчуваю сябе даволі выдатна. У мяне няма перажыванняў. Я веру ў зоркі», — так кажа Генадзь у размове з Свабодай пра тое, як сябе цяпер адчувае.

Зараз Генадзь у міграцыйным лагеры ў польскай вёсцы. Перад гэтым паўгода жыў з сябрамі ў закінутым доме каля Барселоны.

«Гэта культурны цэнтр, дзе збіраюцца людзі розных нацыянальнасцяў, культур, ідэалогій з мэтай згуртавання», — успамінае беларус.

Але аднойчы яму гэта надакучыла, і Генадзь пайшоў пешкі ў бок Барселоны. «Я зразумеў, што я ўжо сваю рок-н-рольную маладосць скончыў. Бо часам трэба старэць, калі ты разумееш, што ўсе дарогі відаць і ўсе вядуць, прабачце, у нейкую *опу. Я паехаў у Іспанію сябе шукаць, перагледзець свой жыццёвы досвед. І пайшоў блукаць па горадзе ў пошуках сябе», — кажа Смаляк.

Паводле Генадзевых падлікаў, так ён вандраваў тры месяцы. Ягоныя блізкія мяркуюць, што ўсё доўжылася каля аднаго месяца. У сваіх блуканнях, кажа Смаляк, ён даведаўся «шмат усяго новага, цудоўнага і незабыўнага», «здолеў звязаць сваё жыццё ў суцэльны ўзор-клубок» і знайшоў сябе.

«Дарагога варта — знайсці сябе, прайсці праз усе нягоды, пагаварыць з усімі, усміхнуцца і пайсці далей», — заўважае ён.

У адказ на пытанне, што значыць, што ён знайшоў сябе, Генадзь вяртаецца ў ранейшы час і ўспамінае, як прыйшоў да будызму. Аднойчы ён прачытаў будыйскую кніжку, паглядзеў фільмы пра манахаў-будыстаў, потым убачыў іх ужывую, «іхнія добрыя, шчырыя вочы» — і зразумеў, што яму гэта адгукаецца. Ён кажа, што дагэтуль ідзе будысцкім шляхам і прытрымліваецца асноўных правілаў будызму. Мужчына дадае, што ягоная медытацыя — гэта хада.

Генадзь адзначае, што ў выніку сваіх блуканняў ён атрымаў супакой і адчуванне, што ён мае рацыю ў пэўных рэчах, у якіх раней сумняваўся. Дадае, што кінуў ранейшыя залежнасці, завязаў з наркотыкамі.

Але падчас блуканняў Смаляк, з ягоных слоў, страціў рэчы і дакументы — беларускі пашпарт і картку дазволу на жыхарства ў Польшчы.

У яго здарыўся сонечны ўдар, упаў цукар у крыві, былі праблемы з сэрцам, праз што ён трапіў у шпіталь. У беларускім консульстве ў Іспаніі, працягвае аповед Генадзь, яму зрабілі даведку, каб ён мог вярнуцца ў Беларусь. Але Смаляк паляцеў з ёй у Польшчу. Там падаў дакументы на міжнародную абарону і цяпер чакае рашэння.

Пакуль Генадзь блукаў, яго шукалі блізкія, звярталіся праз гэта ў паліцыю, медыя публікавалі навіны аб знікненні беларуса. Сам Смаляк кажа, што калі яму паказалі публікацыі і фота аб пошуках, то ён падумаў, што гэта фоташоп: «Хто мяне можа шукаць? Слупы з маімі фотаздымкамі». І нават сварыўся праз тое, што блізкія пачалі пошукі. Урэшце Генадзь прызнаецца — яму было прыемна, што за яго хваляваліся. І падсумоўвае, што людзей варта шукаць, калі яны губляюцца.

«Я б хацеў, каб я вас шукаў, а не вы мяне. Я знайшоў усю сваю сям'ю па дарозе, успомніў да нейкага калена сваіх братоў. Разабраўся, хто на якой пазіцыі стаіць, як адбываецца жыццё, наколькі важная сям'я, хто ў нас у сям'і крыху белая варона, як я, хто ў нас у сям'і маладзец, як мой брат. Я іх шукаў, і я іх знайшоў», — разважае суразмоўца.

Мяняў памперсы хворым, аднаўляў дакументы бяздомным

Жывучы ў Менску, Генадзь дапамагаў бяздомным аднаўляць дакументы, мяняў памперсы людзям з інваліднасцю, дапамагаў наркаманам. Ён адзначае, што будысты любяць людзей і імкнуцца, каб іншым было добра, але «не прычыняюць дабро».

«Я беларускі панк, антыфашыст. Для мяне была першай справай сацыяльная рэвалюцыя… Я думаю, што кожны чалавек мае права на другі шанец і на вяртанне да нармальнага жыцця. Усе мы памыляемся на шляху. Я шмат разоў памыляўся, і мне дорага каштавала пачаць нармальнае жыццё наноў», — тлумачыць ён, чаму дапамагаў уразлівым групам. Суразмоўца ўспамінае, што правёў вялікую працу ў псіханеўралагічным інтэрнаце ў Менску, дзе працаваў санітарам. Сярод зменаў, якіх ён дамогся, — жыхарам інтэрната пачалі даваць больш пітной вады.

«З інвалідамі быў сум. У мяне было аддзяленне, адкуль людзі не выходзілі. Калі чалавек змог усміхнуцца на маёй змене, я лічыў гэта радасцю. Мне нават заробак больш не патрэбны быў у 200—250 еўра», — адзначае Генадзь.

Ён прызнаецца, што з усіх людзей, якім дапамагаў, бліжэй за ўсё яму былі бяздомныя. Падчас сваіх летніх блуканняў па Іспаніі ён сам часова стаў бяздомным і страціў дакументы. Але каб стаць Будам, дадае ён, трэба страціць дом, сям'ю, сяброў, кар'еру і веру ў сябе.

«Я пабываў на месцы ўсіх, каму я дапамагаў. Я дапамагаў бяздомным — я быў бяздомным. Я дапамагаў інвалідам — я ляжаў у лякарнях з дэбільнымі дыягназамі. Я дапамагаў наркаманам і быў наркаманам. Такога і ворагу не пажадаеш, бо перажыць клінічную смерць — гэта цяжка. Я перажыў. Гэта было ў Іспаніі, калі я першы раз памёр, каб потым выжыць», — падсумоўвае Генадзь свой досвед.

Суразмоўца заўважае, што ён і за мяжой хацеў бы працаваць сацыяльным работнікам. Але перашкодай стала няведанне замежных моў.

«Я думаю, што гэта добрая праца. Яна дапамагае не стаць чэрствым, быць нармальным чалавекам і іншым дапамагчы», — разважае суразмоўца.

Але агулам Генадзь не скардзіцца на жыццё ў эміграцыі. Ён кажа, што не параўноўвае побыт на радзіме і за мяжой.

«Я будыст. Я пра гэта не думаю. Я думаю пра тое, каб свой шлях не запляміць, прайсці чыстым па гэтай зямлі. Ніхто не ведае, дзе мы апынёмся. Я радуюся таму, што ў мяне ёсць, і не здзіўляюся, калі чагосьці няма. У мяне нармальны, звычайны шлях простага будыста», — тлумачыць Смаляк.

Кніга казак

Генадзь расказвае, што налета плануе выдаць кніжку «Казкі без твараў» пра сапатыстаў — «мексіканскіх герояў-рэвалюцыянераў, якія правільна ўсё «закруцілі», не падтрымліваюць капіталізм, не даюць «французскай камуне» і іншым свабодным паселішчам спакойна жыць, бо капіталісты ўвесь час чагосьці патрабуюць, а мы жадаем жыць у прыгожай гарызанталі». Гэтая кніга будзе пра павагу да прыроды і да людзей. Напісаная яна будзе праз прызму легендаў і казак культуры індзейцаў мая і інкаў. Генадзь абвясціў конкурс на лепшы малюнак для кнігі.

Натхняў Смаляка мексіканскі сапатысцкі ідэолаг Субкамандантэ Маркас і ягоны зборнік эсэ, дэкларацый і выступаў «Чацвёртая сусветная вайна». Творы Маркаса Смаляк называе казкамі.

«У першы раз я прачытаў там класныя казкі. Яны напоўненыя для мяне нейкім чараўніцтвам, яркім пераломленым святлом. Гэта цудоўнае сумнае святло, якое я, на жаль, люблю. Я быў цікаўным маладым чалавекам і падумаў: трэба абавязкова зрабіць поўны зборнік казак. Бо ёсць сур'ёзныя анархічныя творы, а вось казак зусім няма. Быццам бы ў нас у жыцці няма нейкага чараўніцтва, лёгкасці, быццам бы мы не верым, што свет можа быць прыгожым», — разважае Генадзь.

Каментары3

  • ?
    02.10.2026
    Ці гэтай чарговы выпадак, калі замест адкрыта заявіць пра праблемы з галавой, выкарыстоўваецца абстрактная фраза пра пошукі сябе?
  • Санітэт
    02.10.2026
    Санітару спатрэбіліся санітары))))))Бывае.Прафесійная дэфармацыя... Ведаю метады лячэння,але вам яны не спадабаюцца))))))...
  • .
    02.10.2026
    Хороший добрый человек с другой планеты на своей волне. Отстаньте уже от него.

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак25

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

Якія грыбы і ягады найбольш назапашваюць радыенукліды?3

Анжаліка Агурбаш расказала, чаму яе кінуў жаніх12

Ozon задумаў стварыць буйны лагістычны комплекс у Оршы8

Праз пагрозу дронаў перастаў хадзіць аўтобус з Навазыбкава ў Гомель1

БелАЗ выпрабоўвае самазвал з аўтаномным кіраваннем. Сам ён пад Лунінцам, а кіруюць ім з Мінска2

20‑гадовага забойцу ўкраінскай дэпутаткі Ірыны Фарыён асудзілі на пажыццёвае зняволенне4

«Магілёўліфтмаш» выпусціць ліфт для хмарачосаў3

Беларус пад Мінскам на чатырох сотках вырасціў тону батату2

Скандал на фотаконкурсе мікравыяваў Nikon: пераможцу западозрылі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак25

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць