Грамадства22

Сьвяты Мiкалай i маленькая беларусачка

Пралятаючы над сьвяточна убраным Менскам, я ня мог не завітаць да цябе, маленькая блакітнавокая прыгажуня. Каб не патрывожыць твой сон, я пакінуў на балконе сані, адпусьціў стомленых аленяў, уладкаваўся на падвоканні, зацярушаным сьнегам, і пачаў пісаць гэты ліст.

Сьвяты Мікалай і маленькая беларусачка.

У мяне сёньня лірычны настрой. Хочацца схавацца ад усіх у прыціхлым, засьнежаным лесе, уладкавацца пад пухнатай ялінаю, зрабіць выгляд, што я звычайны сьнегавік і паціху пісаць вершы: Прыляцела зіма белакрылая на лясы, на густыя бары. Коўдрай белай палі атуліла, гарады апранула ў сьнягі... А калі надыдзе ноч, ускараскацца на ледзяную горку, скаціцца зь яе разоў дзесяць у мяккі, як пух, сьнег, пакружыцца разам з далікатнымі сьняжынкамі ў павольным вальсе і з чыстым сумленьнем улегчыся спаць. Але няўрымсьлівы паўночны вецер зноў кліча мяне ў дарогу. Зьвіняць срэбныя званочкі на вупражы быстраногіх белых аленяў. Спадарыня Ноч разьвешвае зялёна-блакітныя зорныя жырандолі ў аксамітных залях свайго неабсяжнага палацу, а чароўныя мастакі, якія звычайна жывуць на гарышчах, ужо намалявалі для дзетак і для дарослых сьветлыя калядныя сны.

Пралятаючы над сьвяточна убраным Менскам, я ня мог не завітаць да цябе, маленькая блакітнавокая прыгажуня. Каб не патрывожыць твой сон, я пакінуў на балконе сані, адпусьціў стомленых аленяў, уладкаваўся на падвоканні, зацярушаным сьнегам, і пачаў пісаць гэты ліст.

Аднойчы, седзячы вось так за вакном твайго пакою, я з такім захапленьнем глядзеў, як ты танцуеш “Бульбашок”, што ледзьве не зваліўся з чацьвёртага паверху. Дзякуй Богу, мяне выратаваў агромісты лядзяш, за які я пасьпеў ухапіцца... А калі ты сьпяваля “Добры вечар, дзяўчыначка”, я, забыўшыся, дзе знаходжуся, пачаў табе падпяваць. Пачуўшы мой голас, ты падбегла да вакна, і я вымушаны быў хавацца ў серабрыстай вадасцёчнай трубе і праседзеў у ёй, пэўна, з паўгадзіны. А колькі разоў я з замілаваньнем назіраў, як старана ты робіш урокі, уважліва слухаў, як прыгожа ты дэклямуеш вершы, любаваўся тваімі цудоўнымі малюнкамі... Хачу табе прызнацца: той малюнак, які ты шукала ўчора раніцай, не згубіўся. Яго ўзяў я, залезшы праз адчыненую фортку ў твой пакой, бо мне вельмі спадабалася, як ты мяне намалявала.

Дарагая паненачка, твае выдатныя адзнакі мяне радуюць ня менш, чым цябе. Я не аднойчы нагадваў тваёй маме, што дзеля таго, каб маленькія дзяўчынкі добра вучыліся, іх трэба карміць цукеркамі, марожаным ды мандарынкамі (сам усё гэта вельмі люблю), а ня маннаю кашай, яечняю ды катлетамі. Я моцна перажываю, калі ты хварэеш, і пільна сачу за тым, каб твае бацькі лячылі цябе смачнымі мікстурамі і салодкімі сіропамі, а ня брыдкімі, горкімі таблеткамі. Час ад часу я іх угаворваю, каб яны дазволілі табе не пайсьці ў школу і ўзялі з сабой у лес, ці ў вёску, каб ты крыху адпачыла ад шматлікіх урокаў, строгіх настаўнікаў ды шумнага гораду. Я бываю вельмі засмучаны, калі ты плачаш. Нябесныя Анёлы старана зьбіраюць ўсе твае сьлёзкі і ператвараюць іх у празрысты крыштальны дожджык. А як усе радуюцца кожнай тваёй усьмешцы... Нават сонейка выглядвае з-за хмараў дзеля таго, каб палюбавацца табой.

Хачу паведаміць табе прыемную навіну. Неўзабаве ў вашай кватэры паселіцца яшчэ адзін жыхар – маленькі, пушысты хамячок, аб якім ты так доўга марыла. Чаго толькі ня зробіш для такой добрай, старанай, паслухмянай, ветлівай дзяўчынкі, як ты...

Мая маленькая беларусачка, на гэтым я мушу закончыць свой ліст. Ужо вярнуліся беласьнежныя алені. Ужо кліча мяне зорнае неба, а вецер распавядае пра шматлікіх дзетак і дарослых, якія зь нецярпеньнем чакаюць сустрэчы са мной. Перадавай прывітаньне маме і тату ды памятай, што яны цябе вельмі моцна любяць і ганарацца табой. Не забывайся, таксама, і на мяне. Вясёлых Калядаў! Сьвяты Мікалай.

Раніцай маленькая прыгажуня пяшчотна пацалавала зьбянтэжанага, сьмешнага, падобнага на казачнага гноміка хамячка, які старана запіхваў за шчокі сакавітую моркву, а потым з сур’ёзным выразам твару прачытала бацькам мой ліст. Тыя ажно прасьлязіліся... Цяпер таго хамячка даводзіцца даглядаць мне, але чаго толькі ня зробіш дзеля таго, каб дзеткі пад час Калядаў пачуваліся шчасьлівымі і верылі, што цуд абавязкова адбудзецца.

11 сьнежня 2006г.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае6

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Слуцкам грузавік урэзаўся ў мікрааўтобус з васьмю пасажырамі і перакуліўся

Прасоўванне Расіі ва Украіне практычна спынілася5

Лукашэнка ляціць у Маскву5

Рэчыва, якім забілі Навальнага, сінтэзаваў цэнтр «Сігнал». Ён жа ўдзельнічаў у атручэнні палітыка ў 2020 годзе2

Партрэты ваенных злачынцаў «СВА» выставілі ў Брэсце24

Першы беларускі маркетплэйс стаў выкарыстоўваць новы графічны знак беларускага рубля6

Штучны інтэлект Claude абваліў акцыі IBM6

Вашынгтон паставіў новую дату завяршэння вайны ва Украіне — Bloomberg8

Стала вядомая агульная вартасць усіх зямель Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае6

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць