Лідар Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька выкліканы на допыт у пракуратуру Мінска ў сувязі з крымінальнай справай аб тэракце ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года.
Яго выклікаюць у якасці сведкі. Допыт прызначаны на 12.30. Адметна, што следчы пракуратуры Глаўніцкі Канстанцін Мікалаевіч выявіў жаданне правесці сустрэчу менавіта 26 красавіка, у дзень правядзення ў Мінску «Чарнобыльскага шляху».
Сам палітык разглядае гэты выклік як пэўны псіхалагічны ціск на апанентаў рэжыма. «Усе кропкі над „і“ будуць растаўлены заўтра, — адзначыў Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю сайту ucpb.org. — Запрашэнне прыйсці ў пракуратуру з нагоды выбуха ў метро, натуральна, ніякім чынам мяне не датычыць. Таму, я думаю, гэта проста падстава для нейкіх размоў на іншыя тэмы. У любым выпадку, гэта можна разглядаць як пэўны псіхалагічны ціск, які працягваецца пасля выбарчай кампаніі ў адносінах да дзеючых палітыкаў».
Каментары