Грамадства2727

Працэс Някляева. Дзень другі. «Нас судзяць за тое, што мы патрабавалі свабодных выбараў»

Учора распачаўся суд экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Андрэем Дзмітрыевым, Аляксандрам Фядутам, Сяргеем Вазняком і Настай Палажанкай.

5 мая распачаўся суд экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Андрэем Дзмітрыевым, Аляксандрам Фядутам, Сяргеем Вазняком і Настай Палажанкай. Справу разглядае суд Фрунзенскага раёна Мінска. Усе абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

16.35

Аляксандра Фядуту хуткая павезла ў шпіталь. Аб’яўлены перапынак да 10.00 10 мая.

16.05

Стан Аляксандра Фядуты не палепшаў. Ён па-ранейшаму адчувае сябе дрэнна. Спадар Фядута папрасіў суддзю працягнуць разгляд справы ў яго адсутнасць. Суддзя Жукоўская пасля кансультацый з пракурорам і адвакатамі аб’явіла яшчэ адзін перапынак і паведаміла, што па А.Фядуту прыедзе брыгада хуткай дапамогі.

15:40

Фядуту стала дрэнна. Ён папрасіў прыняць лекі і або адпусціць яго, або абвесціць перапынак.

Абвешчаны перапынак на 15 хвілін.

14:50—15:29

Палажанка скончыла даваць паказанні. Пачынае Някляеў, ён прамаўляе з месца.

Някляеў кажа: «Мяне судзяць за тое, што я ішоў па вуліцы, хай сабе і са сцягамі».

Някляеў заявіў суддзі, што будзе прасіць, каб у судзе у якасці сведак выступілі міністр Куляшоў і Лукашэнка, якія зaяўлялі пра сваё непасрэднае дачыненне да падзей 19 снежня.

Някляеў пачаў свой выступ у вольнай форме. Ён кажа, што сёння ў гэтае зале ўсе выпадковыя. І ўсе павінны ставіцца адзін да другога зычліва.

Выступ Някляева вельмі паэтычны, ён кажа, што ганарыцца Настай Палажанкай і Віталём Рымашэўскім, прызнае, што рабіў памылкі падчас кампаніі, распавядае пра допыты. Кажа, што парапаноўваў следчым узяць усю віну на сябе, але следчыя адмовіліся ад гэтага. Кажа, што пастараецца дапамагчы ўсім асуджаным, чым зможа.

Някляеў: «Падчас кампаніі супрацоўнікі ДАІ спынялі мяне 21 раз, 21 раз мяне трымалі па некалькі гадзін, пакуль мяне чакалі людзі, не разыходзіліся. Дык што я павінен быў падумаць вечарам 19 снежня, калі мяне спынілі 22-гі раз?»

«Мой удзел у падзеях 19 снежня заняў 7 хвілін. 7 зямных, але не касмічных хвілін. Нас усіх судзяць за тое, што мы патрабавалі свабодных выбараў».

Суддзя заклікала Някляева гаварыць бліжэй да справы. Той кажа, што суддзя пазбаўляе яго права голасу і працягвае прамову.

Някляеў: «Я прыняў рашэнне ісці на выбары год таму, калі ў маі 2010 года сядзеў на Акрэсціна. Сказаў сабе, што павінен пайсці на выбары, каб перамагчы на іх».

Някляеў усё яшчэ працягвае сваю прамову, суддзя пакуль не рэагуе, хоць змест прамовы ў асноўным датычыць фальсіфікацый і недэмакратычнасці выбараў-2010.

Някляеў: «Плошча была адзінай магчымасцю сказаць людзям аб тым, што выбары несвабодныя і недэмакратычныя. Плошча — гэта тое месца, куды некалі нашы дзеці будуць прыходзіць з кветкамі».

Някляеў: «Я спадзяюся, што суд прызнае нас усіх невінаватымі і гэтым спыніць рэпрэсіі».

Звяртаецца да суддзі: «Я — паэт, я вершы магу і ў турме пісаць. Лёс Беларусі для мяне важнейшы за мой асабісты лёс. Цяпер яна ў небяспецы, у якой яшчэ ніколі не была ад пачатку незалежнасці».

Някляеў скончыў прамову, зараз яму задае пытанні пракурор. Яго цікавіць дзейнасць кампаніі ГП, аднак Някляеў заявіў, што дзейнасць ГП не мае ніякага дачынення да артыкула 342 і адказваць на пытанні ён не будзе.

14:02—14:35

Працэс аднавіўся. Пачынаецца допыт Палажанкі.

Яна пачала наступным чынам: «Мне вельмі прыкра, што мы ўсе тут мусім губляць час». Потым яна адмовілася ад магчымасці выказацца ў вольнай форме і папрасіла пракурора задаваць пытанні. Пракурор спытаў аб дзейнасці ў МФ. Пра дзейнасць у Маладым фронце Палажанка гаварыць адмовілася.

Палажанка пракурору: «Сёння ўсё менш трэба тлумачыць людзям, навошта трэба было выходзіць на Плошчу. Я проста дзялілася са знаёмымі сваімі поглядамі».

Палажанка тлумачыць пракурору, што напярэдадні выбараў у Беларусі затрымліваюць моладзевых актывістаў. Таму яны звычайна змяняюць месца жыхарства за некаторы час да выбараў.

Пракурора зацікавілі асобы, якія прыязджалі ў Мінск напярэдадні выбараў, Палажанка адмовілася называць іх прозвішчы.

Пасля перапынку не бачна невядомых маладых людзей. Затое прыйшоў Валянцін Акудовіч. Ён цёпла прывітаўся з Някляевым, які большую частку працэсу стаіць (хворая спіна).

Палажанка: «Улады цудоўна разумелі, што акцыя мае выключна мірны характар… І ўсім было добра зразумела, што ўлады не дазволяць ніколі правядзення акцыі апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы. Хоць самі ўлады там рэгулярна праводзяць свае мерапрыемствы».

Палажанка: «Я не працавала ў штабе якога-небудзь кандыдата. Але маральна падтрымлівала ўсіх, хто наважыўся выступіць супраць існуючай улады».

Цяпер яна адказвае на пытанні адвакатаў.

Яна зазначае, што на Кастрычніцкай плошчы і праспекце Незалежнасці не бачыла ніводнага міліцыянера.

Палажанка: «Я не прызнаю сваю віну таму, што не прадпрымала ніякіх незаконных дзеянняў. Больш за тое, я не лічу, што нехта з абвінавачаных на гэтым працэсе ў нечым вінаваты».

13:15

Абвешчаны перапынак да 14:00.

У другой палове будуць слухаць паказанні Насты Палажанкі і Уладзіміра Някляева.

11:34—13:12

Фядута запытаўся ў Рымашэўскага, навошта на плошчы была патрэбная гукаўзмацняльная апаратура. Рымашэўскі адказаў, што для арганізацыі парадку.

Цяпер пачынаецца допыт Андрэя Дзмітрыева.

Ён адразу часткова прызнаў віну. Ён прызнае, што не падпарадкоўваўся патрабаванням міліцыі, а таксама, што заклікаў людзей выйсці на Плошчу.

Ён паўтарыў тэзіс аб тым, што неабходна раздзяляць дзейнасць кампаніі «Гавары праўду!» і выбарчага штаба Някляева.

Дзмітрыеў: «Нас нельга судзіць за тое, што мы падрыхтавалі некалькі сцэнароў развіцця падзей на плошчы. Гэта тое самае, што судзіць бацькоў, якія адпраўляюць дзіця ў летнік i даюць з сабой лекі на выпадак няшчаснага здарэння. Бацькі ж не плануюць гэтага здарэння. Дзмітрыеў таксама заявіў, што штаб Някляева не быў у стане паўплываць на прыняцце або непрыняцце санкцый у дачыненні да Беларусі».

Дзмітрыеў гаворыць вельмі гучна і хутка. Суддзя Жукоўская папрасіла яго прамаўляць марудней, каб сакратарка паседжання паспявала весці пратакол.

Дзмітрыеў распавёў, што штаб Някляева спрабаваў падчас падрыхтоўкі акцыі 19 снежня скантактавацца з праваахоўнымі органамі, але ім параілі звярнуцца пасля 20 снежня.

Кажа, што народ проста не мог ісці па ходніках ад Кастрычніцкай да Плошчы Незалежнасці, настолькі шмат было людзей. Кажа, што лепш зарабіць адміністрацыйнае парушэнне, чым паўтарыць трагедыю, падобную на Нямігу-1999.

Дзмітрыеў таксама заявіў, што кампанія ГП не фінансавала працу штаба Някляева.

Дзмітрыеў прызнае, што замінаў супрацоўнікам ДАІ агледзець машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай. Тлумачыць гэта існаваннем магчымасці канфіскацыі апаратуры. «Яна нам была патрэбна для таго, каб кантраляваць людзей. Магчыма, нават не было б ніякага шэсця да пл. Незалежнасці, калі б мы маглі давезці апаратуру да Кастрычніцкай».

«Кастрычніцкую плошчу не выбіралі кандыдаты. Ужо традыцыйна там пасля выбараў збіраюцца людзі. Так, мы разумелі, што сход на плошчы не дазволены ўладамі. Але ёсць яшчэ і Канстытуцыя, якая дазваляе такія сходы».

Дзмітрыеў адмовіўся адказваць на пытанні пракурора, якія будуць тычыць кампаніі «Гавары праўду!», ён лічыць, што такія пытанні не датычаць яго крымінальнай справы і не маюць дачынення да выбарчай кампаніі.

Пытанні пракурора Дзмітрыеву выклікалі смех у зале. Суддзя папярэдзіла пра наступствы парушэння правілаў знаходжання на працэсе.

Пракурор спрабуе высветліць, ці абмяркоўваў Дзмітрыеў падчас паездак за мяжу магчымыя сцэнары развіцця падзей на Плошчы. Дзмітрыеў зазначае, што абмяркоўваў выбары 2010 года за мяжой з рознымі людзьмі. Аб чым канкрэтна размаўляў, ён не памятае.

Дзмітрыеў: «Гэтай зімой улады залілі на Кастрычніцкай коўзанку значна большых памераў, чым звычайна. Я пастаянна выкарыстоўваю каток на Кастрычніцкай па прызначэнні і магу параўнаць. Сёлета ён быў надзвычай вялікі».

Дзмітрыеў: «На Калектарнай вуліцы нас спынілі два супрацоўнікі ДАІ. Яны запатрабавалі адкрыць мікрааўтобус і паказаць, што там знаходзіцца. Я зрабіў так, каб яны не змаглі падысці да нашай машыны. Мы сказалі, што там нічога незаконнага няма. З групы людзей пачуліся заклікі адпіхнуць машыну ДАІ, якая перагарадзіла дарогу нашай калоне. Я паклаў рукі на капот, каб штурхаць машыну ДАІ. Затым ззаду нас пачуліся выбухі, крыкі, з’явілася шмат людзей у чорным, якія пачалі збіваць усіх нас, яны забралі апаратуру і таксама раптоўна сышлі. Някляева мы знайшлі непрытомным».

Дзмітрыеў заявіў пракурору, што працягваў заклікаць людзей выйсці на Кастрычніцкую плошчу і пасля вынясення папярэджання ад Генпракуратуры. «Існуюць такія гістарычныя моманты, якія прадугледжваюць адступленні ад устаноўленых правілаў».

Адвакат Някляева запытала ў Дзмітрыева, чаму супрацоўнікі ДАІ не патрабавалі адкрыць машыну з апаратурай у яе кіроўцы. Дзмітрыеў лічыць, што ДАІшнікі жадалі размаўляць з кіраўнікамі калоны.

Дзмітрыеў: «Пасля нападу на нас людзей у чорным на вуліцы Калектарнай супрацоўнікі ДАІ, якія нас спынілі, селі ў сваю машыну і з’ехалі».

11:27

Рымашэўскі: «Збіццё Някляева вельмі адмоўна паўплывала на людзей, якія сабраліся на Плошчы. Тым больш, што ўсе вінавацілі ў збіцці Някляева прадстаўнікоў улады».

Зараз Дзмітрыеў пачынае даваць адказы на пытанні адвакатаў. Ён абвергнуў тое, што заклікаў сыходзіць з Кастрычніцкай.

11:13

Пракурор распытвае Рымашэўскага аб размове з супрацоўнікам ДАІ калі ўніверсама «Цэнтральны» пасля таго, як пачалося шэсце да Плошчы незалежнасці. Падчас размовы здарыўся лёгкі кур’ёз — пракурор не зразумеў слова «ходнікі». Рымашэўскі цярпліва тлумачыць, што гэта сінонім слова «тратуары».

10:49—11:04

Пракурор распытвае Рымашэўскага, якім чынам ён заклікаў людзей выйсці на Плошчу.

Рымашэўскі: «Мы не мелі ні заходніх, ні ўсходніх грошай на правядзенне кампаніі. Было вельмі шмат працы, таму мы збіраліся падаваць заяўку на правядзенне акцыі пратэсту 19 снежня ў апошні момант. Але за 10 дзён да яе мне пазваніў пракурор і сказаў, што заяўку трэба падаваць за 15 дзён да яе правядзення,. Мы разлічвалі, што можна падаваць за тры дні».

«У нас была толькі адна агульная сустрэча з іншымі кандыдатамі і прадстаўнікамі штабоў. Былі ўсе, апрача прадстаўнікоў штаба Саннікава. Гэта адбылося 9 снежня. На сустрэчы мы дамовіліся каардынаваць дзеянні на акцыі пратэсту».

Суддзя запыталася ў Рымашэўскага, ці ведае ён, што на Кастрычніцкай плошчы задоўга да акцыі быў заліты каток. Ён адказаў, што ведаў, зазначыў таксама, што ўлады не перашкаджалі сходу на Кастрычніцкай

«Безумоўна, у нас не ўсё атрымалася на плошчы. Аднак не атрымалася не толькі па нашай віне. Мы збіраліся кіраваць людзьмі з дапамогай мегафонаў і дружыны. Гэта атрымоўвалася падчас шэсця ад вакзала да Кастрычніцкай».

10:07—10:48

Пачалося пасяджэнне. Зараз будуць дапытваць Рымашэўскага. Ён пагадзіўся даваць паказанні. Кажа, што мае заўвагі да абвінавачання.

Рымашэўскі: «Так, я заклікаў людзей збірацца на Плошчы. Але гэтыя заклікі не былі незаконнымі». Рымашэўскі выказаў незадаволенасць працэдурай выдачы дазволу на правядзенне масавых акцый. Кажа, што праз гэта нават не змог падаць заяўку (аказалася, што акцыя прызначаная на 20:00, што ўжо не трапляла ў межы выбарчай кампаніі).

Рымашэўскі: «Кожны грамадзянін можа выказваць свае думкі аб тым, што выбары прайшлі недэмакратычна. Я і зараз так лічу».

Ён нязгодны з тым, што яго вінавацяць у тым, што ў сваіх зваротах ён высоўваў загадзя незаконныя патрабаванні.

Рымашэўскі пачаў даваць паказанні па-расійску, потым перайшоў на беларускую, потым ізноў пачаў гаварыць па-расійску. Суддзя папрасіла карыстацца адной мовай.

Віталь Рымашэўскі зазначае, што на Плошчу 19 снежня запрашалі і генеральнага пракурора, каб ён мог упэўніцца ў мірным характары акцыі.

Ён зноў кажа пра тое, што існаваў план пайсці да адміністрацыі і ўзяць будынак у ачапленне. Калі пачаўся рух па праспекце, то ён не быў у першых шэрагах. Кажа, што тыя людзі, якія прарывалі ачапленне ДАІ, яму невядомыя, і яны сёння не прыцягнутыя да адказнасці.

Пра шэсце па праспекце: «Мне было незразумела, хто кіруе гэтай калонай, куды яна ідзе. Я дагнаў галаву калоны каля Чырвонага касцёла. Там адбылося некалькі выступаў».

Рымашэўскі прызнаў, што было вырашана пайсці на перамовы з урадам. Аднак у гэты час невядомыя людзі пачалі біць шкло. Рымашэўскі зазначае, што спрабаваў гэта спыніць, бо зразумеў, што біццё шкла прывядзе да разгону акцыі.

Сустаршыня БХД настойвае на тым, што яго план быў на тым, каб пайсці да Адміністрацыі. Ён не кіраваў шэсцем да Плошчы Незалежнасці.

Рымашэўскі кажа, што агульнага плана дзеянняў на плошчы выпрацаваць не ўдалося. Паводле яго словаў, апазіцыя дамовілася толькі аб каардынацыі сваіх дзеянняў непасрэдна падчас акцыі пратэсту.

«Тое, што сёння мы тут знаходзімся, у судзе, сведчыць аб тым — што гэта палітычная справа. І ў 2001 г., і ў 2006 г. таксама людзі збіраліся на плошчы. Тады такіх вялікіх пакаранняў не было… Я асабіста адчуваю вялікую маральную адказнасць перад асуджанымі па справе 19 снежня, перад іх роднымі, перад Богам. Магчыма, я мог бы прадухіліць гэта. Кожная хвіліна прамаруджвання там зараз ператварылася ў тэрміны заключэння для многіх людзей».

10:02

Рымашэўскі выгнаў з залы суда БТшнікаў. Падышоў да іх групы і ўзняў крык: «Я не хачу, каб вы мяне здымалі». Пасля гэтага ахова вывела журналістаў БТ.

9:57

Людзі ў цывільным вывелі Някляева ў асобны пакой. З’явіўся Рымашэўскі.

9:54

Прывялі Някляева. «Усім добры дзень», — гучна сказаў ён. Потым цёпла павітаўся з братам, другімі абвінавачанымі, Палажанку абняў і пацалаваў. Зараз размаўляе са сваім адвакатам.

9:45

Вазняк, Дзмітрыеў і Палажанка з’явіліся ў зале. Зараз размаўляюць з журналістамі і роднымі.

Зноў прысутнічаюць невядомыя маладыя людзі. Іх прыкладна 15 чалавек, прыходзяць на працэс групамі. У зале займаюць месцы, прызначаныя для родных абвінавачаных. На пытанні журналістаў не адказваюць.

9:38

На ўваходзе ў залу суда ў журналіста Радыё Свабода Алега Груздзіловіча забралі маленькую камеру, матываваўшы гжта тым, што здымкі былі дазволеныя толькі ў чацвер.

Разам з тым у зале суда знаходзіцца здымачная група БТ з вялікай камерай, якая свабодна здымае падзеі ў зале.

9:34

Усіх пачалі запускаць у залу суда. Супрацоўнікі суда і міліцыянеры паводзяць сябе вельмі карэктна. Для журналістаў выдзелілі спецыяльня шэрагі і запускаюць першымі.

***

Суддзёй на працэсе выступае Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

Напярэдадні суда лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў праз жонку Вольгу перадаў зварот у Мінскі гарадскі суд. Някляеў просіць спыніць супраць яго і іншых удзельнікаў Плошчы крымінальную справу за адсутнасцю склада злачынства. Сваёй віны паэт не прызнае.

Усе абвінавачаныя, акрамя Някляева, раней былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. Лідар «Гавары праўду» дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Онлайн-рэпартаж з першага дня суда чытайце тут.

***

Менавіта за «Плошчу» асуджана ўжо 14 чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

У выніку — засуджаныя 16 чалавек.

Каментары27

Цяпер чытаюць

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае23

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Усе навіны →
Усе навіны

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову14

Кіруючая партыя Германіі хоча высылаць сірыйцаў, якія беглі ад грамадзянскай вайны, назад на радзіму — нават рэгулярнымі рэйсамі12

Упершыню за больш як паўстагоддзя людзі зноў паляцяць да Месяца13

«Яна не дачакала гэтага дня, але гэты дзень дачакаў яе»: Ларысе Геніюш пасмяротна выдалі Нацыянальны пашпарт Беларусі24

Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС11

Расійскія войскі ўдарылі па шматпавярховіку ў гістарычным цэнтры Харкава

ГУР раскрыла падрабязнасці інсцэніроўкі гібелі камандзіра РДК, за якую атрымала $500 тысяч ад заказчыкаў ВІДЭА1

Дзмітрый Мядзведзеў: Фінляндыі давядзецца заплаціць за сваю мярзотную русафобію15

Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае23

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць