Культура33

Паэт беларускі і нямецкі

Былі ж у нас паэты беларуска­польскія, беларуска­расійскія. Чаму ж не быць беларуска­нямецкаму?

Кажуць, у сухаземнагорнай краіне Швейцарыі выйшаў твор пад загалоўкам «So, mehr Meer» («Так, болей мора»).

Як бачым, у перакладзе на нашу мову губляецца «цымус» — гульня гукаў.

На гульні гукаў трымаецца і ўвесь верш, з якога швейцарская пісьменіцца ўзяла ў якасці загалоўка толькі адзін радок. Верш называецца «Sommer». Вось яго поўны тэкст:

    So, mehr Sonne
    So, mehr Meer
    So, mehr Immer
    So, mehr Sehr.

Калі не памыляюся, гэты верш, як і некалькі дзясяткаў іншых, будзе змешчаны ў зборніку «Der Mond denkt, die Sonne sinnt» («Месяц думае, Сонца асэнсоўвае»), які неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Логвінаў». Гэты зборнік будзе ў аўтара ўжо трэці. Раней выйшлі яго кніжкі «Der Zweig zeigt dem Baum wohin er erwachsen soll» («Галіна паказвае дрэву куды яно павінна расці») і «Wortdichte», назву якога можна перакласці і як «Словавершы», і як «Словатворы», і нават як «Словапрыдумкі».

Думаецца, новы зборнік з цікавасцю будзе сустрэты тымі, хто чытае па-нямецку, як у Беларусі, так і за межамі нашае краіны. А тым часам у мяне на рабочым стале ляжыць, сказаць бы так, дзесяцікніжжа паэта — дзесяць зборнікаў, пісаных па-беларуску і выдадзеных таксама панам Ігарам Логвінавым.

Адну з гэтых кніжак я рэцэнзаваў на радыё «Свабода», творы з некаторых іншых — ужо даўнавата — у часопісе «Маладосць». Дый як адрэцэнзаваць дзесяць зборнікаў адразу? Тут хутчэй, узяўшы прыклад з Анатоля Івашчанкі ці з Івана Штэйнера, трэба сядаць і пісаць манаграфію. Або дысертацыю, як гэта робяць іншыя даследчыкі. Адны пішуць пра слова ў творах паэта, іншыя пра гукапіс… І мне аднойчы давялося паспачуваць: бедны паэце, твае творы разбіраюць на цытаты, лексемы і фанемы, а хутка разбяруць і на марфемы. І што застанецца ад твораў, ад паэзіі?

Вось і мне аднойчы хацелася напісаць пра эсхаталогію паэта. І на сустрэчы ў клубе грэка-каталіцкай інтэлігенцыі я цытаваў твор «Лясная дарога», у якім апошнія радкі гучаць гэтак:

    Зыбаецца воз па пяску, ляскоча воз па карэнні,
    Хведарка Барадаты махае лейцамі і паганяе каня…
    Цесна пасеўшы, усім хаўрусам едзем па даўняй лясной — па людской!.. — дарозе, едзем на страшны суд.

Прачытаў я гэты твор, а малады бацюшка, айцец Андрэй Буйніч, і кажа мне: дык жа на гэтую тэму маецца магістарская дысертацыя, я вам яе дашлю па электроннай пошце. І праўда, маецца дысертацыя, і абараніў яе ў Люблінскім каталіцкім універсітэце таксама малады святар — айцец Андрэй Сідаровіч.

Але вось чаго не ведаюць ні Анатоль Івашчанка, Іван Штэйнер, ні а. Андрэй Сідаровіч — гэта таго, як паэт выпрабоўваў на мне квантэмы. Выпрабаванне адбылося ў тым самым годзе, калі квантэмы ўпершыню з’явіліся на старонках «Маладосці». З вуліцы Харужай, дзе жыў тады паэт, мы пайшлі прымаць сонечныя ванны (а папросту кажучы — загараць) на блізкае Камсамольскае возера. І там паэта выдаў:

    надзея навырост
    парожні поўдзень
    распроставецца
    жоўты
    дзьмухавец

Я, натуральна, кінуўся лічыць радкі і склады: ці не танка гэта? А раз не танка, дык што гэта такое, як яго назваць? І паэта ўразіў мяне тэрмінам з фізікі — квантэма.

Твор запомніўся. Асабліва словамі «распростваецца жоўты дзьмухавец», бо непадалёк ад нас хлопец мілаваўся з дзеўчынай, і ў яго, пэўна, нештачка распроствалася. А калі без хуліганства, дык з таго дня запомнілася яшчэ адна квантэма:

    я адымаецца,
    шчыльнеюць рыштаванні
    чысты час

І калі праз нейкі час Іван Пташнікаў, разгарнуўшы перада мною ў лімаўскай бібліятэцы часопіс «Маладосць», спытаўся: «Як вам?», я ўразіў пісьменніка адказам:

— А, квантэмы!.. Ды я іх ужо даўнавата чытаў.

З’яўленне квантэмаў супала з тым перыядам у жыцці паэта, калі ягоныя легкадумныя кучары пачалі пакідаць разумную галаву і калі ён узяў ды пастрыгся пад нуль. І тут ягоны калега ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» Генадзь Шупенька адразу ж прыдумаў творцу новага жанру мянушку — Квантамас. Ды мянушка чамусьці не прыжылася…

Ну вось, занесла мяне. Плынь свядомасці, няйначай. Згадкі пра здарэнні і прыгоды пакіньма на потым, лепш адзначма, што паэт прыдумаў яшчэ версэты, пункціры, вершасказы, зномы ды злёсы, і вернемся да яго дзесяцікніжжа.

Рыхтуючы дзесяцікніжжа, якое выйшла цягам 2005—2011 гг., паэт згрупаваў свае творы па жанрах. І гэтак з’явіліся: «Кніга ўзнаўленняў», у якой новаю паэтычнаю моваю пераказаны творы старабеларускіх аўтараў ад святога Кірылы Тураўскага да Льва Сапегі; кніга версэтаў «Лясная дарога»; кніга паэмаў «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць»; кніга пункціраў «Дождж: возера ў акупунктуры»; кніга вершасказаў «Пчала пачала паломнічаць» і кніга зномаў «Сума немагчымасцяў». Гэтыя зборнікі выйшлі серыйна, бо на іх вокладках маецца «фірмовы» знак — ужо знакамітыя яйкаквадраты, якія паэт прыдумаў разам з мастаком Віктарам Маркаўцом.

Тут не магу ўстрымацца, каб зноў не кінуцца ва ўспаміны. Калі выйшла кніга паэмаў, я звярнуў увагу, што ў ёй няма «Паэмы выслоўяў». Гэты твор паэт чытаў мне ў двары магазіна «Мэбля» на Валгаградскай вуліцы ў чаканні, калі будзе пагружана шафа, якую трэба было завезці у кватэру на вуліцы Веры Харужай. На той час (брэжнеўшчына) паэму, бадай, нельга было апублікаваць. І не толькі таму, што ў ёй быў «хуліганскі» рэфрэн — цытата з Уладзіміра Маякоўскага: Марыя дай! Я спытаў у паэта: дзе паэма? Ён перабраў свае паперы, але твор не знайшоў. І ўдакладніў: ты нешта зблытаў; тое, што я чытаў у двары магазіна, — не «Паэма выслоўяў», гэта іншая паэма, напісаная на першым курсе. Яе чыталі Анатоль Вярцінскі ды іншыя паэты, пахвалілі, але ў друк яна не трапіла і недзе згубілася; «Паэма выслоўяў» згубілася таксама. Што я і натую для гісторыі літаратуры.

Або і такое трэба напісаць: паэт быў і ёсць вельмі зацікаўлены творчасцю Вяліміра Хлебнікава. Помніцца, што ў 1970-я ён быў у ліку арганізатараў вечарыны, прысвечанай гэтаму арыгінальнаму творцу. І зараз помніцца, што вершы Хлебнікава добра чыталі Мікалай Кірычэнка з Купалаўскага тэатра і Валерый Шушкевіч — з Расейскага.

Пішу гэта таму, што сярод чатырох несерыйных кніжак (аформленых, што праўда, таксама з Віктарам Маркаўцом) маецца томік «З Вяліміра Хлебнікава». Як у «Кнізе ўзнаўленняў», так і ў гэтым зборніку не трэба шукаць перакладаў. Гэта хутчэй творы на зададзеную тэму. Таму паралельна з беларускім тэкстам друкуецца расійскі арыгінал.

Зборнік «З Вяліміра Хлебнікава» стаў перадапошнім, дзявятым у дзесяцікніжжы. Яму ж папярэднічаюць яшчэ адна кніжка пункціраў — «Воплескі даланёю адною» — і зборнік «З апокрыфа ў канон: Гутаркі, выступленні, нататкі», бо вядома, што паэт не толькі творыць, але і асэнсоўвае творчасць — сваю і «чужую». Квантэмы, пра якія я тутака пісаў, а таксама злёсы змешчаныя ў апошнім, дзясятым зборніку дзесяцікніжжа «І потым нанава пачаць».

Тут жа — гэта трохі парадокс — надрукаваныя і вершы з ягонае самае першае кніжкі. Пішу «трохі парадокс», бо вядома, што ўсё наступнае мае пачатак і зводзіцца да яго.

І ўсё ж, як выяўляецца, творчы даробак паэта не абмяжоўваецца дзесяццю беларускімі кніжкамі. Чакаем ягоны адзінаццаты зборнік — на нямецкай.

Я наўмысна аніразу не назваў імя паэта. Дасведчаны чытач з першых радкоў здагадаўся, пры чые творы і творчасць вяду я гаворку. Недасведчанаму чытачу паведамляю: пра творы, творчасць і кніжкі Алеся Разанава, паэта беларускага і нямецкага. Былі ж у нас паэты беларускапольскія, беларускарасійскія. Чаму ж не быць беларусканямецкаму? Але пры ўсім пры тым Алесь Разанаў, як і ягоныя выдатныя папярэднікі, застаецца найперш беларускім паэтам. Але пра тое — у чым беларускасць гэтае знакавае асобы — трэба пісаць асобны твор. Ці дысертацыю. Пра тое — упэўнены — абавязкова будзе напісана.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве5

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне

Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра4

Трамп прэзентаваў залаты трактар16

Гэтая актрыса атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць3

У Варшаве сёння вялікі Марш да Дня Волі, панясуць 330‑метровы бел-чырвона-белы сцяг10

Цяпер вядоўцам трэвэл-шоу «Арол і рэшка» можна стаць за грошы. Колькі трэба заплаціць?1

Сталі вядомыя трое суддзяў, якія будуць разбіраць у Гаазе сітуацыю ў Беларусі4

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы: Мы ніколі не пагодзімся на Беларусь як частку рускага свету14

Экс-прэм'ер Літвы: Лукашэнка ўяўляе, што злавіў Бога за бараду11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве5

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць