Меркаванні3333

Беларуская глыбіня. Зарок

П’юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, бухаюць, заліваюць горла... Піша Павал Севярынец

    Цверазейце, чувайце,
    бо супраціўнік ваш д’ябал
    ходзіць, як рыклівы леў,
    шукаючы, каго праглынуць.
    І Пятра 5:8

Наш кіроўца, мужык талковы, у одуме. Усё збілася з тропу: машына ламаецца, у сям’і раптам бязладдзе, начальнік без дай прычыны надоечы вызверыўся. Карацей, жыццё дало расколіну. Раіцца, маўляў, ты ж вернік, ведаеш — можа, гэта з­за таго, што я распяцце без цвікоў набыў?.. Аказваецца, днямі ў краме да яго падышоў нейкі п’янтос, ледзь трымаецца на нагах і просіць: купі, за бутэльку. Распяцце матчына, хіба што дзіркі замест цвікоў… Глядзіш кіроўцу ў трывожныя шырокія зрэнкі і бачыш адну чорную дзірку.

Без цвікоў укрыжоўваюць, Госпадзе. Прапіваюць і спадчыну, і розум, і душу — калі б маглі, і Цябе прапілі б.

Тут, сярод замкаў ды пушчаў, п’юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, бухаюць, заліваюць горла — бо зеўрае, зеўрае чорная дзірка ў сэрцы, а святое месца пуста не бывае. Рабочыя, вяскоўцы, «хімікі»… Не так адчайна і жорстка, як у Малым Сітне з «максімкай», але грунтоўна, паслядоўна, засяроджана, з яўнай мэтай калісьці дапіцца­такі.

А гэта ж не дзе­небудзь,

менавіта тут, у беларускай глыбіні ў 1846—1848 пачаўся знакаміты Пружанскі антыалкагольны рух, які даў першы штуршок небываламу паводле размаху ацверазенню ў 1850-я па ўсёй Расійскай імперыі.

Пра гэты самы «пружанскі бунт» як пачатак найбуйнейшай агульнарасійскай кампаніі абстыненцыі з гонарам паведамляе, між іншым, Інфармацыйна­аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ — і рэкамендуе выкарыстоўваць такі факт, уявіце сабе, на лекцыях «Адзінага дня інфармавання». Вядома, адной рукой, праз капеечную гарэлку, піўную рэкламу і батарэю бырла, падліваюць ды падліваюць (і не тое што закусіць — занюхаць не даюць), а другой, заграбаючы грошы ў касу, часам усплёскваюць: авохці, бяда!... вой, што твораць… П’юць жа, паскуды, ну што ты ім зробіш!..

Усё пачалося ў 1846-м у местачковых прыходах ды парафіях, з нейкім веяннем духу. Рэй вялі святары. Хопіць піць!.. Вёска за вёскай на заклік бацюшкі ці ксяндза беларус станавіўся перад алтаром ці абразом і заракаўся: болей не дакранацца да спіртнога. Так і ўяўляеш: глядзіцца чалавек у абраз — і вобраз і падабенства Божае ажываюць у ім самім.

А між тым зарок быў злачынствам: закон Расійскай імперыі забараняў даваць нейкія клятвы, апрача прысягі цару.

Масавае ацверазенне ахапіла спярша гістарычную Літву: на Гарадзеншчыне зарок далі 220 тысячаў сялянаў, на Віленшчыне — 140 тысячаў, на Міншчыне — 84 тысячы. Вакол цэркваў ды касцёлаў ствараліся таварыствы ці брацтвы цвярозасці. Кабакі зачыняліся праз адсутнасць прыбытку; чыноўнікі паўсюдна адзначалі рэзкі ўздым свядомасці і дабрабыту. І вось ужо шэф жандараў дакладае Аляксандру ІІ: «Здарылася ў нас падзея, зусім нечаканая»…

З беларускіх земляў і Ковеншчыны рух цвярозасці перакінуўся на суседнія — і ўрэшце, да канца 1850-х гадоў ачомаліся 32 губерні Расейскай імперыі. Цвярэзнікі засноўвалі свае школы, прытулкі, стваралі касы ўзаемадапамогі — і, быццам з зародку, з зароку перад Богам стыхійна нараджалася самакіраванне. Месцамі адмова ад віна і гарэлкі прывяла да бунтаў: абураныя мужыкі грамадой грамілі манаполькі. Урад, напалоханы размахам непадуладнага руху і стратай каласальных грошай (імперскі бюджэт трэснуў па швах), выправіў на падаўленне непітушчых рэгулярныя войскі. Звыш 11 тысячаў актывістаў руху былі арыштаваныя, бітыя розгамі і высланыя ў Сібір (з іх 780 — у беларускіх губернях).

Ані Раманавы, ані бальшавікі, ані Лукашэнка не адступілі ад загаду Івана Жахлівага: спойваць. Не будуць піць? Адключым газ.

«Ну, першы тост за Галоўнакамандуючага, ты ў курсе», — напаўголаса папярэджвае начальства пружанскіх вайскоўцаў на 23 феўраля. І тады, і цяпер дэманстратыўна не выпіць было выклікам. Толькі ходзіць, бродзіць нехта вакол, кружыць, як рыклівы леў, шукаючы, каго б праглынуць нагбом.

Пружанскія сяляне ўжывалі віно і хлеб у Прычасці — і прымалі Кроў і Плоць Хрыстовыя. Сёння віно без Бога і хлеб з відовішчамі ператвараюць беларуса ў жывёлу.

Няўжо лёс беларускай глыбіні — дапіць горкую чашу да дна, да поўнай п’яненькай рабскай павіннасці, да выраджэння асноўнай масы народа, да нацыянальнага гена алкагольнай залежнасці?

Ды не ўтопім мы нічога і нікога ў тае чарцы, апроч саміх сябе.

«Кадзіроўкі» ды паліт­інфармацыі — хіба апахмелка апасля дзяржаўнай палітыкі спойвання. А вось масавы рух, пачаты Царквой, у спалучэнні з падтрымкай сям’і і моладзевай модай на цвярозасць — насамрэч куды большая пагроза для існага рэжыму, чым уся сённяшняя апазіцыя.

Таму збляваць чорта, каторы ў глыбіні беларускай душы сушыць, і пячэ, і смокча, і ссе, можна адным­адзінюткім спосабам, ужытым простымі пружанцамі 165 гадоў таму, — не адкаркоўваць новую нульпяць, а адчыніць душу Богу.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Эрнст Сабіла

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца

Беларуская глыбіня. Бездань Азефа

Каментары33

Цяпер чытаюць

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі8

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Выжыла толькі котка». Абгарэлая, яна прасядзела 12 гадзін на лесвіцы пасля пажару ў кватэры ў Маладзечне, дзе загінулі тры чалавекі4

Беларуска, якая вырабляе брошкі ў выглядзе дзяўчат з чырвона-зялёнымі какошнікамі, шчыра не разумее, чаму яе крытыкуюць25

«Я — «крыса», але я не адзін такі». «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль пра даносчыкаў і стукачоў1

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам4

Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта11

Нявеста адправіла жаніха перад вяселлем на псіхіятрычную экспертызу7

«Пра страту $78 000 я б моцна перажывала». Беларуска своечасова адмовілася ад купляння кватэры3

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве13

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі8

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць