Меркаванні7878

Беларуская глыбіня. Калыска Ізраіля

Піша Павел Севярынец.

    …І сказаў:
    ад сёння імя тваё
    будзе не Якаў, а Ізраіль,
    бо ты змагаўся з Богам,
    і людзей адольваць будзеш.
    Быццё 32:28

Берасцейшчына — наша Палесціна.

Тут, у абліччах беларускае глыбіні. Адразу ўлоўліваеш гэты трагічны надлом броваў, гэтую арліную гарбінку носа, гэтую стоеную ў зморшчынках ля куткоў вачэй вечную мудрасць, гэтую бездань чорнага позірку, якая то прыцягвае, то палохае, нейкую няўлоўную, ценем, хітрынку, рыжынку або характэрную ўсмешлівую гарчынку, а ў размове — так і не пераможанае за дзве тысячы гадоў рассеяння «р»… І з самага нутра з нейкім шчаўчком — здагадка, быццам трэснуў суглобчык, калісьці, у дужанні з Госпадам пашко-джаны суглоб Якава, ад якога нашчадкі і атрымалі найменне ізраіля — «той, хто змагаецца з Богам»….

Беларускасць немагчыма зразумець без габрэйскасці.
Паўтару яшчэ раз, бо чую, як цяпер, во, маўляў, ерась! — суглобы надтрэснулі ў многіх: глыбіню і драму тысячагадовай хрысціянскай Беларусі, яе свядомасць, дух і лёс марна расшыфроўваюць у адрыве ад паняццяў габрэйскага горада і мястэчка, россыпу геніяў і біблійных каранёў выбранага Богам народа.

Беларусь, падпружаная нецярпімасцю з Захаду і рысай аселасці з Усходу, за некалькі стагоддзяў вынасіла пад сэрцам цэлы Ізраіль — лідара рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана, заснавальніка Сусветнага сіянісцкага кангрэсу Навума Гольдмана, стваральніка габрэйскага руху Расіі Шмуэля Магілевера, старшыню сусветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар’е Дульчына, Егуду Бэн-Эліезэра, які аднавіў іўрыт, а таксама чатырох прэзідэнтаў і семярых прэм’ер-міністраў габрэйскай дзяржавы. Ды што казаць, калі яшчэ сто гадоў таму 2/3 жыхароў тых жа Пружанаў былі юдэямі.

Адноўлены Ізраіль, якому ў біблійных прароцтвах адводзіцца ключавая роля, быў зачаты, вырашчаны, напоены тут, у сэрцы Еўропы — і з болем, з крывавымі каранямі перасаджаны на Святую Зямлю… Міжволі пачуеш і водгулле ўсёчалавечай таямніцы, і пакліканне Божае для краіны, і рэха Апакаліпсісу.

З Берасцейшчыны родам пяцёра прэзідэнтаў і прэм’ераў Ізраіля. Толькі ўдумацца: за 63 гады існавання дзяржавы!

Хіба не сімвалічна, што першым прэзідэнтам адноўленага Ізраіля стаў народжаны ў Моталі пад Янавам беларускі сіяніст Хаім Вейцман? Першакласны хімік (дапамагаў брытанцам у Другой сусветнай вайне распрацаваць высокаактанавае паліва і штучную гуму, атрымаў звыш 100 патэнтаў), выбітны дыпламат (ініцыяваў вядомую «Дэкларацыю Балфура», якая паклала пачатак адраджэнню Ізраіля ў брытанскай Палесціне), лідар сіянісцкага руху (прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі ў 1929—1946), чыім імем названыя цэнтральныя вуліцы многіх ізраільскіх гарадоў…

Голда Меір, знакамітая пятая прэм’ерка Ізраіля ў 1969—1977, у эпоху нафтавага крызісу, аўтарка фразы «Майсей вадзіў нас па пустыні сорак гадоў і прывёў у адзінае месца на Блізкім Усходзе, дзе няма нафты», — родам з Піншчыны. Адна з дзвюх жанчынаў, хто падпісаў Дэкларацыю Незалежнасці Ізраіля, пасля расстрэлу ізраільскіх спартоўцаў на Мюнхенскай Алімпіядзе 1972 распарадзілася расшукаць і знішчыць усіх да адзінага тэрарыстаў з «Чорнага верасня».

Менахем Бегін з Берасця — сёмы прэм’ер Ізраіля — паходзіў з сям’і сакратара Брэст-Літоўскай габрэйскай грамады, страціў у Халакосце жонку і дзяцей, выбітны юрыст і паліглот (валодаў 9 мовамі), зрабіўся лідарам першага несацыялістычнага ўрада ў Ізраілі (1977) і разам з Анварам Садатам за мірнае пагадненне, падпісанае ў Кэмп-Дэвідзе, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру… На ягоны загад у 1981 ізраільская авіяцыя разбамбіла іракскі атамны рэактар і не дала Садаму Хусэйну атрымаць ядзерную бомбу.

Іцхак Шамір (Езярніцкі), восьмы і дзясяты прэм’ер Ізраіля, з’явіўся на свет у Ружанах, як і Бегін, страціў усю сваю сям’ю ў вайну — і ў 1980-х стаў вядучым габрэйскім палітыкам: міністрам замежных спраў, абароны, старшынёй Кнэсета — і двойчы прэм’ерам.

Адсюль жа, з Берасця — бацька нядаўняга, пятнаццатага прэм’ера, Арыэля Шарона (маці, дарэчы, з Магілёва) — таго самага Шарона, стваральніка сучаснага ізраільскага спецназа, які падчас Шасцідзённай вайны ў чэрвені 1967 на чале бронетанкавай дывізіі прарваў фронт егіпцянаў і выйшаў да Суэцкага канала, ідэолаг руху пасяленцаў, адно з’яўленне якога на Храмавай гары ў Ерусаліме справакавала шматгадовую палесцінскую інтыфаду…

Людзі, народжаныя ў беднай, забітай правінцыі, уцісканыя, пагарджаныя — з усёй вераю, жарсцю і моцай старазапаветных герояў ахвяраваліся, біліся да крыві, ваявалі з усім светам, каб толькі застацца жыць на камяністым, пустынным шматку абяцанай зямлі, страчанай 19 стагоддзяў таму.

Шыкоўны экскурсійны тур па памятных мясцінах заснавальнікаў і кіраўнікоў габрэйскае дзяржавы па маршруце Берасце—Моталь—Пінск—Ружаны — паўдня з вецярком! — самае малое, што магла б зрабіць любая ўлада ў Калысцы Ізраіля.

Але ж галоўнае — не гэта. Важней зразумець.

У Беларусі толькі спыніся, прыслухайся — і востра адчуеш прысутнасць Божую. Ён, Творца сусвету, стаіць па-над калыскай калісьці выбранага ім народа, які Яго не прыняў, а цяпер нарадзіўся наноў — і ў той жа калысцы пакуль дрэмле ягоны брат — які калісьці прыняў, а цяпер забыўся.

Тут, у краі сумных і ўбогіх духам людзей, у валадарстве крыжоў, Курапатаў, Хатыняў і Трасцянцоў, перасякнутым слязьмі і потам, крывёю, атэізмам і сіянізмам, дастаткова толькі прачнуцца — і ў раптоўным, абуджаным адкрыцці зразумееш, з якой асаблівай пяшчотай над гэтай зямлёй чувае, любуецца і трывожыцца Усявышні.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Перакласці Бога

Беларуская глыбіня. Свабода расце з касцей.

Беларуская глыбіня. Падлік радзімак

Беларуская глыбіня. Чалавек сцяга

Каментары78

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Прафесійныя спартсмены кансультуюцца са мной». Беларускі тэлекаментатар схуднеў на 50 кілаграмаў7

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць