25 мая ў Канах пакажуць фільм Сяргея Лазніцы «У тумане» паводле Быкава.
Як беларускі шоу-бізнэс доўга шукаў, чым бы ўразіць «Еўрабачанне», і перабіраў фармат за фарматам, а тым часам глухія ўдмурты вывелі на еўрапейскую сцэну фолк на роднай мове, так і беларускі кінематограф сякеры пад лавай не знайшоў. Аказалася — Быкаў. Быкаў з ягоным канфліктам гонару і самазахавання, фальшу і праўды, фатуму і выбару. Быкаў з ягонай нянавісцю да параднай. барабаннай гісторыі. Быкаў з ягоным незраўнаным веданнем вайны, яе філасофіі. Быкаў, якога не згадаюць лукашэнкаўцы на 9 Мая. Быкаўская, вечная гісторыя аказалася цікавай для свету. Канскі фестываль — гэта вяршкі вяршкоў сусветнай кінакультуры.
Букмекеры ставяць «У тумане» на пятае месца па шанцах на «Залатую пальмавую галіну».
Факт статыстычны: упершыню кіно, у стварэнні якога брала ўдзел нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», трапіла ў праграму асноўнага конкурсу Міжнароднага кінафестываля ў Канах. Больш за тое, упершыню туды трапіў фільм паводле твора беларускай літаратуры. Стужка «У тумане» знятая паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава.Рэжысёр фільма Сяргей Лазніца нарадзіўся ў Баранавічах, выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Свірскі — у Барысаве. Праўда, Лазніца атрымаў адукацыю ў Кіеве, а жыве ў Берліне, а Свірскі скончыў Расійскі ўніверсітэт тэатральнага мастацтва і працуе ў Маскве.
Яшчэ адзін «беларускі след» кінапрэм’еры —
для выхаду на «чырвоную дарожку» здымачная група выбрала саўндтрэкам беларускую песню — гэта «Мой паляўнічы» Касі Камоцкай. з «Народнага альбома».
Кажуць, начальнік «Беларусьфільма» Сільвановіч быў адмовіўся, спрабаваў пратэставаць: маўляў, нацыяналістычны выканаўца. «Не хочаце — не выходзьце», — адказалі яму арганізатары. Тады ён мусіў змірыцца.
Карціна была знята за 28 дзён у Латвіі. Чаму там? Сам Лазніца на сайце фестывалю тлумачыць, што аб'ехаў Беларусь, але не знайшоў натуры. Ландшафты разбураныя, будынкі зыначаныя. А вось у Латгаліі — беларускамоўным рэгіёне Латвіі — ён пабачыў тыя пейзажы, якія шукаў.
Скончылі здымкі ў студзені 2012. Гэта міжнародны кінапраект, у яго вытворчасці ўдзельнічаюць «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Германія), кінакампанія «Джы Пі» (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды), Фонд падтрымкі еўрапейскага кіно EURIMAGES… Правы на сусветныя продажы карціны належаць кампаніі Match Factory. Асноўнае фінансаванне карціны легло на плечы нямецкіх партнёраў. Бюджэт фільма склаў прыкладна 2 млн еўра.
«Сяргей працуе з матэрыялам ад 2002, — кажа сябра Лазніцы, беларускіТут варта ўлічваць, што Сяргей па сваім светаўспрыманні, па менталітэце — зусім не беларус. Ён еўрапейскі рэжысёр. Тое, што Лазніца нарадзіўся ў Баранавічах, не робіць яго беларускім рэжысёрам — ён сам кажа, што ў ім змяшаліся шаснаццаць нацыянальнасцяў.рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк. — Ён сустрэўся ў Германіі з Быкавым, атрымаў асабісты дазвол…
Аповесць Быкава Лазніца ўзяў таму, што яго вабіць экзістэнцыйная драма. Быкаў цікавіць Лазніцу сваёй філасофіяй, вось гэтай сітуацыяй, калі чалавек стаіць перад выбарам, і выбар гэты максімальна цяжкі.
У Быкава заўсёды ёсць матэрыял для кінадрамы, і драмы яскравай. Яшчэ ў папярэднім фільме Сяргея „Шчасце маё“ ёсць абсалютна „быкаўскія“ моманты. Ён тады імкнуўся трапіць у „вайну“, адчуць яе і зразумець.
Я рады, што Лазніца зняў па Быкаву, бо ніхто ў беларускім кіно зараз не працуе з ягонымі ваеннымі творамі, дарэчы, як і з прозай Алеся Адамовіча. А такое кіно магло б стаць мостам вось з гэтай постсавецкай шэрасці.Бо тое, што здымалася нядаўна пра вайну на „Беларусьфільме“, створана са штампаў савецкіх часоў, з той розніцай, што ў савецкія часы, нават пры камуністычнай ідэалогіі, вайну часам паказвалі з талентам.
Быкаў — пісьменнік кінематаграфічны, да яго, у прынцыпе, увесь час нехта звяртаецца. У Расіі ў апошнія гады былі экранізаваныя некаторыя творы Быкава —„Пайсці і не вярнуцца“, „Бліндаж“, — і іх у Беларусі пакуль ніхто не бачыў.
Для нас, беларусаў, асноўная каштоўнасць, што „У тумане“ Лазніцы — фільм па Быкаву,і дзякуючы Лазніцу пра Беларусь будзе ўзгадана ў Канах. Але гэта фільм — нямецкі, таму што асноўнае фінансаванне там — нямецкае, праўда, там ёсць і беларуская фінансавая „частачка“ — 5–6%. І гэта добра. Хоць так».
Каментары