Супрацоўнік мясцовага аддзела КДБ Сілкоў пісьмова папярэдзіў Галіну Смірнову пра недапушчальнасць дзеянняў, якія могуць прывесці яе да крымінальнай адказнасці.
30 жніўня актывістка апазіцыі і член незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Галіна Смірнова была выклікана позвай на гутарку ў мясцовы аддзел КДБ.
Як паведаміла Смірнова, яе папярэдзілі пра недапушчальнасць дзеянняў, што могуць прывесці да парушэння арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).«Сілкоў сказаў, што ў мяне шмат дзеянняў, якія трапляюць пад гэты артыкул, і мяне могуць прыцягнуць паводле гэтага артыкула. Пачаў мне нагадваць маўклівыя акцыі, Народны сход, за які я ўжо адбыла незаконнае пакаранне», — адзначыла Смірнова.
Паводле яе слоў, у гутарцы, што доўжылася дзве з паловай гадзіны, Сілкоў успамінаў нават тыя акцыі ў Бабруйску, у якіх актывістка не ўдзельнічала. «У выніку загадзя падрыхтаваны пратакол перарабляў два разы», — сказала яна.
Смірнова не адказала на многія пытанні, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі, згодна з якім ніхто не павінен прымушацца да давання паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе. «Размаўлялі пра Беларусь.Ён пытаўся, чаго мы хочам. Я тлумачыла: мы хочам, каб нашы дзеці жылі ў свабоднай краіне, каб не баяліся адстойваць свой пункт гледжання, каб улада да іх прыслухоўвалася. Я сказала, што яны саджаюць людзей у турму толькі за тое, што ў гэтых людзей іншае меркаванне», — заявіла Смірнова.
Яна мае намер пракансультавацца з юрыстамі на прадмет абскарджання ў пракуратуры дзеянняў супрацоўніка КДБ. На яе думку, Сілкоў, займаючыся запалохваннем палітычнай актывісткі напярэдадні выбараў, выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі, выносячы ёй папярэджанне такога кшталту.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары