Архіў

Павал Севярынец. Прыгоды Маладога Фронту 2 лютага (Дзень Мовы)

№ 03 (124) 1999 г.


ПРЫГОДЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ 2 ЛЮТАГА

Маладафронтаўцы працягваюць падтрымліваць акцыю “Нашай Нівы”.

2 лютага менская школьніца Ульляна Вішнеўская трапіла ў кашмарную сытуацыю: у Дзень без чужога слова быць выкліканым да дошкі на занятках расейскай мовы! Калі Ульляна пачала адказваць па-беларуску, русіцу ледзь не схапіла кандрашка. Ульляну Вішнеўскую выставілі за дзьверы.

Малады рок-музыка Хведар Жывалеўскі стараўся ў наш Дзень размаўляць ня толькі адно па-беларуску, але й гаварыць як мага больш. За гэта на прыпынках, у аўтобусах і тралейбусах Хведар штораз атрымліваў па пятнаццаць-дваццаць параў недаўменных вачэй і некалькі цёплых, задаволеных усьмешак. Круглых вачэй усё-такі было значна больш — таму Хведар будзе працягваць сьвяткаваньне 2-га дня штомесяц да поўнае перамогі.

Мара Куніна, што вядзе Клюб гісторыі славянскіх народаў, якую два тыдні таму міліцыянт на станцыі мэтро “Плошча Перамогі” з словамі “Ты еще поговори у меня по-белорусски!” ударыў па твары, — дык вось, гэтая самая Мара 2 лютага зайшла ў краму “Прырода”, каб набыць пацучка. Расейскамоўная прадаўшчыца адмовілася яе разумець. “Мне пацучка!” — настойвала Мара. Тады прадаўшчыца выклікала міліцыю.

Паразумецца з гэтым міліцыянтам аказалася значна лягчэй: у адрозьненьне ад мэтроўскага, ён не забыўся роднае мовы й ня выклікаў варанок, а проста патлумачыў жанчыне за прылаўкам, чаго хоча Мара.

Але пацучок усё ж Мары не спадабаўся. Можа, у наступны раз — напрыклад, 2 сакавіка, будзе лепшы?

На пікеце, у якім маладафронтаўцы стаялі каля Камароўкі 2 лютага з плякатам “Дзень без чужога слова”, на 17-гадовага Зьмітра Касьпяровіча насядала пара пэнсіянэрак з торбамі: “И не стыдно вам вот с этим стоять!..” “Невозможно смотреть! — зьвярталіся бабулькі да міліцэйскага патруля. — Уберите это отсюда!” “Вось станьце побач зь імі, — адказаў міліцыянт, — і самі напішыце на плякаціку, што ў вас баліць.” Ужо які раз на Дні без чужога слова нашымі паплечнікамі аказваюцца простыя беларускія хлопцы ў плямістай форме. Што ж, беларуская мова ў камуфляжы — гэта зусім не экзотыка. Камуфляж — гэткая ж звычайная абгортка для яе, як і пацёрты пінжак патомнага пісьменьніка, вышыванка местачковай фальклярысткі ці рваныя джынсы менскага нефармала 90-х.

Знакаміты “кубачак гарбаты” хутка стане такой жа шпілёвай праверкай на вашывасьць, як і памятная “рыдлёўка” канца 80-х. Стандарт-легендай адраджэнцкага фальклёру, ва ўсялякім разе. Ужо й зараз ці ня ў кожнага з нас ёсьць што ўспомніць наконт гэтае самае “гарбаты”. 2 лютага Раман Ясеў зайшоў у буфэт свайго каледжу, каб купіць булачку з гарбатай.

— Булачку і што?!

— І гарбату.

Раман атрымаў і булачку, і гарбату, а пасьля яго ўся група, што стаяла ў чарзе, адзін за адным, пачала зь вясёлай аднадушнасьцю патрабаваць “гарбату”. Пад канец перамены прадаўшчыца, мабыць, была ўжо стопрацэнтова ўпэўненая, што “нашы ў горадзе” і Пазьняк вярнуўся.

Ехаў я з Гомеля ў тыповым вагоне “Беларускае чыгункі”, і ўвечары ветліва папрасіў гарбаты. Ну, думаю, ужо ж пісьменьнік і бард Зьміцер Бартосік павінны быў у сваім элегантным стылі перавыхаваць гомельскіх праваднічак, ці, прынамсі, прывучыць іх не шарахацца ад роднага слова. Але паўтарыўшы, чаго я хачу, у круглых, бы студні, бяздонна спуджаных вачох белабрысае кабеціны я ня ўбачыў ня тое што намёку на якогась там Бартосіка, але й найменшага пробліску. Дзень прынцыповы, падбадзёрыў я сябе і вырашыў стаяць насьмерць.

— КАВО?

— Напой такі ёсьць: цэйлёнскі, індыйскі...

— Эта чяй, — хуценька папярэдзіла мая суседка па купэ.

— Чай ёсьць, а прычом тут “гарбата”? — зубаста адрэзала правадніца.

— Так па-беларуску, — уставіў я.

— Не знаю, не знаю, — разьвярнулася да мяне ўсім корпусам суседка, — мы такого не учили. И чяй всегда был “чяй”, и откуда “гарбату” придумали?..

— Адкуль і “Гербалайф” — з лаціны! — кароткімі чэргамі адстрэльваўся я.

— Мы так не говорили! — настойвала дама.

— НЕТУ ГОРБАТЫ, — раптам сваім бяздонным позіркам спыніла мяне правадніца.

— Не прынясеце гарбаты — сарву стоп-кран, — я злосна перасеў на “аварыйную” бакавушку й намёртва схапіўся за чырвоны рычаг.

Усё адбылося так хутка, нечакана й наперабой, што два суседнія купэ разам выбухнулі здаровым раскацістым рогатам. Гістэрычна залівалася нават суседка, якаталі дзеці на верхніх паліцах, а паўвагона высунулі галовы паглядзець, што робіцца. О, гэта была цэлая акцыя!

Скончылася тым, што гарбаты правадніца мне ўсё-такі прынесла. Пры тым павучальна цокнула перада мной мэталёвым кубкам, бліснула вачыма:

— Это — чай.

— Гэта гарбата, — буркнуў я ёй у сьпіну.

Напэўна, ты зрабіў няправільна, думаў я, прысёрбваючы жэжанькае. Нуль эфэкту, дасадліва папракаў я сябе, уладкоўваючыся на сваёй паліцы — і дзеля чаго толькі расьпінаўся? Толькі дзеля прынцыпу?

Я ўсё варочаўся ў паўдрымотным непакоі пад неразборлівы шэпт спадарожнікаў. “Быць арыстакратычнымі й стрыманымі яны шчэ навучацца. Галоўнае, што прынцыпы ў іх ёсьць, стрыжань”. У суседнім купэ сьцішана размаўлялі пра беларускую мову й беларускую моладзь.

Усё-такі нездарма, падумаў я і ўтульна падаткнуў коўдру.

Павал Севярынец


Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

У Тбілісі знясуць архітэктурны аб'ект, які павінен быў стаць адным з сімвалаў горада16

Wildberries пасля ўкраінскіх атак выдаліў раздзел «Усё для СВА»4

На Гродзеншчыне вайсковыя камісары адправіліся вучыць сялян збіраць ураджай12

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні8

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе6

Пад Віцебскам спынілі кіроўцу, які ляцеў з хуткасцю 172 км/г3

На Слонімшчыне школьнікі знайшлі 500 артэфактаў і манету XVII стагоддзя

«Намагаўся патлумачыць, што 30 літраў — мала». Беларускі айцішнік праехаўся па Расіі і падзяліўся ўражаннямі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць