Архіў

Валерка Булгакаў. Палітычная дзейнасьць як форма калектыўнага трызьненьня беларусаў. СЛОЎНІК ПАНЯЦЬЦЯЎ

№ 10 (131) 1999 г.


 СЛОЎНІК ПАНЯЦЬЦЯЎ

6. Палітычная дзейнасьць як форма калектыўнага трызьненьня беларусаў.

 

Наша грамадзтва сур’ёзна хворае — вось ужо дзесяць апошніх гадоў заўзята сьцьвярджаюць сур’ёзныя беларускія журналісты і палітолягі. І, каб іх сьцьвярджэньне не было галаслоўным, прыводзяць шматлікія бясспрэчныя факты і выкладкі, а каб своечасова прадухіліць пераход сацыяльных хваробаў у сацыяльныя паталёгіі, прапануюць правераныя часам рэцэпты, што валодаюць вялікай гаючай сілай. Лепшыя народныя пісьменьнікі на лёце падхопліваюць гэтую простую і прывабную думку, дадумваючы яе да лягічнага канца: наш народ на краі згубы, ён штохвіліны можа ўваліцца ў бездань нацыянальнага вырачэньня.

Задамося пытаньнем, які стан навязьліва перасьледуе хворага перад сконам — так, правільна, гэта стан трызьненьня.

Гучныя выкрываньні і шумныя скандалы, неспадзяваныя пераходы з адной мовы на іншую, добра сплянаваныя ўцёкі ў трэцюю краіну праз другую і закулісная валтузьня, гонкі на «Мэрсэдэсах» і таямнічыя зьнікненьні людзей, засады і перастрэлкі на дарогах, павальныя хапуны і арышты, асаблівая асьцярожнасьць і сакрэтнасьць, масавыя правакацыі з боку ўладаў і фатальныя памылкі апазыцыі, вывешваньне нацыянальных сьцягоў на комінах і раскідваньне ўлётак па галоўных магістралях сталіцы, выключэньне з ВНУ і звальненьне з працы, спроба наладзіць альтэрнатыўную сетку радыёвяшчаньня і пошукі альтэрнатыўных крыніцаў фінансаваньня, катаваньні і галадоўкі, самаспаленьні і нявінныя ахвяры, кроў маладых і сьлёзы адчаю старых, інфармацыйныя войны і лякальныя перамогі, разгон маніфэстацыяў і абвостранае пачуцьцё нацыянальнай годнасьці, маўклівыя здрады і нечаканыя азарэньні, капітуляцыя прадажнікаў і зацятасьць падзьвіжнікаў, непадкупнасьць і сьвятасьць сапраўдных правадыроў і апатыя масаў, вымушаная эміграцыя і адданасьць радзіме — з хуткасьцю ветру праносяцца перада мной падзеі, пераважна пазбаўленыя прычынна-выніковай сувязі, матываваныя хваравітымі амбіцыямі і афэктамі. Іх ініцыятары і выканаўцы дзейнічаюць хапатліва, сутаргава, похапкам — бо часу засталося няшмат, і да таго ж адсутнічае прастора для манэўру — каведны праціўнік ужо перарэзаў асноўныя жыцьцёва важныя камунікацыі. Іх твары папераменна выражаюць рашучасьць і разгубленасьць. Яны гатовыя на ўсё, робяць стаўку на жалезную дысцыпліну і напружана, нахмурыўшы бровы, чакаюць таго моманту, калі будуць запатрабаваныя.

Варта было адно расплюшчыць вочы, і ўсё гэта зьнікла, як смуга ў першы веснавы дзень, бо ўсё па-ранейшаму заставалася на сваіх мясцох. Магчыма, гэта толькі гульня майго ўяўленьня?

Беларуская палітыка выяўляе калектыўнае падсьвядомае нашага грамадзтва. Зусім інакш справа стаіць зь беларускай літаратурай. У ёй збольшага дагэтуль пануе цішыня і спакой, унутраная раўнавага — Маша заварвала каву, а Міша ў гэты час разьліваў шампанскае, праз гадзіну Маша прасавала штаны, а Міша зьбіраўся на рыбалку. Але падобная злагада ўяўная, гэта, на добры лад, ня што іншае як спроба наўмысна ўнікнуць сапраўднасьці зь яе ірацыянальнымі страхамі, амаральнымі ўчынкамі і навязьлівымі ідэямі, хаатычнымі рухамі і экзыстэнцыйнымі непакоямі, штодзённымі канвульсіямі, слабасьцямі і расчараваньнямі, гэта sui generis валтузьня ў беспаветранай прасторы, бясконца далёкай ад жывой плоці жыцьця.

Ну, а пакуль беларускі раман пішуць палітыкі.

Валерка Булгакаў


Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»44

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Усе навіны →
Усе навіны

«Шатл-бас спачатку спыніўся, а потым пачаў павольна каціцца назад». Беларус, які стаў відавочцам аварыі ў Тайландзе, расказаў падрабязнасці

У Партугаліі адмяняюць абарону для беларусаў, якія выехалі з Украіны падчас вайны10

«Выклікайце санітараў!» У Слуцку пенсіянеркі апантана ваююць з дзіцячай пляцоўкай17

Літва можа цалкам спыніць перавозкі беларускіх грузаў чыгункаю20

Рутэ: Краіны НАТА ўжо апярэджваюць Расію не толькі ў якасці боепрыпасаў, але і ў колькасці6

У Гродне каларытнага вулічнага музыку папрасілі пакінуць цэнтр горада. А разам з ім і іншых рамеснікаў13

У Мінску больш не дадуць зямлі пад будаўніцтва прыватнікам4

У кастрычніку самы дарагі дом у Беларусі купілі ў закрытым пасёлку каля Мінскага мора2

«Фуры расцягнуліся на кіламетры. Стаяць уздоўж дарогі — проста, бокам. Стаяць у полі». Відавочца расказаў пра сітуацыю перад «Каменным Логам»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»44

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць