Архіў

Вольга Караткевіч. Цана ўсёдазволенасьці

№ 11 (132) 1999 г.


Знакам тым

Цана ўсёдазволенасьці

Пра трагедыю я даведалася ўвечары 30-га траўня... Затэлефанавалі са Швэцыі. Шакаваныя скандынавы, якія нядаўна перажылі жахлівае здарэньне ў Гётэборгу, калі пад час выбуху на дыскатэцы загінулі дзясяткі маладых людзей, задавалі адно пытаньне: ці праўда, што жывыя йшлі па жывых, зьнявечаных і мёртвых? На наступны дзень сябры з усяго сьвету спачувалі і задавалі ўжо два пытаньні: ці праўда, што маладым раздавалі піва і як гэта няма вінаватых? Праз больш як тыдзень трэба даваць камэнтары — чаму ня ўзбуджаная крымінальная справа па факце здарэньня 30-га траўня ў пераходзе станцыі мэтро "Няміга", і генпракурор Бажэлка дакладае Лукашэнку аб хадзе рассьледаваньня, чаму ўтвораная адмысловая камісія ня выканала заданьня падрыхтаваць справаздачу прэзыдэнту да 10-га чэрвеня, а Аляксандар Лукашэнка таго ж 10-га гаворыць, што няма вінаватых...

Бываюць сытуацыі, калі хочаш і можаш адно маўчаць. Гаварыць пра гэта прымусілі два факты. Першы: 31-га траўня ў невялікай хлебна-кандытарскай менскай краме было ўключанае радыё "Альфа". Прадавачка гаркнула на чаргу: "Цішэй". І паклікала супрадавачак — ідзеце, слухайце... Быў ужо, відаць, 5-ты выпуск навінаў пра ахвяры на Нямізе, з усё той жа інфармацыяй. Прадавачка выглядала задаволена — яна працягвала быць правайдэрам гэтай інфармацыі... І другі факт. У пераходзе станцыі мэтро "Кастрычніцкая" ў той ціхі панядзелак — 31-га траўня — некалькі маладых хлопцаў гульліва папіхвалі адзін другога. І мяне за кампанію. Я зрабіла заўвагу, а яны проста пажартавалі: "Ну, трэба ж да круглай лічбы..."

Мне ня хочацца верыць, што ў пераходзе на станцыі мэтро "Няміга" 30-га траўня пад час трагедыі пасьля воклічаў, што паміраюць людзі, іншыя, тыя, хто стаяў мінімальна камфортна, пілі піва. Мне ня хочацца верыць, што кіроўцы, якіх спынялі і прасілі адвезьці напаўпрытомных дзяцей у шпіталі, адмаўляліся і аргумэнтавалі, што, маўляў, забрудзяцца сядзеньні. Мне ня хочацца верыць у тое, што можна пераканаць грамадзтва ў тым, што няма вінаватых. Мы, журналісты, так і не дазналіся пра тое, ці быў плянаваны рэглямэнт паводзінаў органаў правапарадку на мерапрыемстве 30-га траўня. Мы, людзі, так і не зразумелі, што рухала натоўпам... Бо нас там не было. Ацэньваць праз дадумваньне ці аналіз — цынічна набіраць дробныя ўласныя дывідэнды. Каб толькі ня чуць ад маладых хлопцаў пра "круглую лічбу"...

Аднак The Show Must Go On. Як жа йнакш трымаць народную ўвагу? Віктар Ілюхін заклапаціўся пра Гарадзенскую вобласьць Рэспублікі Беларусь і лёс беларускага прэзыдэнта. Маўляў, у дзеяча расейскіх камуністаў ёсьць зьвесткі пра рыхтаваную правакацыю ў гэтым рэгіёне супраць ППРБ і ягонай нацыянальнай палітыкі. Апошні, наведваючы прадпрыемствы міністэрства сувязі, падхапіў і зазначыў, што розныя спэцслужбы сяброўскіх краінаў пра пляны НАТО даносяць, але ж Беларусь — не Югаславія. І зь Беларусяй так размаўляць, як зь Югаславіяй, нікому дазволена ня будзе. Чарговая "кузькіна маць" падрыхтаваная. Сродкі СПА кантралююць усю тэрыторыю краіны. А калі Мілошавіча будуць крыўдзіць і надалей, дамо яму палітычны прытулак. Так гаварыў прэзыдэнт. А я ўзгадваю словы свайго прыяцеля з апазыцыйнага Мілошавічу бялградзкага радыё Б92, якое Мілошавіч неаднаразова закрываў. Мой прыяцель прызнаваўся: "Не хацелася б жыць у краіне, падобнай да Югаславіі. Як ваша, напрыклад..."

Аляксандар Лукашэнка не пакідае шанцаў сваім апанэнтам хоць неяк перахапіць ініцыятыву. Балканы? "Прайгралі мы ўсе, — гаворыць прэзыдэнт. — Яшчэ гэта пабачым". Круглы стол у Бухарэсьце? Паважаем АБСЭ. Але на тэрыторыі Беларусі. 20-га ліпеня? Калі ласка, "Славянскі базар". Верасень? Выбары? Няма часу — усе на Шклоўшчыну, на "Дажынкі".

Інфляцыя рацыяналнага і градацыя ўладаненажэрства спарадзілі татальную ўсёдазволенасьць. Кошт гэтай усёдазволенасьці — мазаіка гульбішчаў і сьлёзаў, безагаворачнае апраўданьне свайго бязглуздага існаваньня, разбураны імідж краіны, узгадаваны новы "суаўтар эпохі" — беларус-чалавек-спажывец, які стравуе аднолькава хутка трагедыі, паразы, ганьбу, дробненькі посьпех, каханьні, не адрозьніваючы атруты ад бальзаму.

Вольга Караткевіч

 

Каментары

Цяпер чытаюць

Статкевіч пра «Ноч музеяў» у Мінску: Мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не саксафаністу, а нам з жонкай8

Статкевіч пра «Ноч музеяў» у Мінску: Мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не саксафаністу, а нам з жонкай

Усе навіны →
Усе навіны

У Светлагорскім раёне тры чалавекі загінулі пасля сутыкнення легкавіка з бензавозам

Памёр футбольны калекцыянер, які апранаў моладзь у майкі з Лукашэнкам1

У Гомелі мужчына напаў з нажом на двух чалавек. Яго затрымалі вайскоўцы1

Нямецкі фермер выразаў на кукурузным полі Пуціна і Трампа7

У Мінску спынілі дзейнасць фінансавай піраміды, якая існавала чатыры гады4

Вядучы польскі разведчык пра беларускі КДБ, Івана Церцеля і дыялог з Мінскам9

У Беларусі ўжо +37°C1

Ціханоўская не змагла адкрыць рахунак у польскім банку50

Зяленскі: Тэмпы перадачы Украіне ракет да Patriot сёлета скараціліся ў тры разы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Статкевіч пра «Ноч музеяў» у Мінску: Мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не саксафаністу, а нам з жонкай8

Статкевіч пра «Ноч музеяў» у Мінску: Мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не саксафаністу, а нам з жонкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць