Архіў

БІБЛІЯТЭКА

№ 32 (189), 7 — 14 жніўня 2000 г.


 БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Бюлетэнь Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі. №3, чэрвень 2000. — Менск, 2000. — 16 с. — Наклад 299 ас.

Зьмешчаныя дакумэнты й матар’ялы з працы беларускага «трэцяга сэктару» за канец вясны — пачатак лета. Гэтта знойдзеце дадатковую інфармацыю пра плянаваную дзейнасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў на найбліжшы час.

Ю.Весялкоўскі. Каляды на чужыне. — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 1999. — 136 с. — Наклад 500 ас.

Кніга зьмяшчае паэтычныя творы беларускага паэта зь Вялікае Брытаніі Юрага Весялкоўскага.

Т.Доўнар. Разьвіцьцё асноўных інстытутаў грамадзянскага й крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст. — Менск: Прапілеі, 2000. — 224 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6329-30-2

У манаграфіі дасьледуецца працэс станаўленьня й разьвіцьця агульназемскага, грамадзянскага й крымінальнага права Беларусі XV—XVI ст., бярэцца ўвага на эвалюцыю асноўных інстытутаў грамадзянскага права таго часу. Адзін з рэцэнзэнтаў кнігі — вядомы дасьледнік беларускай юрыспрудэнцыі сярэднявечча прафэсар Язэп Юхо.

З.Бядуля. Салавей: Аповесьць, апавяданьні: Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку / Мастак В.Кліменка. — Менск: Юнацтва, 2000. — 222 с., іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0358-0

Славутая Бядулева аповесьць «Салавей», а гэтаксама некаторыя апавяданьні, што ўлучаныя ў гэтую кнігу, асобным выданьнем апошняга разу выходзілі ажно ў 1969 годзе.

Х.Ільляшэвіч. Творы / Рыхтаваньне тэкстаў і ўкладаньне М.Казлоўскага; Прадмова А.Ліса. — Маладэчна, 2000. — 62 с. — Наклад 299 ас.

Зборнік твораў таленавітага заходнебеларускага паэта, гісторыка й грамадзкага дзеяча Хведара Ільляшэвіча.

С.Букчин. Белорусская трагедия. 1986—1999. Страна и народ в зеркале публицистики. — Варшава, 2000. — 630 с. ISBN 83-913369-0-5

В.Голубович. Экономическая история Беларуси: Учебно-практическое пособие. — Менск: БДЭУ, 1999. — 130 с. — Наклад 3000 ас. ISBN 885-426-191-3

Кніга падае асноўныя моманты эканамічнага жыцьця Беларусі ад старажытнасьці да нашых дзён. Яна складзеная адмыслова для навучаньня й лепшага засваеньня матар’ялу.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


 

Дыскаграфія

 

«ВЕЧЕРНЯЯ САМБА». Дуэт «Алегриас». «Ковчег», 2000.

Малавядомы шырокай публіцы інструмэнтальны гітарны дуэт у складзе Сяргея Анцішына ды Аляксандра Церахава выдаў альбом, які варты ўвагі ня толькі аматараў гітарнай ці шырэй -- інструмэнтальнай музыкі. Падстава для такога меркаваньня -- ня проста высокі прафэсійны ўзровень выкананьня, але й цікавы, разнаплянавы рэпэртуар, які складаецца з клясычных і папулярных тэм, а таксама і з аўтарскіх (С.Анцішына) твораў.

Удзельнікі дуэта — вельмі дасьведчаныя музыкі, хоць зь іх, безумоўна, лепш ведаюць Сяргея Анцішына, унівэрсальнага завадоўца, саліста Дзяржаўнага канцэртнага аркестру. Сяргей знаёмы з Аляксандрам даўно, сам дуэт налічвае ўжо колькі гадоў, але выступае дастаткова рэдка і для даволі спэцыфічнай публікі — аматараў гітары. І хоць падобных гітарных дуэтаў хапае, бадай, у кожнай з разьвітых краінаў сьвету, для Беларусі такі ансамбаль — рэдкасьць. І вось чаму.

Тэхналёгія, так бы мовіць, выкананьня апошнім часам не выклікае дыскусіяў: вывучка прафэсійных гітарыстаў сёньня заснаваная ня столькі на прыродным таленце, колькі на наяўнасьці шматлікіх добрых школаў, мэтадычных распрацовак. Гэта дазваляе, бадай, кожнаму, нават ня вельмі адоранаму музыку, карыстаючыся з падказак, зь цягам часу і пры ўмове добрай упартасьці дасягнуць цалкам прыстойнага ўзроўню. Тады вось на парадак дня выходзіць пытаньне: што выконваць? І часта здараецца, што менавіта прадуманы рэпэртуар пры ўсіх іншых прыкладна аднолькавых паказчыках надае музыкам своеасаблівасьць мастакоўскага вобразу, адметнасьць і, што зусім ня лішняе, — папулярнасьць. Дуэт «Алегриас» у гэтым сэнсе — не вынятак, хоць пра шырокую ягоную папулярнасьць гаварыць, безумоўна, заўчасна.

Сем п’есаў складаюць праграму альбому. З клясычных пазыцыяў найбольш фантазійна ўвасоблена, на маю думку, вельмі ўжо зайграная, а таму — няпростая для інтэрпрэтацыі тэма «Take Five» Пола Дэзманда. Тут менчукі далі сапраўднага чаду! Нестандартна, з выдумкаю, вельмі цікава разьмеркаваўшы партыі абедзьвюх гітар, Анцішын ды Церахаў дамагліся таго, што менавіта гэтая п’еса і запамінаецца найперш. Дый «Caravan» Хуана Цізола паказвае, што ўдзельнікі дуэту ня толькі выканаўцы, але й спраўныя інтэрпрэтатары-кампазытары.

З папулярнага рэпэртуару ўзятыя п’есы «Casino» («Acustic Alchemy»), «Blue West» (Эл Дзі Мэола). У параўнаньні з выкананьнем джазавых мэлёдыяў тут музыкам было цяжэй: арыгінальныя вэрсіі замежных гітарыстаў пакідаюць менш прасторы для фантазіі. І тым ня менш «Алегриас» здолеў ня проста выканаць, а па-свойму ўвасобіць гэтую музыку.

Урэшце, Сяргей Анцішын прапанаваў дзьве ўласныя п’есы: «Вечаровая самба» і «Цыганская рапсодыя». Музычная ідэя твораў, здавалася б, вельмі адназначна заяўленая ўжо ў назвах, і таму загадзя знаёмыя рытмічныя асновы маглі быць падмацаваныя адно больш-менш традыцыйнымі мэлядычнымі хадамі. Ажно не! Анцішын паказаўся як вынаходлівы аўтар, які здолеў наталіць традыцыйную рытміку арыгінальнай мэлёдыкай. «Вечаровая самба» — гэта наогул, як кажуць, цалкам рэпэртуарны твор, які пэўна атрымае годнае сцэнічнае жыцьцё.

Адным словам, зьнешне ня вельмі яскравая, затое надзвычай зьмястоўная работа менскага гітарнага дуэту, за якую ня будзе сорамна на любым фэстывалі самага высокага сусьветнага ўзроўню. Беларусы — могуць!

Мажорны Слухач

 

«НЕ СМОТРЯ НИ НА ЧТО». Аляксей А.Шадзько і група «Сестра». «Бульба-Рэкардз», 2000.

Чарговы альбом найбольш адметнага расейскамоўнага аўтара і выканаўцы ў Беларусі — і чарговая нагода для прыемнага зьдзіўленьня. Перш-наперш дзівісься таму, як Аляксей Шадзько здольны пераўвасабляцца ў кожнай новай праграме. І няхай усе ягоныя ранейшыя альбомы загадкавым чынам «праляталі» паўз намінацыю «Альбом году» на «Рок-каранацыях», цяпер яны — такі важкі здабытак сучаснай беларускай рок-музыкі, такія ўзорныя пазыцыі, што не заўважаць іх проста немагчыма. Упэўнены, што і гэты альбом традыцыйна будзе разглядацца сярод намінантаў на гадавую прэмію і… традыцыйна, нягледзячы ні на што, яе не атрымае. Аляксей наўрад ці ўжо зьдзівіцца. Ужо хоць бы таму, што ягоная работа гаворыць за сябе найлепш, чым за яе — экспэрты. Тым больш, што назва яе — з намёкам, бо зьмешчаная на вокладцы ў двух варыянтах: словы «не смотря» ў розных месцах напісаныя разам і паасобку. Так што, экспэрты, разумейце, як хочаце.

Выдатна аформлены альбом (знакаміты дуэт У.Цесьлер — С.Войчанка) запісаны з ініцыятывы маладой беларускай фірмы «Бульба-Рэкардз» разам з групай «Сестра» і зьмяшчае шэраг вельмі ўдалых песень. Яны вытрыманыя збольшага ў звыклай для Шадзько манеры: зь мяккім, інтэлігентным такім гучаньнем інструмэнтаў, пазначаныя цікавымі, небанальнымі мэлядычнымі зваротамі і, як заўсёды, адметнымі тэкстамі і майстэрскімі аранжацыямі. І калі, напрыклад, загалоўная песьня ўзыходзіць па настрою ды стылістыцы да часоў альбому «Бэмс», дык «Эй, зямля!» была б дарэчы на найбольш жорсткім з усіх альбомаў Аляксея «Маё!».

Тым ня менш, альбом гэты, як і ўсе папярэднія, прымушае згадваць слынную казку пра Маленькага Прынца: яго неабходна «прыручыць»! Інакш кажучы, у яго трэба «ўехаць». Прадбачу, дарэчы, што ўціснуцца ў няпростую браму вобразаў Аляксея здолеюць далёка ня ўсе зь ліку нават тых, хто мае дастатковы стаж музычнае практыкі. Сьвет музыкі і паэтыкі Аляксея Шадзько не такі просты, а ў дачыненьні да рок-музыкі, дзе залішне насычаны тэкст часам проста замінае ўспрыманьню цэлага, можа наогул быць непераадольнай перашкодаю. І нават для тых, хто, здаецца, прывык да творчай манеры Шадзько, кожная новая ягоная работа зьяўляецца нечым накшталт рэбусу. Спачатку — непаразуменьне: як жа яго разгадаць? Потым, калі рашэньне адбылося, цябе ахоплівае адчуваньне асалоды. Так што тым, хто ня здолеў дабрацца да разгадкі, і гэтая праграма музыканта можа не спадабацца. Раю тады пераключыцца на Андрэя Губіна.

Адчуваецца, што тут запісаныя песьні розных гадоў нараджэньня. Напрыклад, «Матрос» — твор яўна стары, гэткая заяўка на кабацкі шлягер, які будзе замаўляцца марскім ваўком пасьля вяртаньня з чарговага рэйсу пад гарачае ў рэстарацыі. Няхай, абы аўтарскія капалі! Песьня, зрэшты, неабавязковая ў гэтай праграме, хоць, безумоўна, застаецца ў памяці: гэткае гумовае стварэньне, на якое можна зьліць увесь крытычны запал. Лепшыя ж нумары альбому — «Не пра тое», «Я побач, я недалёка», «Я заплюшчваю вочы», «Я ішоў па чорным небе». Ня варта, дарэчы, зьвяртаць залішнюю ўвагу на шматлікія «я» Шадзько: цалкам магчыма, што ягоная музыка й выйграе найперш з-за таго, што наскрозь індывідуальная, асобасная. Яна па-сапраўднаму мастакоўская, штучная (у сэньсе «разавая»), інтымнасьць выказваньня ў ёй сягае непадробнай шчырасьці, што ня ўсімі ўспрымаецца на фоне сублімаваных пачуцьцяў папсы.

«Калёсікі» — безумоўная ўдача Аляксея. Песьня таксама ня надта новая, ня шлягер, але, як кажуць, квінтэсэнцыя ягонай творчай натуры. І калі казаць пра адметнасьць альбому ў цэлым, пазначу найперш ягоную зьнешнюю някідкасьць. Ён не такі інтымна-аголены, як «Я буду чакаць», не такі выбуховы і прамы, як «Маё!». Майстэрская па гучаньні і ўвасабленьні праграма лішні раз падкрэсьліла не абы які талент Аляксея А.Шадзько, які, заўважу, апошнім часам з гарантыяй швэйцарскага гадзіньніка выдае штогод новы альбом.

Нягледзячы ні на што. А ўжо за адно гэта ў Беларусі варта было б які рок-ордэн прызначаць.

Задаволены Слухач


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА25

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

П'яны васьмікласнік у Гомелі ў гандлёвым цэнтры біў нагамі супрацоўнікаў міліцыі11

Аўтамабіль пад Мінскам сутыкнуўся адразу з трыма ласямі1

Ад заўтра зноў пачне халадаць2

Каля Сбер банка ў Мінску адкрываюць помнік качцы

На канферэнцыі Reshape 2025 абурыліся «тысячамі канферэнцый», абвінавацілі Ціханоўскую ў дыктатуры і ацанілі вынікі 5 гадоў у эміграцыі28

«Тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай»18

Жанчына злавіла на Прыпяці гіганцкага таўсталобіка. Яго вага — каля 60 кг2

Дзяўчынцы з Польшчы, ахвяраваць грошы якой заклікаў беларус, сабралі патрэбную суму1

Пяць фактаў пра новага прэс-сакратара МЗС, які хамаватасцю косіць пад Марыю Захараву10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА25

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць