Стомленасьць Парыжам
Сямейны бэнэфіс маэстра Анісімава адкрыў сэзон у Менскай філярмоніі
Апошнім часам музычны голад у краіне набыў аж такія памеры, што БТ здабылася на дэманстрацыю «Травіяты» з фальшываю шыльдаю La Scala. У сапраўднасьці ж гэта быў зусім не найлепшай якасьці фільм, які мінулым летам прайшоў ледзь не на ўсіх спадарожнікавых тэлеканалах, а цяпер дабрыў і да нашых палясьцінаў. Тут яго шчодра прыправілі рэклямаю жуйкі (ізноў мы апярэдзілі камэрцыялізаваны Захад, які яшчэ не дадумаўся перапыняць плынь опэрнай музыкі рэклямнымі ўстаўкамі!) і пераклалі тытры з замежнай мовы на замежную (яны ішлі па-расейску).
Зроблена гэта было цалкам у стылі БТ: аксамітны барытон зь непаўторнымі інтанацыямі Ўладзімера Шаліхіна чытаў прозьвішчы выканаўцаў, надрукаваныя на экране лацінкаю. Чытаў з зайздроснаю, але дарэмнаю пэўнасьцю — відаць, спэцыяльна для нуварышаў, якія не разумеюць ані чужаземнага spelling’у, ані гатычнага шрыфту. Ну, адкуль было ведаць звычайнаму тэледыктару, што адзін з найславуцейшых сучасных тэнараў, сэксапільны прыгажун Хасэ Кура (ён выконваў у фільме ролю Альфрэда) па нацыянальнасьці гішпанец, а не француз, і, значыць, завуць яго Хасэ, а не Жазэ? І што прозьвішча дырыжора — Мэта, а ня Мэйра (пры тым, што кожны аматар памятае, як Зубін Мэта дырыгаваў сэнсацыйнымі тэлевізійнымі канцэртамі «трох тэнараў»!) БТ ізноў даказала сваю непрафэсійнасьць, а ў дадатак безнадзейна сапсавала пару кавалкаў цудоўнае вэрдыеўскай музыкі.
Зрэшты, дармоваму каню ў зубы не глядзяць. Пачаставала Эўропа «Травіятаю» — і дзякуй. Праўда, напярэдадні філярманічнага сэзону Эўропа сама да нас завітала зноў, гэтым разам у асобе галоўнага дырыжора Беларускай Опэры Аляксандра Анісімава.
Вы запытаецеся, прычым тут Эўропа, калі Анісімаў нарадзіўся ў Маскве, вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, працуе ў Менску, а ганаровы тытул заслужанага дзеяча мастацтваў Расеі атрымаў у Пермскай опэры, падчас вымушанага чатырохгадовага антракту ў сваёй беларускай кар’еры? Усё гэта так, але ёсьць у біяграфіі маэстра й іншыя цікавыя падрабязнасьці. У 1991 годзе Анісімаў сам — без тэатру! — гастралюе ў Нідэрляндах. У 1992-м на асабістае запрашэньне італьянскай пяюльлі Каці Рычарэлі (тады яшчэ нестарой і з рэшткамі былога голасу) кіруе ейным опэрным фэстывалем на арэндаваным для нагоды востраве ў Міжземным моры. Улетку 1993-га, акурат калі трупа Беларускае опэры гібела на «патрыятычных» гастролях у Берасьці, маэстра Анісімаў у Злучаных Штатах асыставаў Гяргіеву пры пастаноўцы опэры Пракоф’ева «Вайна і мір». У 1994-м — ізноў жа з дапамогаю Гяргіева — трапляе ў Лёндан і асыстуе Мсьціславу Растраповічу пры выкананьні «Ваеннага рэквіему» Б.Брытэна.
Затым, не пасьпеўшы яшчэ сабраць увесь належны сабе ўраджай ляўровага лісьця, ён кіруецца ў Маскву, каб акампанаваць скрыпачам на III туры Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага. Зрэшты, аніякага трыюмфу тады не атрымалася: у вырашальны момант наш маэстра страціў кантроль, і канкурсант мусіў сам падчас ігры дырыгаваць аркестрам. Скандал быў агромністы, аднак у наступным годзе кар’ера Анісімава яшчэ хутчэй пайшла ўгару. Менавіта тады пры пасярэдніцтве расейскай сьпявачкі Ірыны Архіпавай францускія таварышы даверылі яму пастаноўку «Яўгена Анегіна» ў фэшэнэбэльным курортным прадмесьці Парыжу, са Зьмітрам Хварастоўскім у галоўнай ролі. Неўзабаве «Анегін» спатрэбіўся і ў самым Парыжы — у экспэрыментальным тэатры Opera Bastille. І тут наш дырыжор аказаўся вельмі дарэчы. Прыкметнае дасягненьне!
Аднак кульмінацыяй анісімаўскае кар’еры сталася, канечне ж, ягонае выступленьне 8 сакавіка 1995 году з Мантсэрат Кабалье. У той вечар маскоўская прад’юсэрская фірма «Саманта» наладзіла ў Вялікім Крамлёўскім палацы эксклюзыўны канцэрт гішпанскай пяюльлі, а ў якасьці дырыжора запрасіла Анісімава. Магчыма, адной з прычынаў гэтага запрашэньня было тое, што ўладальнік «Саманты», колішні мянчук, выпускнік Гімназіі-коледжу пры Беларускай акадэміі музыкі Ўладзіслаў Цяцерын, захаваў у сваім сэрцы пэўны сантымэнт да былой радзімы. А трэба сказаць, што Цяцерын, чалавек надта ўплывовы ня толькі ў музычных колах расейскае сталіцы, але і ў сусьветным шоў-бізнэсе, здаўна ўсталяваў вельмі добрыя дачыненьні з Карласам Кабалье — галоўным арганізатарам барсэлёнскай Алімпіяды, які стварыў сусьветную кар’еру ня толькі сваёй славутай сястры, але й Хасэ Карэрасу. Так Анісімаў апынуўся побач з Мантсэрат Кабалье. Несамавітае гэта было відовішча! Асабліва ў тыя моманты, калі яму даводзілася служыць павадыром для састарэлай, пачварна тлустай і нерухлівай сьпявачкі. Ён зь вялікаю перасьцярогаю трымаў яе пад локаць і ўвесь час усьміхаўся дагодліваю, паблажліваю ўсьмешкаю. Яна ж на разьвітаньне сказала, што ёй «вельмі пашанцавала выступаць з такім цудоўным дырыжорам». Тыповы камплімэнт зязюлі на адрас пеўня!
Але менавіта з гэтага часу Анісімаў становіцца ў Менску ўсё больш рэдкім госьцем і ўсё даўжэй заседжваецца ў Эўропе. У лютым 1996-га ягоная постаць мільгаціць у культурніцкім аглядзе францускага тэлеканалу «TV-5». Маэстра рэпэтуе «Струнную сэрэнаду» Чайкоўскага у пастаноўцы Джорджа Баланчына і скача, нібыта конік, дэманструючы танцорам балетныя па. Уся гэтая фэерыя адбываецца на сцэне Opera de Paris, і я з задавальненьнем адзначаю, што ў свае 49 гадоў Анісімаў у цудоўнай фізычнай форме — грацыёзны і спрытны, як антычны бог. Зьнянацку ягоныя сьляды адшукваюцца ўжо ў Дубліне, а ўлетку па Менску папаўзьлі ўпартыя пагалоскі пра ягоны хуткі і канчатковы ад’езд за абсягі былога СССР. Чуткі не пацьвердзіліся; маэстра аддаў перавагу іншаму, больш бясьпечнаму варыянту: знайшоў сабе працу дзесьці ў Нямеччыне і задамавіўся зь сям’ёю ў Парыжы, адначасова захаваўшы за сабой пасаду галоўнага дырыжора Беларускай Опэры.
Цяпер кожны ягоны прыезд у Беларусь — падзея і для менчукоў, і для тэатральнага калектыву. Тым болей, што свае «гастролі ўдома» сп.Анісімаў умее абстаўляць зь нешараговым артыстызмам. Звычайныя опэрныя спэктаклі зь ягоным удзелам пераўтвараюцца ў модныя імпрэзы, на якіх тоўпіцца элегантная публіка. Каляровыя афішы пад шапкаю «Маэстра Анісімаў прадстаўляе» загадзя спакушаюць шматлікіх прыхільнікаў, абяцаючы ім нешта надзвычайнае. Адно ягонае імя сее ў прасторы прыемны пах дабрабыту, шчасьця і посьпеху. Ці не таму дзясяткі і сотні людзей, хаця б ускосна зьвязаных з маэстра і ягонай сям’ёй, сьпяшаюцца з кветкамі ў руках засьведчыць яму сваю пашану? Ці ж гэта не фэномэн, годны сацыялягічнага дасьледаваньня? Зрэшты, Анісімаў выклікае й звычайную людзкую цікаўнасьць — бо хто ведае, якім ён зьявіцца сёньня альбо заўтра перад вачыма зьдзіўленых гараджанаў? Разьюшаным геніем ці расчараваным Чайльд Гарольдам? Блазнаватым штукаром ці таленавітым артыстам зь вялікаю і прыгожаю душою? Прафэсарам і знаўцам ці абыякаваю і мёртваю воскаваю лялькаю? Анісімаў заўжды непрадказальны, і ў гэтым ягоная прынада — ці, калі хочаце, прыкмета праўдзівага таленту.
Для канцэрту, што адбыўся 1 верасьня ў Беларускай філярмоніі, наш маэстра абраў незнаёмае дагэтуль аблічча тонкага лірыка, не адмовіўшыся пры гэтым ад сваёй даўняй звычкі прыдумваць для сваіх бэнэфісаў прывабныя, але крыху безгустоўныя назвы. Цяперашні канцэрт называўся «Сымфонія залатой восені». Як заўжды, арганізацыйны талент і асабістая абаяльнасьць Анісімава зрабілі цуды. Знайшоўся спонсар, які раздрукаваў афішы і праграмкі з шыльдаю «Адкрыцьцё 63-га канцэртнага сэзону» — хаця сапраўднае адкрыцьцё, як вядома, адбудзецца толькі праз тыдзень. (Гэткіх «дробязяў», як праграмкі, у Філярмоніі ня бачылі ўжо зь вясны, бо ў канцэртным аддзеле сапсаваўся кампутар). Філярманічныя аркестранты аж трымцелі ад нецярплівасьці, чакаючы на непазьбежны посьпех пад чуйным кіраўніцтвам гэткага знакамітага дырыжора. Народ — з квіткамі і без квіткоў — валам валіў у залю; людзі стаялі нават у праходах. І гэта тая самая публіка, пра якую маэстра аднойчы ў прыпадку шчырасьці сказаў, што яна «па-дзіцячаму наіўная і часта пляскае недарэчы»!
У лепшых традыцыях урачысты выхад дырыжора адцягнуўся на добрых 20 хвілінаў. Напружаньне паступова ўзрастала; урэшце нязьменна красамоўны Уладзімер Шаліхін паведаміў шаноўнай публіцы пра пачатак новага навучальнага году і «цалкам лягічна» абвясьціў першы нумар праграмы: «Верасень. Паляваньне» з цыклю П.Чайкоўскага «Поры году». Гэткая асацыяцыя падалася мне крыху дзіўнаватай — хаця б таму, што засталося нявысьветленым, хто й на каго мусіць паляваць: ці настаўнікі на вучняў, ці наадварот? Плённаму роздуму перашкодзіў страшэнны грукат аркестру: п’еса пачалася. Гучны старт не абяцаў спакойнага фінішу.
Аднак далей было лепей, бо наступным нумарам быў Фартэпіянны канцэрт мі-мінор Ф.Шапэна; у ролі саліста выступаў сын дырыжора, 15-гадовы Аляксандар Анісімаў. І гэта была адзіная прыемная нечаканасьць першаверасьнёўскага вечара. Калі пасьля бравурнага аркестравага tutti зайграў раяль, у паветры дыхнула нечаканай сьвежасьцю. Нячаста сустрэнеш на нашых эстрадах піяніста, які б іграў Шапэна цалкам натуральна, без усялякай афэктацыі, і прытым прыгожа і сардэчна. Вось толькі рукі ў яго не заўжды выконваюць тое, чаго хоча сэрца і галава. І гэта той пухлявы і кучаравы капрызны анёлак, які зусім яшчэ нядаўна пад дружны сьмех публікі дырыгаваў опэрным аркестрам? У той навагодні вечар Сашы Анісімаву было дзесяць. У адзінаццаць ён публічна выконваў рэ-мінорны канцэрт Баха. Іграў ён яго, канечне ж, зусім па-дзіцячаму — нязграбна і сьмешнавата, — але пад пільным наглядам тэлекамэраў. Бацькі надта клапаціліся пра тое, каб Саша вучыўся ў найлепшых пэдагогаў: перадавалі яго ад Крымэра да Гарбуновай, потым зноў прасіліся да Крымэра... Цяпер ён вучыцца ў Парыскай кансэрваторыі. Салідная фірма! Калі б да гэткай саліднасьці яшчэ й крыху прафэсіяналізму! Здаецца, пасьля Парыжу юны Анісімаў будзе мусіць яшчэ доўга давучвацца ў Менску.
Пасьля антракту сямейны парад доўжыўся далей, але цяпер ужо эстафэта перайшла да бацькавай дачкі. Упершыню ў Менску выконваўся «Даведнік па аркестры для моладзі» Б.Брытэна; тэкст чытала Люба Анісімава — рослая і статная бляндынка з тварам і фігурай старажытнагрэцкай статуі, з асьляпляльнаю гарэзьліваю ўсьмешкаю і грацыёзнай высакароднасьцю ў кожнай клетачцы цела. Да таго ж, на ёй была бездакорная сукенка колеру марской хвалі, так што глядзець на гэткую прыгажуню было чыстай асалодай. Асабліва ў тыя нядоўгія хвіліны, калі яна маўчала, бо пад час сваіх маналёгаў яна страшэнна шапялявіла: дзіўная і недаравальная загана для студэнткі Маскоўскае тэатральнае вучэльні імя Шчукіна.
У кожным выпадку, за ўсімі гэтымі назіраньнямі я амаль не заўважыла ні аркестру, ні дырыжора. Але надышоў момант, калі Анісімаў-бацька ўрэшце застаўся сам-насам з аркестрам, нібы тарэадор з быком. І загучала Прэлюдыя да «Пасьляпаўдзённага адпачынку фаўна» К.Дэбюсі — твор зусім ня восеньскі, поўны сьпёкі і непрыхаванай, вытанчанай эротыкі. Тут маэстра паказаў усё, на што ён здольны. Ён віртуозна кіраваў выкананьнем, не ўпускаючы найдрабнейшай дэталі і не разьменьваючыся на таннае штукарства. Ён быў засяроджаным і натхнёным, мудрым і паэтычным, ён прасякаў да самых глыбіняў музыкі... А тымчасам у аркестры панавала восень, «аздобленая» бруднымі гукамі вальторнаў (хай бы яны ўвогуле не ігралі, гэтыя вальторны!). Тая самая гісторыя здарылася і з «Вальсам» М.Равэля: музыка, поўная паэзіі і таямніцы, выйшла бессэнсоўным зборам разрозьненых гукаў. Цуд не адбыўся. Вада не ператварылася ў віно, нягледзячы на псыхатэрапэўтычныя запэўніваньні з боку дырыжора, што стан аркестру яшчэ не безнадзейны. Музыка, пра якую мы марым, яшчэ не нарадзілася; але публіка з задаваленьнем пляскала ў далоні. Што гэта? Магія дырыжора ці магія Парыжу, якая дзейнічае мацней за ўсякую музыку?
Юлія Андрэева
Каментары