Архіў

На роўным месцы

№ 36 (192), 4 — 11 верасьня 2000 г.


 

Адам Глёбус

На роўным месцы

Аўтапартрэтнае апавяданьне

 

Курортная раніца. Ідылія. Замовіў каву й думаю: з цукрам піць ці без. Ня выпіў. Разьліў на белы стол і сабе на шорты, і на майку. І цукарніцу разьвярнуў. А ўсё з-за восаў, іх процьма наляцела. Ну, не зусім процьма, а так, пара-тройка зунзоніла над маімі каленьмі, над каваю, над цукрам. Я іх хацеў адагнаць, і гарачая кава апякла мне жывот. Каб не парэзаны сярэдні палец на правай руцэ, я б іх спрытна адагнаў і папіў бы кавы. Ну, ды Бог зь ёй, з каваю. І з восамі я не люблю змагацца. Чым больш іх ганяеш, тым больш нахабна яны да цябе лезуць, а калі адганяць іх мяккімі рукамі — адлятаюць. Восы разумныя і любяць кроў. І прыляцелі яны на пах маёй крыві. У мяне парэзаны палец, як ужо казаў, і чатыры драпіны на левай далоні. Іх мала і можна палічыць. А вось драпіны на левым сьцягне я лічыць не зьбіраюся, іх шмат. Усё сьцягно, як падранае зьвярынымі кіпцямі. У доўгіх драпінах і пісягах. Страшна глядзець. І калені ў драпінах і ранах, нібыта хто сякераю пацюкаў. Глыбакавата пасек. Калені мне галяндкі плястырам заляпілі. Спачатку мяне лекавалі галяндкі, а потым п’яныя літоўкі, бо галяндкі настойвалі, каб я пайшоў у лякарню. Я паслухаўся й пайшоў. Усё гэтае залепліваньне, замазваньне зялёнкаю, прамываньне перакісьсю каштавала 21 літ, але калі я сказаў, што мне без патрэбы, літоўкі задаволіліся 20 літамі. Я спытаўся ў іх, ці можна мне купацца ў моры. Яны сказалі, можна. Гаварылі яны павольна-павольна. І не таму, што мовы славянскай ня ведалі, а таму, што былі ўшчэнт п’яныя. Раніца, панядзелак, а доктаркі добра так прынялі, бо ў іх, ты разумееш, сьвята — дзень узьнясеньня Божай Маці Марыі на неба. Сьветлы такі дзень, і можна піць на працы, ніхто не асудзіць. І я не асуджаю. Хоча чалавек піць — шклянку яму ў руку. І як можна кепскае думаць пра жанчын, а тым больш пра жанчын, якія цябе лекуюць, і якія сказалі, што калена зашываць ня трэба. Зрасьцецца само. Яны доктаркі, ім лепш відаць. Праўда, і галяндка сказала, што яна доктарка. І выглядала яна на сапраўдную доктарку. Усе чатыры жанчыны выглядалі на доктарак і былі ў тым узросьце, калі так адразу й ня скажаш, займаюцца яны сэксам, ці ўжо пакінулі сябраваць з Эротам. А вось з мастацтвам яны ўсе сябруюць. Тая, што мазала зялёнкаю, так і сказала: зараз намалюю табе карціну-татуіроўку, вельмі модна хадзіць па пляжы з татуіроўкамі. Выдатны твор у яе атрымаўся. Можаш мне адсекчы нагу да калена, калі памылюся. Але ні ў кога на ўсім Балтыйскім моры няма такіх мастацкіх драпінаў, як у мяне. Галяндкі не малявалі, як літоўкі. Яны мылі раны антысэптыкам для вачэй, нейкі новы безалькагольны антысэптык. Мне нават і не пякло. І плястыр у іх быў выдатны, цялеснага колеру ў чорныя бубачкі. Наогул у іх быў вялікі ручнік з кішэнямі, поўны розных лекаў. У мяне меўся просьценькі ручнік, і я яго ўвесь перапэцкаў у сваю кроў. А галяндцы — багатыя людзі, прыехалі ў Ніду на вялізным фургоне, сядзелі сабе, сьнедалі, а тут — я ўвесь у крыві. Сапсаваў ім сьняданак. А можа і не сапсаваў, бо дактары да крыві прывучаныя. А вось сваю раніцу я сапсаваў адназначна, калі нырнуў зь пірса. Я ж ня ведаў, што за трыццаць мэтраў ад берага вады будзе крышку вышэй майго пабітага калена. Да пірсаў жа мусяць падплываць караблі, ну, не караблі, дык чаўны. Добра, што не галавой скокнуў, а плазам. Каб галавою — капец. Дно — камяні ў ракаўках. Гэтыя паскудныя ракаўкі і падралі-парэзалі маё неразумнае цела. Галяндкі ўсё ўшчувалі… Тут жа ніхто не купаецца, тут такая брудная вада. На іх ушчуваньні я пацікавіўся, ці ня будзе ў мяне заражэньня крыві ад такой гнілой вады. Запэўнілі, што ня будзе. Але чаму Вы наважыліся нырнуць менавіта тут? А дзе ж мне было скакаць, калі менавіта ў гэтым месцы боўтнуўся ў ваду мой тэлефончык. Я яго так любіў, як роднага. Акуратненькі, хамэліёнчык, і гук быў выдатны. Брат мне падарыў адмысловую зашчапку, каб тэлефон чапляўся на пас. Ну я й чапляў. Вельмі зручна, калі тэлефон на пасе, адно кепска, як нахілісься, ён зрэдку адчэпліваўся. Так і здарылася мінулай ноччу. Прыехаў я ў Ніду ўвечары, пакуль засяліўся, распакаваўся, павячэраў — сьцямнела. Але ж хацелася на мора глянуць. Вось і трэба было глядзець. Дык не. Палез памацаць ваду. Ці цёплая, ці можна ўранку пакупацца. Пакупаўся. Цяпер трэба ісьці калена прамываць і перавязваць. Зараз-зараз пайду. Толькі спачатку вазьму запаскуджаны крывёю ручнік і заб’ю гэтую надакучлівую асу.

Ніда. Жнівень 2000 году


Каментары

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць8

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Усе навіны →
Усе навіны

Пры выбуху ў Маскве пацярпела, падобна, дачка расійскага генерала, які камандаваў наступам на Кіеў24

Чыноўнікі пераблыталі нумар кватэры і засялілі жанчыну не туды, а калі яна зрабіла рамонт, запатрабавалі памяняцца з суседам2

Аднакурснікі з Мінскага сувораўскага вучылішча загінулі па розныя бакі вайны з розніцай у пяць дзён15

Як доўга не зношваюцца даляры? Вось які тэрмін маюць 5, 50 і 100 даляраў2

Кіраўніцу «Вайлдберыз» Таццяну Кім унеслі ў базу «Міратворца»10

Беларускі рэжысёр Яўген Карняг ставіць у Маскве спектакль пра апошнія дні ў бункеры Гітлера6

На фестывалі водных ліхтарыкаў у Батанічным садзе наведвальнікаў пакусалі восы3

Расіяне другі раз за суткі атакавалі найбуйнейшы склад «Разеткі» — украінскага аналага «Вайлдберыз»1

У Беларусі з'явіцца новая дэсантна-штурмавая брыгада. Яе размесцяць пад Гомелем24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць8

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць