Архіў

Шарэцкі перахоплівае палітычную ініцыятыву (Сямён Шарэцкі заклікаў да стварэньня Часовага Ўраду Нацыянальнага Даверу)

№ 43 (200), 23 — 30 кастрычніка 2000 г.


 

Усходняя палітыка

Шарэцкі перахоплівае палітычную ініцыятыву

Сямён Шарэцкі заклікаў да стварэньня Часовага Ўраду Нацыянальнага Даверу.

 

Галасаваньне 15 кастрычніка паказала, — заявіў С.Шарэцкі, — што дыктатарскі рэжым ужо ня мае падтрымкі народу. Гэта і дае падставу Вярхоўнаму Савету распачаць фармаваньне “Часовага Ўраду Нацыянальнага Даверу, які б замяніў збанкрутаваную групу асобаў, якая незаконна ўтрымлівае ўладу і працуе на ліквідацыю незалежнасьці Беларусі, і разам зь Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі арганізаваў бы сапраўды свабодныя дэмакратычныя выбары як парлямэнту, так і прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”.

Заява Старшыні Вярхоўнага Савету разам зь няўсьцешнымі для ўладаў вынікамі выбараў 15 кастрычніка прымусіла заварушыцца Маскву. А.Лукашэнка адправіўся зь візытам да У.Пуціна. Пэрспэктыва нестабільнасьці ў Беларусі кампрамэтуе расейска-нямецка-францускую ідэю пабудовы газаправоду зь Сібіры ў Эўропу празь Беларусь і Польшчу ў абход Украіны, што знайшла адлюстраваньне ў кастрычніцкіх дамоўленасьцях паміж “Рургазам” і “Газпромам”.

Моц заявы С.Шарэцкага ў тым, што яна ставіць іншых гульцоў на беларускай палітычнай арэне перад фактам выяўленьня волі незалежніцкіх сілаў. Сіла яе і ў легітымнасьці Вярхоўнага Савету. Адна гэткая заява С.Шарэцкага мае больш вагі ў вачах сьвету, чым сотні адозваў проста апазыцыйных палітыкаў ці цэлых партыйных кааліцыяў, больш папулярных на бацькаўшчыне, чым Старшыня Вярхоўнага Савету. Фармаваньне Часовага Ўраду – пазытыўны крок, які надае рэальную пэрспэктыву незалежніцкаму змаганьню і робіць яго зразумелым і вартым даверу ў вачах сьвету. Крок С.Шарэцкага — спроба весьці палітыку з пазыцыі сілы.

Але заява С.Шарэцкага вытрыманая ў антырасейскім тоне. “Толькі расейскія шавіністычныя колы засталіся задаволеныя гэткім глумленьнем з дэмакратыі і зьдзекамі зь беларускага народу, — заяўляе С.Шарэцкі пра выбары. – Прычым пры ацэнцы так званых выбараў прадстаўнікі ФСБ, якія захапілі ўладу, і на гэты раз адкрыта аб`ядналіся з самымі цёмнымі камуністычнымі сіламі, да якіх належыць і сам беларускі дыктатар”, — піша ён. Ён ўпэўнены, што падзеі кастрычніка “яшчэ раз наглядна паказалі, што без адхіленьня ад улады прарасейскага, шавіністычнага, па сутнасьці акупацыйнага ў адносінах да беларускага народу дыктатарскага рэжыму, які незаконна ўтрымлівае ўладу, нельга правесьці ніякіх свабодных дэмакратычных выбараў. Бо дыктатар і яго паплечнікі, якія зьдзейсьнілі за гэтыя гады цэлы шэраг злачынстваў, а таксама расейскія шавіністычныя колы, якія іх падтрымліваюць, ня пойдуць ні на якія пазытыўныя зьмены. Для іх вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях развіцьця раўназначна сьмерці”.

Чаму С.Шарэцкі такі рэзкі? Расея заплюшчыла вочы на фальсыфікацыі 15 кастрычніка, як і на папярэднія парушэньні правоў чалавека. У замежнай палітыцы яна арыентуецца на сілу і не зважае на мараль. Гэта не падлягае сумненьню. Але не падлягае сумненьню і той факт, што Масква мае вялікія і нават неабмежаваныя магчымасьці ўзьдзеяньня ў Беларусі.

Лідэры беларускіх незалежнікаў, на жаль, нашмат часьцей наведваюць Вену і Стакгольм, чым Маскву і Смаленск. Хоць расейскі ўплыў у Беларусі нашмат мацнейшы, чым у Сэрбіі, а зацікаўленасьць Масквы ў Беларусі — большая. Расейскія мэдыі – асноўная крыніца інфармацыі для значнай долі насельніцтва краіны. Расейскі рынак – крыніца даходаў для большасьці. Людзі ў Беларусі хочуць быць пэўныя, што палітычныя перамены, якія прапануе апазыцыя, не наробяць шкоды на ўсходнім фронце. Без такое пэўнасьці большасьць насельніцтва не рашыцца падтрымаць апазыцыю ў 2001 г. Таму беларускай апазыцыі нагвалт патрэбна публічна заявіць рэалістычную, прадуманую і ўзважаную ўсходнюю палітыку, — без капітулянцтва і падлізьніцтва перад Расеяй, але і бязь зьвягі. Расея мусіць ведаць, якімі будуць адносіны будучых беларускіх уладаў, якія гарантыі павагі ейных інтарэсаў. Вызначыўшы будучыню беларуска-расейскіх адносінаў, апазыцыя зробіць сябе прадказальным партнэрам.

Хопіць бэсьціць Расею. Пры бескампраміснасьці ў абароне нацыянальных інтарэсаў, палітыкі мусяць быць вытрыманыя ў словах. Трэба павярнуцца да Расеі тварам і нястомна выклікаць на дыялёг. Гэта і будзе сапраўдная пазыцыя сілы. Бяз гэтага змаганьне будзе весьціся не за заўтрашнія перамены, а за вельмі далёкую пэрспэктыву. Бяз гэтага – усё адно што спадзявацца на цуд замест законаў прыроды.

Не падмацаваны ясна сфармуляванай і акцэнтаванай усходняй палітыкай, любы наймацнейшы крок беларускай апазыцыі мае шанцы вырадзіцца ў бездапаможную рыторыку.

Барыс Тумар


Каментары

Цяпер чытаюць

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР5

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Усе навіны →
Усе навіны

На змену цыклону «Леоні» прыйдзе антыцыклон «Даніэль»3

Трамп папрасіў Пуціна на тыдзень спыніць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў7

«За дзень атрымліваю ад 200 да 1 200 BYN». Пра сваю працу расказаў прамысловы альпініст3

У Мінску адкрыўся яшчэ адзін «Мандарын»

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца21

Найбуйнейшая прыватная сетка АЗС у Беларусі можа стаць амерыканскай5

На Кубе засталося запасаў нафты на два-тры тыдні9

Пасля татуіроўкі мужчына страціў усе валасы і перастаў пацець1

На Балі турыстам забаранілі катацца на сланах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР5

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць