Архіў

Сяргей Харэўскі. Адроджаны зубр

№ 4 (213), 22 — 29 студзеня 2001 г.


 Сяргей Харэўскі

Адроджаны зубр

 

Новы чыгуначны вакзал у Менску — звыклы ўжо шэра-бэтонны даўгабуд — раптам паўстаў у сваім парадным выглядзе. Ад відовішча заняло дух. Сьляпучае сьвятло зь велізарнай шкляной спаруды, нібы палярнае зьзяньне, асьвятляла цёмны, пануры горад за плячыма…

Валтузьня вакол вакзалу пачалася разам з 80-мі. Тады ў падліках атрымлівалася, што празь Менск праяжджаюць мільёны пасажыраў, і з году ў год гэтая плынь мусіць нарастаць. У галовах машэраўскага кіраўніцтва залунала ідэя стварэньня новага вакзалу. Брама краіны, натуральна, мелася быць найбуйнейшай у СССР. І калі ў перастройку інтэлігенцыя пачала выступаць супраць зносу старога вакзалу («Колішні Віленскі — зьберагчы!»), было ўжо позна. Адзінае, што зрабілі за Кебічам, гэта адабралі будаўніцтва ў ленінградзкіх архітэктараў. Тыя пасьпелі зрабіць адно адміністрацыйны корпус з бэтоннай блямбаю невядомага цяпер ужо прызначэньня. Употай ад грамадзкасьці ўрадоўцы з архітэктарамі неяк разабраліся міжсобку. Дакончвалі праект ужо менчукі, пад кіраўніцтвам архітэктара Бялянкіна. Прычым толькі адзінкі зь беларусаў ведалі, чым жа завершыцца гэты даўгабуд, што расьцягнуўся амаль на 20 гадоў…

Ня ведаю, ці чулі будаўнікі менскага чыгуначнага вакзалу пра «Крышталёвы палац», будыніну са шкла, пабудаваную ў Англіі дойлідам Джозэфам Пэкстанам яшчэ ў 1851 г. Але ведаю пэўна, што новым словам у архітэктуры самы вялікі вакзал Беларусі ня стаў. Ня сталі гэткім «словам» і астатнія архітэктурныя «праекты стагодзьдзя», задуманыя за Машэравым, які сам надта любіў слова «эпахальна», і ледзь-ледзь закончаныя цяпер. Самы вялікі ў СССР аэрапорт, праўда, гэтак і не паднялі. Пагатоў і лётаць пакуль мала хто можа. Не дарабілі мэтро, бо яно па-ранейшаму стратнае. Гэтак званая 3-я лінія пакуль існуе толькі ў крозах. Не далі Мусінскаму разгарнуцца па ўсёй Нямізе, дакладней, ізноў не хапіла грошай. Пабудавалі толькі палову ягонага праекту. Дый той давяршаць давялося ўжо «Макдональдзу».

А вось Палац рэспублікі стаіць. Праўда, ня гэтак, як хацелі ягоныя будаўнікі. Адзін з праектантаў, Шабалін, наракаў: «Сёньня, як гэткага, ансамблю галоўнага пляцу гораду няма. Пляц падзелены трыбунай, балюстрадай і сквэрам на дзьве часткі. Яго трэба візуальна пашырыць, каб добра было відаць Цэнтральны Камітэт кампартыі». У тым ЦК КПБ цяпер прэзыдэнтура, а Палац, які прывязваўся да таго будынку й пануе цяпер над навакольлем, і праўда стаіць абы-дзе. Прынамсі, галоўным пляцам гораду гэтае месца не назавеш…

Ня надта пашанцавала беларускім дойлідам на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Будавалі, праектавалі нешта, як той казаў, «эпахальнае». А ў выніку — усё недаробленае. Дый славы няма. Нашмат больш пашанцавала іхным папярэднікам. Задумаў Лангбард Дом ураду, Дом афіцэраў ды Опэру. Няма праблем! Зруйнавалі дзясяткі кварталаў, пусьцілі на друз 5 цэркваў, расчысьцілі пляцы… Усе будоўлі занялі толькі 5 гадоў! І Менск зьмяніўся радыкальна. Зьмяніўся б яшчэ болей, ажно нешта ня зладзілася… Раптам прыдумалі перанесьці сталіцу Беларусі ў Магілёў. Нагадаю, Менск тады быў пад самай польскай мяжою. І пагаворвалі, што палякі з Радашкавічаў могуць дастрэліць прамой наводкай. Словам, трэ было сытуацыю акругліць. І калі ў 36-м выйшла пастанова пра перанос сталіцы, яе пабудавалі за 2 гады! Чым не праект веку? У Магілёве расчысьцілі калясальны, нават па цяперашніх мерках, пляц ды стварылі плошчу з грандыёзным архітэктурным комплексам у духу найноўшага, як на той час, стылю — канструктывізму. Сюды ўжо перавялі былі НКВД, ведамствы, пачалі зьбіраць нацыянальны музэй, куды патрапіў, між іншым, і адкуль зьнік назаўсёды Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Але раптам усё павярнулася ў іншы бок. Была растаптаная Польшча, і БССР прырасла з Захаду. Сталіцай застаўся Менск.

Нямала «праектаў стагодзьдзя» выдумлялася ў міжваенны час і па заходні бок мяжы. Самы грандыёзны — пабудова транспалескае шашы. Ад Берасьця празь Пінск і — да савецкае мяжы… Некалі выкладзеная бэтонным брукам, яна й да сёньня спраўна служыць людзям. Да сёньня паслугоўваюцца беларусы й тысячамі школьных будынкаў, што былі пастаўленыя за палякамі ў пачатку 30-х ледзь ня ў кожнай вёсцы. Быў такі плян — даць кожнаму дзіцёнку ў Польшчы пачатковую адукацыю за дзяржаўны кошт… Былі, праўда, і дзіўнаватыя польскія праекты. Напрыклад, пасадзіць лес уздоўж савецкай мяжы. Паадсялялі багата народу, засадзілі ялінамі палі. Кавалкі таго лесу й цяпер шумяць паміж Негарэлым і Стоўбцамі, пад Радашкавічамі ды далей. Мабыць, колішнюю польскую мяжу, дзякуючы таму лесу, добра відаць з самалёта… Наагул за палякамі было рэалізавана багата экалягічных праектаў. Напрыклад, створаны Вялаўскі запаведнік у Налібаках, дзе аднавілі статак даніэляў, былі зробленыя жорсткія захады дзеля зьберажэньня й залясеньня Нарачанскіх ды Браслаўскіх азёраў. Але самым неверагодным сярод усіх праектаў стагодзьдзя стаў праект аднаўленьня зубра.

…Белавеская пушча, дзе спрадвеку гадаваліся лясныя волаты, за часоў Расейскай імпэрыі стала стрэльбішчам для цароў-імпэратараў. Толькі першае ў ХХ стагодзьдзі паляваньне амаль дашчэнту вынішчыла тутэйшую фаўну. На пацеху цара Мікалая ІІ, якога расейская царква ўважае цяпер за сьвятога, у жніўні 1900 году ў Белавежы было забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 ласёў, 36 даніэляў, 325 казуляў, 138 дзікоў… Неверагодныя лічбы. Калі ж улічыць, што Мікалай ІІ паляваў тут і раней, дык можна пэўна сьцьвярджаць, што вынішчэньне зуброў — гэта збольшага ягоных рук справа.

У часе першае сусьветнае вайны немцы, якія праклалі праз пушчу чыгунку, каб лацьвей вывозіць пушчанскі лес, расстрэльвалі зуброў з кулямётаў. У 19-м годзе быў забіты апошні вольны зубр у сьвеце. На 24-ты год у заапарках Эўропы засталося 45 зуброў, сярод якіх было толькі блізу 10 чыстакроўных белавескіх. З 29 году пачаўся беспрэцэдэнтны праект аднаўленьня на волі жывёлы, якая ўжо апынулася за мяжой выміраньня. За вялізныя грошы ў Белавежы сабралі некалькі здаравейшых асобінаў і шляхам скрыжоўваньня й сэлекцыі аднавілі від найбуйнейшага зьвяра ў Эўропе. Навукоўцы здолелі зрабіць цуд. Пад 1941 год у Беларусі ўжо быў статак сапраўдных дзікіх зуброў — 19 асобінаў. Цяпер пагалоўе зуброў у сьвеце складае 2 тысячы, блізу чвэрці зь іх — у Беларусі. І гэта ад рысы поўнага небыцьця! Нідзе ў сьвеце падобныя праекты не завяршаліся гэтак пасьпяхова.

…Натуральна, грандыёзныя праекты былі зрэалізаваныя па апошняй вайне. Гэта й адбудаваныя гарады зь велічэзнымі плошчамі, даўжэзнымі праспэктамі. Гэта й аднаўленьне энэргетыкі. Скажам, толькі за першае паваеннае пяцігодзьдзе былі пабудаваныя 20 электрастанцыяў! Альбо: за той жа тэрмін збудавалі 12 рачных вэрфяў і расчысьцілі для суднаходзтва 3 тысячы кілямэтраў рэк!

Што да праектаў, якія так і засталіся ў праектах, дык самай грандыёзнай была ідэя Балтыйска-Чарнаморскага каналу. Паводле яго пад затапленьне траплялі 15 раёнаў Беларусі, а сам канал мусіў пралягаць праз Салігорск. Гэта каб грузіць калійныя ўгнаеньні і — проста ў мора! Каб так сталася, Эўропа ператварылася б у выспу, у літаральным сэнсе. А беларускія дзеці панамкамі махалі б трансатлянтычным ляйнэрам, што праплывалі б праз родны край. Але не хапіла грошай. Ня зьдзейсьніўся й іншы калясальны праект — абвалаваньня Прыпяці й татальнае мэліярацыі Палесься. Ізноў забракла сродкаў. Ці, можа, прыслухаліся да бурных «перастроечных» пратэстаў, як і ў выпадку зь Дзьвінскай ГЭС, якую хацелі паставіць на мяжы 80-х і 90-х, таксама затапіўшы ладныя кавалкі беларускай ды латвійскай земляў…

Было й колькі сымпатычных савецкіх праектаў. Напрыклад, праект рэгенэрацыі Верхняга Гораду ў Менску. Меліся адрадзіць ратушу, бажніцы, дзясятак даўно страчаных дамоў. «Увалілі» ўжо немалыя сродкі, адсялілі сотні сем’яў, падрыхтавалі будаўнічыя пляцоўкі, разьвесілі транспаранты з указаньнем тэрміну сканчэньня будаўнічых працаў: 1992 год. Каб зьдзейсьнілі своечасова, быў бы й сапраўды «праект стагодзьдзя», а Менск можна было б ставіць у адзін шэраг з Варшавай і Гданьскам. Але… Дамы без гаспадароў пакрысе разбурыліся, і канца будаўнічай валтузьні там не відаць дагэтуль. Сёньня наагул пастаўленая пад сумнеў мэтазгоднасьць аднаўленьня страчаных аб’ектаў. Сам галоўны беларускі рэстаўратар, спадар Бубноўскі цьвердзіць, што ацэньвае будаўнічыя работы ў Верхнім Горадзе «на троечку»…

Але многія савецкія праекты ўсё яшчэ вярэдзяць душы няўрымсьлівага беларускага чынавенства. Напрыклад, праект уласнае атамнае электрастанцыі. У 85—86-м гадох поўнай хадою распачалі былі працы ў пасёлку Дружны, што ў гадзіне пешае хады ад Рудзенску. Там аказалася балоцістая глеба. Зьбіраліся павывозіць яе, каб зрабіць бэтонную падушку… Затым, пасьля Чарнобыльскае катастрофы, прыдумалі зрабіць для энэргетыкаў цалкам бясьпечнае паселішча-бункер. Ані пра Рудзенск, ані пра Менск нават ня згадвалі. Каб, ня дай Бог, што якое, станцыя працавала б далей… Вы думаеце, гэты маразм закончыўся? Не! І дагэтуль не спыняюцца дасьледчыя й праектныя працы. Але гэтым разам АЭС плянуюць будаваць у Гарадку, на Віцебшчыне. Аргумэнты — шмат вады для тэхнічных мэтаў і малавата людзей. Маўляў, калі што адбудзецца, дык можа да Менску й ня дойдзе… Адчуваеце розьніцу ў падыходах савецкіх і цяперашніх беларускіх начальнікаў?… Хоць, Бог зь імі. Хай праектуюць. У гэтай улады грошай няма, а наступная можа будзе людчэйшаю…

Большасьць савецкіх гідраэлектрастанцыяў, такіх, як, скажам, «Дружба народаў» у Дрысьвятах, цяпер закінутыя й паламаныя. Рэкі, па якіх плылі караблі, паабмялелі, большасць суднавэрфяў пазакрываныя. На асушаныя балаты трэба вазіць зямлю, каб нешта радзіла… У «краі вялікай хіміі», як «паэтычна» назваў Беларусь Мікіта Хрушчоў, штогод больш праблемаў са здароўем людзей. Дзякуючы ўсё той жа савецкай «хіміі», на вытворчасьці якой ледзь не штогод адбываюцца аварыі. Большасьць савецкіх праектаў стагодзьдзя нічога, урэшце, не далі самім беларусам. Апроч, вядома, новых гарадоў ды шырокіх праспэктаў… Калійныя солі некуды вывозяцца, магутныя «БелАЗы» працуюць немаведама дзе, хімвалакно купляюць там, дзе такую атруту вырабляць забаронена…

Але час няўмольна ляціць, і пакрысе блякнуць на сучасным эўрапейскім ці азіяцкім тле ўсе гэтыя праспэкты, аэрапорты, шкляныя вакзалы. Непапраўна старэе, зношваецца савецкае абсталяваньне на заводах-гігантах. Не кажу пра Наваполацкі, Салігорскі, Сьветлагорскі… ад якіх Беларусі болей хіба шкоды, чым карысьці. Сыходзіць у нябыт і ўся беларуская савецкая эстэтыка, што не знаходзіць сабе найноўшага кантэксту, як тая грувасткая, у пампэзнай ляпніне часоў сталіншчыны, закінутая электрастанцыя «Дружба народаў»… Наўрад ці хто сёньня можа шчыра захапляцца бязглуздым мэмарыялам у Берасьцейскай крэпасьці альбо добраахвотна пад’яжджаць да Кургану Славы… А самаму вялікаму габэлену мастака Кішчанкі так і не знайшлося месца. А як знойдзецца, дык гэта, бадай, асабліва нікога ня ўразіць.

А вось зь якім матэрыяльным даробкам Беларусь увайшла ў сусьветную гісторыю — дык гэта з адроджаным зубрам. Яго павыбілі чужынцы, а ў беларусаў хапіла і дабрыні, і розуму, каб перадаць гэты цуд прыроды нашчадкам. Дзякуючы зубру, ніхто ў сьвеце, з тых, хто знаёмы з драматычнай гісторыяй ягонага вяртаньня, ня скажа, што Беларусь ня вартая ўвагі й пашаны…


Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»7

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла Іна Радаева4

У Інданезіі знайшлі найстаражытнейшыя ў свеце ўзоры наскальнага жывапісу

Кіт Келаг: Калі Украіна перажыве гэту зіму — перавага будзе на яе баку15

Пуцін прапанаваў узяць мільярд за членства Расіі ў Радзе міру з замарожаных актываў9

Улады Даніі адмаўляюцца ад перамоў з Трампам адносна Грэнландыі. Трамп патрабуе сказаць гэта яму ў твар9

На калготках ад Mark Formelle пасля мыцця імбірныя пернікі ператварыліся ў пухнатых вусеняў. Многім нават спадабалася1

МУС абвяргае, што індыйская жанчына трапіла ў Беларусі ў працоўнае рабства, і выклала ўласную версію яе гісторыі9

У Расіі незадаволеныя, што беларусы завальваюць іх танным маслам4

Літоўскі міністр: Было б добра, каб Ціханоўская сама абвясціла пра свае планы15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»7

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць