Архіў

Сяргей Балахонаў. Сучасныя сагі

№ 19 (228), 7 траўня 2001 г.


 Сучасныя сагі

Трусік

Два хлапцы гасьцявалі ў цёткі. Разам з сабой яны прывезьлі вялікага прыгожага сабаку. Настрой ува ўсіх быў цудоўны. Цётухна гуляла з пляменьнікамі ў карты, піла зь імі джын-тонік. Сабака бавіўся на волі. Праз колькі гадзінаў ён зьявіўся замурзаны, з задушаным трусікам у пашчы — суседзкім. Што рабіць?.. Вымылі сабаку, вымылі трусіка, пасушылі трупік фэнам. Пасьля хлапцы падкінулі даўгавухага суседзям у загончык... Наступным днём прыходзіць сусед — зьбянтэжаны. Тры дні таму, кажа, закапаў здохлага трусіка, а сёньня чую — сьмярдзіць. Здохлы трус чысты, як памыты, ляжыць у сябе ў загоне.

Цудаў не бывае!

 

Голуб белы

Студэнты-правазнаўцы з Горадні пры канцы апошняга курсу завіталі да варажбіткі. Аднаму зь іх яна паведаміла: “Голуб белы заб’е цябе”. Той адно пасьміхнуўся: “Га-га, голуб заб’е!”. Празь дзесяць год, калі ён стаўся знаным адвакатам, у яго забарахлілі ныркі. Апэрацыю рабіў прафэсар Голуб. Пацыент памёр пад ягонымі клапатлівымі рукамі.

Во так бывае.

 

Спадарожніца

Адзін хлопец вяртаўся на матацыкле дамоў у вёску з Шуміліна. На выезьдзе яго спыніла файная дзяўчына, назвалася Манькай і папрасіла падкінуць дахаты — гэта было трохі ўбок ад хлопцавай дарогі. Хлопец падвёз. На разьвітаньне спадарожніца дала яму свой тэлефон: “Калі што трэба будзе — заяжджай”. Празь нейкі час хлапец наважыўся заехаць у госьці. Дзьверы адамкнула жанчына: “Маню?.. — і ціха расплакалася. — Маня ўжо год як не жыве”.

Суседка расказала, што дзеўчына трапіла пад “МАЗ” каля Шуміліна. Хлопец пасівеў.

Характэрная сага аб прывідах. Кажуць, адзін сьпірытоляг сур’ёзна задумляўся, як перавезьці знакамітую Чорную Даму зь Нясьвіжу ў Менск на Карла Маркса, 38.

 

Прывітаньне ад Арафата

Адна палачанка купіла ізраільскія апэльсыны. Дзеці сталі лупіць, у адным знайшлі маленькі срабрысты шарык. Усё купленае выкінулі ў сьметніцу — ці мала што гэта такое, падумалі. Пазьней жанчына прачытала ў “Народнай Волі”, што гэта арабскія тэрарысты шкодзяць Ізраілю, труцячы ягоную прадукцыю ртуцьцю, экспартаванай зь Беларусі.

Гастранамічны сюжэт, замяшаны на дражджох сучаснай геапалітычнай сытуацыі.

 

Рэфрыжэратар

Адзін студэнт-грузчык з Баранавіч, што падпрацоўваў на перавалачным вузьле чыгункі, аматар пажывіцца зьмесьцівам вагонаў, зь цікавасьці залез у вагон-рэфрыжэратар. Залез, а дзьверы ў цягнік раптоўна захлопнуліся звонку. Крыкі ды заклікі да ратунку не дапамаглі. У кішэні знайшліся асадка й нататнік. Пэўны, што цягам бліжэйшых 14 гадзінаў яго ніхто ня знойдзе, небарака вырашыў занатаваць павольны працэс замярзаньня. Калі яго знайшлі наступным ранкам, ён быў мёртвы. Вакол ляжалі аркушыкі, з пазначаным часам ды апісаньнем стану арганізму на гэты час. А рэфрыжэратар-то ня быў нават улучаны!

Сага пра вялікую сілу самагіпнозу.

Сяргей Балахонаў


Каментары

Цяпер чытаюць

«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс

«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук заказаў 101 ружу, але падарыць букет дзяўчыне не змог2

Памёр знакаміты іспанскі «хлопчык-воўк», які вырас у дзікай прыродзе2

У Капылі адкрылі новы сквер пад Год беларускай жанчыны ФОТЫ2

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала48

Новы кіраўнік брытанскай дыпламатычнай місіі ўжо ведае два беларускія словы1

Праз моцны вецер без святла і вады засталіся Смалявічы1

У Брытаніі зніклага ката знайшлі праз год за 160 кіламетраў ад дома ў прытулку для бяздомных жывёл

Італьянская амбасада ў Мінску зладзіла адкрытую вечарыну ў Пасольскім дворыку. Беларусы сталі ў чэргі7

Удава Мілінкевіча: «Аляксандр абавязкова вернецца на радзіму, дадому. Надыдзе час»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс

«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць