Архіў

Дом для дэпутатаў

№ 15 (277), 19 красавіка 2002 г.


Дом для дэпутатаў

Цэнтар Менску, раён станцыі мэтро “Першамайская”. Сярод даўно не рамантаваных “сталінскіх” будынкаў Казарменнага завулку новы, яшчэ ня скончаны 12-павярховік выглядае як Гулівэр між ліліпутаў: шыкоўныя зашклёныя бальконы, гіганцкі цокальны паверх, закрытыя ралетамі дзьверы ў падземны гараж...

 

Узводзіла гэты 144-кватэрны дом упраўленьне капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Праца пачалася ў жніўні 1999 г., пасьля таго як упраўленьне скончыла свой папярэдні “аб’ект” — водагразелякарню ў санаторыі “Баравое” пад Менскам. Цяпер, як кажа начальнік упраўленьня Вячаслаў Панасюк, будаўніцтва амаль скончанае. Засталіся “сэзонныя” працы, якія ўзімку ня зробіш. Плошча кватэраў у доме большая за сярэднюю. Двухпакаёўка мае агульную плошчу ад 63 да 73 кв.м. Плошча чатырохпакаёвай кватэры — 114 кв.м (разам з вялікім бальконам з драўлянымі насьціламі на падлозе). Дом пабудаваны так, каб жыхары пры неабходнасьці маглі досыць лёгка пераплянаваць кватэру.

Гэты дом быў пабудаваны па экспэрымэнтальных тэхналёгіях — зь “цёплымі” сьценамі, якія дазваляюць лепей захоўваць цяпло ў кватэрах у халодную пару году. Людзі кажуць, што ў цокальным паверсе будзе басэйн і трэнажорная заля. Сьцены дому складзеныя зь зеленаватага штучнага каменю “бэсэру”. Матэрыял гэты вырабляецца па канадзкай тэхналёгіі на сумесным беларуса-амэрыкана-канадзкім прадпрыемстве “Бэсэр-Беларусь”. Гэты матэрыял дазваляе эканоміць на фарбе: фасад новага дому не давядзецца фарбаваць гадоў 20—30.

Аўтар праекту архітэктар Барыс Школьнікаў распавядаць пра дом адмовіўся: “У мяне ёсьць замоўца, усе пытаньні вырашайце зь ім. Я ніякіх інтэрвію на гэты конт даваць ня буду”. Дзіўная пазыцыя — звычайна аўтары ахвотна кажуць пра свае творы. Чаму спадар Школьнікаў ня хоча гаварыць пра будынак, які можна назваць шэдэўрам сучаснае менскае архітэктуры? Відаць, рэч у тым, што з 72 здадзеных кватэраў 38 засялілі дэпутаты палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу. У цокальным паверсе аднаго з пад’ездаў на дзьвярах службовага памяшканьня вісіць шыльда з паведамленьнем, што тут месьціцца адміністрацыя службовага жытла ПП НС. Намесьнік начальніка сакратарыяту палаты прадстаўнікоў Мікалай Скарынін паведаміў “НН”, што на Казарменным службовае жытло атрымалі тыя, хто дагэтуль ня быў уладкаваны ў сталіцы. Гэта новаабраныя няменскія дэпутаты другога складу ПП НС. Астатнія прадстаўнікі рэгіёнаў (іх у палаце недзе траціна ад агульнай колькасьці) “матаюць” ужо другі тэрмін і нагрэць месьцейка ў Менску пасьпелі. Рэшта чальцоў ПП НС — менчукі. Ім службовае жытло ня трэба.

Хто будзе жыць у астатніх 106 кватэрах гэтага шыкоўнага дому? Вячаслаў Панасюк кажа, што дом узводзіўся на ўмовах долевага будаўніцтва. “У долю” ўвайшлі Беларуская чыгунка, аб’яднаньне “Белтэлекам” і “фізычныя асобы”. Будаўнікі кажуць, што кватэры ў доме будуць ня толькі службовыя, але і прыватныя: “Можа, будуць прадаваць, а можа, ужо й прададзеныя ўсе”. У менскіх жа рыэлтэрскіх фірмах пра магчымы продаж кватэраў у гэтым будынку нічога ня чулі. Прыблізны сабекошт такога жытла ацэньваюць ў 500—550 даляраў ЗША за квадратны мэтар. У сярэднім па Менску гэтая лічба складае 270—350 даляраў за кв.м. У новым доме на вуліцы Беларускай, дзе кватэры прадаюцца (гэта недалёка ад Казарменнага завулку), сабекошт квадратнага мэтру сягае 450 даляраў. А якасьць дому на Казарменным лепшая, і месца тут лепшае. Во ў якім доме будуць жыць дэпутаты лукашэнкаўскай палаты прадстаўнікоў.

Адам Воршыч


Каментары

Цяпер чытаюць

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?7

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?

Усе навіны →
Усе навіны

17 кіламетраў уздоўж вады. У Мінску будуюць новую веладарожку2

Генсак НАТА прапанаваў членам альянсу выдзяляць на дапамогу Украіне па 0,25% ВУП

У Венгрыі ўпершыню выклікалі расійскага пасла для тлумачэнняў пра вайну3

«Маскітны флот» Ірана: як процьма маленькіх катараў супрацьстаіць ВМС ЗША ў Армузскім праліве3

Ціханоўская: Лукашэнку не зменіш, трэба перастаць верыць у гэтыя ілюзіі15

Наталля Дуліна зарэгістравала ў Літве ІП і вядзе анлайн-курсы італьянскай мовы. А яшчэ змагла дабіцца выплаты пенсіі

Ціханоўская расказала, пра што пагаварыла з Коўлам2

Джон Коўл сазваніўся са Святланай Ціханоўскай10

Суд Еўрасаюза адмяніў санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?7

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць