Каталікоў у Расеі цкуюць
Прадстаўнікі рымска-каталіцкай царквы ў Расеі заклапочаныя тым, што сьвятароў гэтай канфэсіі выганяюць з краіны. Апошнія інцыдэнты адбыліся ў гэтыя выходныя.
У суботу 19 красавіка біскуп каталіцкай япархіі з цэнтрам у Іркуцку Ежы Мазур, які вярнуўся ў Маскву з Варшавы, быў затрыманы мытнікамі ў аэрапорце Шарамецьева-2. У яго забралі дакумэнты і не аддавалі на працягу гадзіны. Потым у сьвятара без тлумачэньняў анулявалі візу, сапраўдную да студзеня 2003 г., і а 21-й выслалі яго назад у Варшаву.
Вечарам таго ж дня Ватыкан зрабіў афіцыйную заяву, у якой паведаміў, што “дзяржаўны сакратарыят і прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў Маскве неадкладна зьвязаліся з прадстаўнікамі ўлады Расеі, запатрабаваўшы тлумачэньняў і вяртаньня біскупу ўязной візы”. Згодна з дакумэнтам, Ватыкан працягвае спадзявацца на “хуткую адмену прынятых мераў”. Дагэтуль афіцыйнага адказу на запыт не было. Чаму біскуп Ежы Мазур зрабіўся пэрсонай нон грата, расейскія ўлады пакуль не растлумачылі.
Сам польскі сьвятар лічыць, што прычынай адмовы ва ўезьдзе сталася старая японская назва Іркуцкай каталіцкай правінцыі – Карафута (менавіта гэтыя назвы каталіцкіх япархій падаюцца ў ініцыяваным дэпутатам Дзярждумы Віктарам Алксьнісам пасланьні аб забароне на дзейнасьць япархій РКЦ ў Расеі). Паводле словаў Генэральнага сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расеі Ігара Кавалеўскага, японскія назвы, хутчэй за ўсё, ні пры чым. У пазамінулы чацьвер Ватыкан афіцыйна зьмяніў назву правінцыі, і цяпер яна будзе звацца правінцыяй Паўднёвага Сахаліна і Курылаў. Юрыдычна ж японская назва перастала дзейнічаць яшчэ ў лютым 2002 г.
У нядзелю побач з Іркуцкім касьцёлам, дзе працуе Мазур, адбыўся антыкаталіцкі пікет. Каля 150 чалавек прыйшлі да храму ў час службы. Праваслаўныя вернікі несьлі плякаты з надпісамі “Лепш жыць у юрце з татарынам, чым у горадзе з каталіком”. Яны патрабавалі закрыцьця япархіі. Нядаўна з Расеі быў высланы яшчэ адзін каталіцкі сьвятар, настаяцель прыходаў сьв.Разарыя ва Ўладзіміры ды Іванаве Стэфан Капрыё. Каталікі лічаць, што супраць іх пачалася шырокамаштабная кампанія. Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Расеі ўжо падрыхтавала некалькі дакумэнтаў з гэтай нагоды. Яны зьбіраюцца накіраваць у Генпракуратуру Расеі запыт з просьбай даць матывацыю абвяшчэньня біскупа Мазура пэрсонай нон грата. Каталікі заяўляюць, што мітынгоўцы ў Іркуцку парушылі закон аб свабодзе веравызнаньня. Згодна з пунктам 6 артыкулу 3 гэтага закону праводзіць мітынгі паблізу аб’ектаў рэлігійнага культу забаронена.
Пра парушэньне закону каталікі ўжо заявілі ў пракуратуру Іркуцку, але адказу пакуль няма. Цяпер Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьбіраецца накіраваць заяву пра парушэньні ў Генпракуратуру. А да рады па ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі неўзабаве павінен зьвярнуцца мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч – сябрам рады будзе прапанавана абмеркаваць пытаньне пра антыкаталіцкія выступленьні (наступныя мітынгі “Саюз праваслаўных грамадзянаў” зьбіраецца правесьці ў многіх расейскіх гарадах 28 красавіка). Як стала вядома, прыход сьв.Разарыя праз Хельсынскую групу зьбіраецца падаць у суд з нагоды выдварэньня айца Стэфана Капрыё.
Каталікам “не хацелася б зьвязваць” тое, што адбываецца, і з РПЦ: адносіны паміж канфэсіямі якраз пачалі паляпшацца. Прадстаўнікі Ватыкану ў Расеі зьбіраюцца дачакаць адказу ад ўладаў. Зрэшты, паводле іхных слоў, пры жаданьні выслаць з краіны можна практычна ўсіх каталіцкіх сьвятароў: большасьць зь іх – іншаземцы, пераважна беларусы й палякі, без пасьведчаньня на права жыхарства. Выхаваць расейскіх сьвятароў, кажа Кавалеўскі, рымска-каталіцкая царква яшчэ не пасьпела.
С.П.
Каментары