Архіў

Два крокі назад

№ 17 (279), 3 траўня 2002 г.


Два крокі назад

Інтэлігенцыя крытыкуе адмену абавязковых экзаменаў
па замежнай мове і беларускай літаратуры

З гэтага году зьменшылася колькасьць экзаменаў, якія трэба здаваць выпускнікам сярэдніх школаў. Цяпер іх будзе толькі чатыры — два абавязковыя і два на выбар вучня. Мусовыя — матэматыка (пісьмова) і беларуская ці расейская мова (пісьмова, на выбар вучня). Зьнятыя з абавязковае здачы беларуская літаратура (вусна) і замежная мова.

Намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарына зазначыў у камэнтары для “НН”, што мэта зьменаў — зьмяншэньне нагрузкі на вучняў: “Палічыце самі: шэсьць выпускных экзаменаў, тры тэставыя выпрабаваньні ды яшчэ тры-пяць уступных іспытаў у тых, хто паступае. Таму было прынятае рашэньне зьменшыць колькасьць”.

Дзіўныя аргумэнты. Што датычыць нагрузкі на школьнікаў, дык яе ствараюць найперш праграмы, а не экзамены, роля якіх — проста праверыць суму атрыманых ведаў, якая можа быць большай ці меншай. Дый ня большая ў нас нагрузка, чым, напрыклад, у Францыі, дзе ў часе навучаньня ў сярэдняй школе прыкладна палова школьнікаў хоць раз застаецца “на другі год”. Гэта робяць нават выдатнікі, калі ў нейкі год ім чамусьці не ўдаецца добра засвоіць праграму. Сачыненьне па літаратуры, дарэчы, у французаў экзамен абавязковы. “Гэта яднае нацыю”, — перакананыя яны.

Касуюць вусныя экзамены, дзе ступень аб’ектыўнасьці ацэнкі, нібыта, ніжэйшая. А вось у Францыі дзейнічае сыстэма незалежных экзаменацыйных камісій: настаўнікі і выкладчыкі езьдзяць прымаць экзамены ў іншыя раёны, гарады, прычым загадзя ня ведаюць, хто куды. Тады і патрабаваньні выходзяць адзіныя ва ўсіх школах. На такую сыстэму паступова пераходзіць і Расея.

Веданьне замежнай мовы нашыя сярэднія школы (асабліва ў правінцыі) даюць далёкае ад ідэалу. Каб паступіць, вучні ў пераважнай бальшыні вымушаныя карыстацца паслугамі рэпэтытараў. З гэтага году экзамены па замежнай мове сталі неабавязковымі ня толькі ў школах: ВНУ таксама мае права сама вырашаць пытаньне пра патрэбу такіх іспытаў (апрача эканамічных ды юрыдычных спэцыяльнасьцяў і аддзяленьняў замежных моваў).

У выніку такога рашэньня, вядома, найбольш пацерпіць “рэпэтытарская мафія” настаўнікаў замежных моваў, попыт на якіх перавышаў прапанову. Але ці не панясе большыя страты ўсё грамадзтва? Валоданьне дзьвюма-трыма мовамі ў Эўропе — норма. У нас жа — адна расейская. Адсюль і “інфармацыйны фільтар”: уся інфармацыя трапляе па расейскіх каналах. Адсюль негатовасьць да паўнавартаснага ўдзелу ў каапэраванай глябальнай эканоміцы. “Выкрэсьліваньне замежнай мовы — такая палёгка для вучняў, якая вядзе да нацыянальнай самаізаляцыі”, — мяркуе Яніна Думачак, настаўніца ангельскай мовы зь Менску.

Ня ўсе пагаджаюцца з такой высновай. Настаўніца геаграфіі зь беларускай гімназіі Маладэчна Галіна Дрокіна: “Школьны іспыт — гэта фактычна і не іспыт. Вучні, можа, і хвалююцца, але настаўнік ведае ўзровень кожнага вучня і паставіць яму “ягоную” адзнаку. Зьмяншэньне колькасьці экзаменаў пойдзе на карысьць вучням: яны засяродзяцца на тых прадметах, якія спатрэбяцца пры паступленьні. Гэта правільныя зьмены. Для настаўніка, які прывык палохаць вучня іспытам, такія зьмены непажаданыя. А вось мой прадмет заўсёды здавалі на выбар. Задача настаўніка — зацікавіць вучня прадметам незалежна ад таго, трэба здаваць экзамен ці ня трэба. Праўда, настаўнікаў, здольных на гэта, у школе застаецца ўсё менш”.

Зь беларускай літаратурай — яшчэ больш спрэчны крок. Абавязковы вусны іспыт па беларускай літаратуры існаваў у школах з 1930-х гадоў. Лявон Баршчэўскі, намесьнік дырэктара Беларускага ліцэю ў Менску: “У школах з расейскай мовай навучаньня — а ў іх навучаецца пераважная бальшыня школьнікаў — зьнікае апошні стымул вучыцца гаварыць па-беларуску. Такім стымулам быў абавязковы іспыт, да якога трэ было рыхтавацца: вучыць вершы на памяць, рыхтаваць вусныя выказваньні па характарыстыцы твораў, эпохаў іх напісаньня і г.д. Усё гэта зьнікае. Цяпер у настаўнікаў ня будзе ніякіх аргумэнтаў, каб змусіць вучняў адказваць гэты прадмет па-беларуску. Гэта прывядзе да татальнага выцясьненьня са школы беларускае вуснае мовы, яна застанецца толькі ў пісьмовым выглядзе. Гэта ўдар, які прывядзе да яшчэ больш нэгатыўных наступстваў, чым сумнавядомы моўны рэфэрэндум”. Архівістка Вольга Бабкова: “Заніжаецца інтэлектуальная планка навучаньня. Прадметы, якія падвергліся астракізму, на іспытах сьпісаць немажліва, бо, каб іх адказаць, трэба ж нешта і самому гаварыць і думаць.

Гэта была і добрая практыка перад будучымі іспытамі ў ВНУ. Падобна, што Міністэрства адукацыі арыентавалася на так званыя “В”-клясы, спрашчаючы ім задачу сканчэньня сярэдняй школы”.

Абавязковыя экзамены — гэта як армія. Дзяржава ня можа адмовіцца ад усеагульнай вайсковай павіннасьці, пакуль нацыя не дафармавалася. Таму ў кантэксьце нацыянальных задачаў адмена экзаменаў па бел. літ. і зам. мове — два крокі назад у барацьбе за асьвету.

Міністэрства адукацыі рэфармуе сваю галіну навобмацак, а раіцца з інтэлігенцыяй ня лічыць патрэбным. Таму асноўныя рамкі школьнага навучальнага працэсу амаль штогод зазнаюць зьмены.

Аркадзь Шанскі


як у іншых?

 

Літва

Літоўская мова + два экзамены на выбар вучня. У беларускіх школах і гімназіях яшчэ й беларуская мова.

Украіна

Украінская мова (пераказ) і гісторыя Ўкраіны + адзін экзамен на выбар.

Польшча

Польская мова, замежная мова + адзін прадмет на выбар. У беларускіх гімназіях яшчэ й беларуская мова.

Расея

Расейская мова (сачыненьне) і матэматыка + адзін іспыт на выбар.

 


Каментары

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць