Навіны
Першы швайцарскі банк
У краiне адчынiўся швайцарскi банк: статутны фонд “УБС Банку” (5 млн. эўра) цалкам належыць швайцарцам. Да ягонага стварэнья было чатыры банкi з стопрацэнтным замежным капiталам: УП “Замежны банк “Масква—Менск” (Расея), ЗАТ “Астанаэксiмбанк” (Казахстан), ЗАТ “Паўночны інвэстыцыйны банк” (скандынаўскія краіны) ды ААТ “Лорабанк” (Амэрыка супольна з Латвіяй).
“Беларус” омскі
Трактары “Беларус” будуць зьбiраць у Омску ды Елабузе (Татарстан): МТЗ дамовiўся з Омскiм заводам транспартнага машынабудаваньня ды Елабугаўскiм аўтазаводам. Штогод Расея мае патрэбу ў 10 тыс. беларускiх трактароў.
Глускую мэблю — у ЗША
Глускi дрэваапрацоўчы завод з 1 сьнежня пачне прадаваць мэблю ў ЗША. Штомесяц плянуюць зарабляць 100 тыс. даляраў. Валодае заводам маскоўскi прадпрымальнiк Уладзiмер Самашчаў, якi набыў фабрыку, калi яна была на мяжы банкруцтва. На заводзе працуюць 173 чалавекi, уладальнiк плянуе наняць яшчэ 30. Акрамя заводу, у раёне мэблю на экспарт вырабляе й цэх лесаперапрацоўкi мясцовай лясной гаспадаркi, атрымлiваючы за тое 300 тыс. даляраў штогод.
Натрый у ліхтарах
Яшчэ да новага году дамы на ўсім праспэкце Скарыны і вул. Энгельса ў Менску будуць падсьветленыя. Апроч таго, у сталіцы распачалі замяняць ртутныя ліхтары на натрыевыя. Гэта дапаможа ашчадзіць 30% электрычнасьці.
Бізнэсоўцам — бясплатна
Ільготы для індывідуальных прадпрымальнікаў вызначыў “Беларусбанк”. Адчыняць і зачыняць рахункі, пераводзіць сродкі ў беларускіх рублях тут будуць бясплатна. За прыёмку гатоўкі давядзецца плаціць 0,5%, а за выдачу гатоўкі з рахунку — 1% ад сумы.
Пальчаткі з аленя
Гарадзенскае прадпрыемства “Акцэнт” пачало вырабляць пальчаткі з фарбаванай скуры аленя і казы. Большасьць сыравіны набываецца ў Расеі. Мяркуецца штомесяц рабіць да 3 тыс. параў пальчатак. Каштаваць яны будуць каля 15 тыс. рублёў. 25% пальчатак зьбіраюцца экспартаваць у Расею, астатнія будуць рэалізаваныя ў Беларусі.
лічбы тыдня
1000 НОВЫХ ТРАКТАРОЎ атрымаюць калгасы і саўгасы. Разьлічвацца за іх будуць празь лізінг (аплата расьцягнутая на 5 гадоў), бо кожная машына каштуе пад 40 млн. рублёў. Летась гэткім чынам вёсцы прадалі 200 трактароў.
675 РУБЛЁЎ каштуе цяпер літар бэнзыну А-76 на аўтазапраўках “Белнафтахіму”. А-92 каштуе 845, А-95 — 970, літар дызпаліва — 650 руб.
250 000 ТОНАЎ харчовай пшанiцы плянуе набыць за мяжой беларускi ўрад. У Беларусi сабралi 255 тыс. тонаў — гэтага хопiць толькi на 5 месяцаў. Купляць пшанiцу думаюць у Расеi па 40—60 даляраў за тону. Фуражнай пшанiцы хапае — яе назапашана 2 млн. 800 тыс. тонаў.
4 500 000 ПЛЯСТЫКАВЫХ ПЛАЦЕЖНЫХ КАРТАК маюць на руках беларусы. Штогод прадаецца каля 3 млн. тэлефонных картак, мiльён картак для мэтро, 250 тыс. картак для платы за бэнзын. Беларускiя банкi выпусьцiлi ўжо 300 тысячаў картак, якiмi можна карыстацца ў 225 банкаматах ды 984 тыс. пунктах выдачы наяўных грошай. 1411 прадпрыемстваў гандлю ды сфэры паслугаў дазваляюць расплачвацца па банкаўскай картцы.
170 РУБЛЁЎ каштуе талёнчык на праезд у магілёўскім транспарце. Сабекошт адной паездкi там складае 200 рублёў. Транспартнiкi прапаноўвалi павялічыць цану талёнчыкаў ад 150 да 180 рублёў, але старшыня аблвыканкаму Барыс Батура запярэчыў.
4000 РУБЛЁЎ за кожныя суткі шматдзённай камандзіроўкі ў межах Беларусі будуць атрымліваць супрацоўнікі бюджэтных установаў. За аднадзённую камандзіроўку — 2000, а за ноч без квітка з гатэлю — 1200 руб.
41 000 000 ДАЛЯРАЎ вінаватыя беларускія прадпрыемствы Расеі за электрычнасьць. З пачатку году запазычанасьць зьменшылася ўдвая.
1 000 000 ПЛЯШАК ГАРЭЛКІ маюць экспартаваць беларускія прадпрыемствы ў Расею. Гэта сталася магчымым з-за адмены акцызаў на алькаголь для Беларусі. Цяпер беларуская гарэлка на расейскім рынку патаньнее ўтрая.
А.К., С.І., А.М.
Каментары