Меркаванні1010

Пяць фактаў пра Уладзіміра Канаплёва, які трапіў у няласку

Шклоўскі географ, які праваліў імпічмент і сышоў у гандбол, быў адным з самых уплывовых беларусаў.

Паводле інфармацыі «Прессбола», КДБ праводзіць праверку па справе ўчорашняга чыноўніка аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі Генадзя Аляксеенкі і старшыні нацыянальнай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.

Абодва былі затрыманыя, але вядома, што Канаплева пасля трох сутак арышту адпусцілі на свабоду.

Затрыманне аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі — добрая нагода, каб узгадаць некаторыя факты з ягонай біяграфіі.

Шклоўскі

Будучы палітык нарадзіўся ў вёсцы Акулінцы Магілёўскага раёна.

Дарэчы, наконт яго даты нараджэння ёсць розныя меркаванні.

Як і ў Аляксандра Лукашэнкі, у Канаплёва блытаніна з днямі нараджэння. Іх… два. Паводле пашпартных звестак, ён нарадзіўся 3 студзеня 1954. Гэта значыцца, што на пенсію Канаплёў выйдзе праз месяц. Але некалькі тыдняў таму, 14 лістапада, гандбольная федэрацыя ўжо віншавала яго з 60-годдзем. Паводле іх дакументаў, Канаплёў нарадзіўся 14 лістапада 1953 г.

Кар’ера Уладзімір Канаплёва да яго прыезду ў Мінску ўключала ўсяго два гарады — Магілёў і Шклоў.

У Магілёве Канаплёў атрымаў вышэйшую адукацыю. У тыя часы і адбылося яго лёсавызначальнае знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. Яно здарылася ў сценах Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. «Мы вучыліся паралельна з прэзідэнтам у 1971—1975. Ён гісторык, я — географ. Першыя два гады жылі ў адным інтэрнаце, на адным паверсе, — расказваў Канаплёў «Камсамольскай праўдзе». — Нас яднаў спорт. Гэта ў першую чаргу футбол. На гістфаку была добрая каманда, і Лукашэнка гуляў у ёй не апошнюю ролю. Я на геафаку сціпла гуляў у абароне. Паміж намі было пэўнае суперніцтва з пераменным поспехам».

Адслужыўшы ў войску, Канаплёў размеркаваўся ў Шклоў, дзе правёў наступныя 15 гадоў свайго жыцця. Працаваў настаўнікам геаграфіі ў гарадской школе-інтэрнаце, намеснікам дырэктара сярэдняй школы, а пасля інспектарам па справах непаўналетніх у шклоўскай міліцыі.

Сарваў імпічмент

У камандзе Лукашэнкі Канаплёў апынуўся ў 1991-м. Да прэзідэнцкіх выбараў ён лічыўся памочнікам народнага дэпутата, сумяшчаючы гэтыя абавязкі з працай у школе.

Актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, сабраўшы са сваёй камандай каля 70 тысяч подпісаў за Лукашэнку.

Пасля перамогі стаў галоўным памочнікам прэзідэнта. У 1995 Канаплёў быў абраны ў парламент. Там ён пратрымаўся да 2007, прычым апошнія гады — спікерам.

«Хвіліна славы» Канаплёва ў гісторыі Беларусі — гэта сарванае галасаванне ў парламенце ў 1996-м.

Вярхоўны Савет рыхтаваў імпічмент Аляксандра Лукашэнкі, а той хацеў разагнаць парламент з дапамогай рэферэндуму. Быў дасягнуты папярэдні кампраміс: дэпутаты спыняюць працэдуру імпічменту, а Лукашэнка адмаўляецца ад правядзення рэферэндуму.

Аднак у апошні момант Канаплёў, кіраўнік прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода», даў загад сваім паплечнікам у парламенце прагаласаваць супраць кампраміснага рашэння. Гэта дало падставу Лукашэнку прызначыць рэферэндум і на ім змяніць канстытуцыю. А імпічмент ажыццявіць так і не ўдалося.

Сышоў у гандбол

У 2007 Канаплёў, спаслаўшыся на дрэннае здароўе, сышоў з палітыкі. На той час на ім «вісела» гандбольная федэрацыя.

Канаплёў не стаў адракацца яе і ўсур’ёз заняўся спортам.

Дзякуючы Канаплёву беларускі гандбол атрымаў другое дыханне, прызнавалі эксперты. Наменклатурныя сувязі дазвалялі яму забяспечваць фінансаванне гэтага віду спорту нават пасля адстаўкі.

З усіх чыноўнікаў-кіраўнікоў федэрацый ён быў самым паспяховым.

Мужчынская зборная стала зноў трапляць на топ-турніры, і нават самы дарагі гандбаліст свету беларус Сяргей Рутэнка вырашыў гуляць не за зборную Іспаніі, а за родную Беларусь.

Ціхае жыццё ў Драздах

Як і іншыя лукашэнкаўцы, у сярэдзіне 2000–х Канаплёў пасяліўся ў асабняку ў Драздах. Плошча 600 квадратаў, тры паверхі, тэраса, альтанка ў двары, паўкіламетра да возера — пастаральнае жыццё багатага пенсіянера.

Ды яшчэ і прыемныя суседзі побач — «памежнік» Леанід Мальцаў і сям'я былога мэра Міхаіла Паўлава.

Раней Канаплёў жыў у службовай чатырохпакаёўцы каля «Белай вежы», аднак кватэру не прыватызаваў, вярнуў дзяржаве.

Сыны ў бізнэсе

Канаплёў адышоў ад дзяржаўных справаў, затое пачалі рабіць кар’еру ягоныя сыны. Яны знайшлі сябе ў камерцыі. Малодшы Дзяніс пяць гадоў таму працаваў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы ў мінскім рэстаране. Цяпер ён стаў паўнавартасным бізнэсмэнам — набыў бар насупраць Кастрычніцкай плошчы. Дзянісу Канаплёву належыць City-cafe Boulevard.

Як даведалася «Салідарнасць», ён уласнік яшчэ і Wine&whiskey bar Mixx на рагу праспекта Машэрава і вуліцы Чырвонай.

Пра старэйшага сына Мікалая вядома менш. Пазалетась Уладзімір Канаплёў у інтэрв’ю «Народнай газеце» расказаў, што сын вывучыў кітайскую мову і мае бізнэс у гэтай краіне.

Каментары10

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку15

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

У баях пад Харкавам загінуў расійскі апазіцыянер Дадзін — ён ваяваў за Украіну і любіў Янку Купалу8

Мінчанцы пагражае прымусовае псіхіятрычнае лячэнне за дапамогу палітвязням8

Мінчукі скардзяцца, што ў іх не працуе інтэрнэт ад А15

Расійскага «забойцу Вікіпедыі» забілі самога. А Вікіпедыя жыве5

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»5

Казачны парк або турыстычная вёска. Куды паехаць на выхадныя гэтай восенню?2

Сюррэалістычны ролік беларусаў збірае мільёны праглядаў у заходнім твітары9

Як бюджэтна адпачыць на востраве вечнай вясны ў Атлантычным акіяне? Беларусы падзяліліся досведам4

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне62

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку15

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →