Гісторыя55

«Я — той легендарны Сосенскі, якога шмат ведалі…»

Аўтар «Нашай Нівы», які вывеў у свет Змітрака Бядулю.

Вульф Сосенскі. З фондаў БДАМЛМ.

Яўрэй з вілейскага Даўгінава, які не здолеў заняцца бізнэсам па сённяшніх панятках, а пацягнуўся да беларускага слова. Гэта аўтар «Нашай Нівы» стагадовай даўніны Вульф Абелевіч Сосенскі.

Ён не меў добрай адукацыі, што зашкодзіла яму раскрыцца як творчай асобе. Хацеў стаць літаратарам, але так і застаўся пачаткоўцам. Заводзіў знаёмствы з дзеячамі культуры, пасля, калі іх не стала, пісаў успаміны.

Ён нарадзіўся ў 1883 у Даўгінаве. З яго біяграфіі пакуль вядома мала. Тое-­сёе знаходзім на старонках «Нашай Нівы», больш — у ягоных лістах.

«Вульф Сосенскі залажыў вялікую швальню і вучылішча кравецтва, — прымае ўчанікоў, вучыць англійскай і нямецкай рабоце. Скончыўшым у яго навуку выдаецца свядэцтва», — паведамляла НН у красавіку 1910. А ўжо праз непрацяглы час праз рэдакцыю збіралі грошы для Вульфа і яго «пакалечанай маткі», як для пагарэльцаў. Відаць, справа са швальняй скончылася нічым.

А першыя яго допісы ў газеце з’явіліся яшчэ ў 1908-м.

Паказаў Бядулю газету па­-беларуску

Менавіта Сосенскі быў тым чалавекам, які Самуіла Плаўніка (Змітрака Бядулю) далучыў да беларушчыны. І хаця Самуіл ведаў беларускую мову, у вершаскладанні практыкаваўся па-­расейску (у дзяцінстве складаў радкі і на старажытнаяўрэйскай мове). І яго расейскамоўныя вершы і апавяданні друкаваліся.

У Плаўніка ў Даўгінаве жыла цётка па маці — Злата Бейле. Туды яго і адправілі на вучобу ў ешыбот (школу рабінаў) у 1898. Там, праўда, доўга не правучыўся — перавёўся праз паўгода ў ешыбот у Ілью.

Затым была праца каля Батурына, у родным Пасадцы. Але наведваўся ў Даўгінава, за 25 кіламетраў. Прыкладна ў 1907 у мястэчку ён запісаўся ў сацыялістычны гурток, у якім чыталі расейскія брашуры пра Маркса, Энгельса, праграмы Бунда… А з беларускім друкаваным словам яго пазнаёміў Вульф.

Спачатку пра даўгінаўца, які выпісвае беларускамоўную газету Бядулю расказала знаёмая дзяўчына Мэра Гардон. Параіла з ім пабачыцца. Але ўсё не выпадала.

А калі ўжо Самуілу бацька прывёз адрэз сукна на гарнітур, сам і адвёз сына да Сосенскага на прымерку — кравец жа. Тады, праўда, пагаварыць пры бацьку надта не атрымалася, але некалькі нумароў «Нашай Нівы» ён прывёз у Пасадзец.

Сосенскі пасля пра здольнага хлопца напісаў у «Нашу Ніву». А даўгінаўскаму карэспандэнту адказалі: «Ваш пясняр, калі можа пісаць беларускія вершы, то няхай прышле, калі добрыя будуць, то ахвотна надрукуем». Праз дзевятнаццаць нумароў рэдакцыя адказвала самому Плаўніку:

«Ужо лепей, пішыце яшчэ. Толькі больш увагі на мову». Першая літаратурная публікацыя з’явілася 23 верасня 1910. Абразок «Пяюць начлежнікі» падпісаны «С.Плаўнік».

Невядома, як бы склаўся літаратурны лёс Бядулі, калі б Сосенскі не паказаў яму газету на беларускай мове. Даўгінаўскі яўрэй гэтым фактам ганарыўся і пры нагодзе не забываўся пра тое расказаць. Праўда, не ўсе верылі.

Не вучыўся

«Ты ж быў здольным хлопцам, — пісаў у 1940­м у лісце да Вульфа Бядуля, — няхай бы ты займаўся ў свой час самаадукацыяй. Я ж у маладыя гады быў не багацейшы за цябе, аднак вучыўся».

«Слухай, братку. Калі ў цябе хопіць часу і цярплівасці, я параіў бы табе вучыцца ў вольны час, каб стаць добраграматным чалавекам, а то пішаш так, як пісаў 30 гадоў таму назад. Я добра помню твае матэрыялы, якія ты прысылаў у «Нашу Ніву». Твае карэспандэнцыі былі заўсёды разумныя і талковыя», — працягваў Бядуля ў тым жа лісце. І падказваў, што допісы ў газетах добра аплочваюцца, але пісаць трэба літаратурнай мовай. Раіў стаць карэспандэнтам аднаго з мінскіх выданняў, а ён бы, як ужо вядомы пісьменнік, першы час правіў ягоныя тэксты. Праўда, з гэтага нічога, здаецца, не выйшла. А праз год памёр і Змітрок Бядуля.

Сосенскага шмат хто ведаў. Яшчэ ў міжваеннны час ён пазнаёміўся з Янкам Станкевічам, Антонам Луцкевічам.

У 1933 у «Гадавіку Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» доктар Станкевіч надрукаваў артыкул «Жыдоўскія рэлігійныя песні па­беларуску», у якім прывёў песню, запісаную ад Вульфа. Дарэчы, ён сабраў цэлы «зборнік беларуска­жыдоўскага фальклору», які збіраўся перадаць Беларускаму музею ў Вільні.

З Максімам Танкам Сосенскі сутыкнуўся, калі паэт працаваў у абласной газеце «Вілейская праўда» (затым «Сялянская газета») у 1939—1940. Ужо падчас вайны пісаў Танку лісты. Праўда, паэт не ўспрымаў земляка сур’ёзна. «Стары яўрэй працаваў калісь у «Нашай Ніве». Хваліўся, што ён Бядулю вывеў у свет. Яго партызаны пераправілі на гэты бок [за лінію фронту]. Ён знайшоў праз газету мой адрас і цяпер прысылае то нікудышныя вершы, то сентыментальныя лісты», — тлумачыў у лісце да жонкі Танк.

 «Як-­небудзь жыву»

У Вульфа была вялікая радзіна. Перад вайной, у 1935­-м, ён аўдавеў, застаўся з шасцю дзецьмі на руках. А як прыйшлі нацысты, забілі ўсіх. «Фашысты спалілі шасцёра маіх дзяцей, чацвёра братоў і сястру ў тым жа Даўгінаве. Нас было восем братоў і адна сястра. Адзін памёр маленькім, адзін не мог перанесці прыгнёту польскіх паноў — атруціўся… Самы меншы ў Буэнас­-Айрэсе на вуліцы паваліўся — памёр… Я, той легендарны Сосенскі, якога шмат ведалі, як-­небудзь жыву», — пісаў Максіму Танку.

У вайну ён трапіў у эвакуацыю ў Сібір, дзе «сышоўся з адной досыць добрай кабецінай, але слабой здароўем». Яго другая жонка Буня была на 33 гады мала­дзейшай. У год заканчэння Другой сусветнай у іх нарадзілася дачка Раіса.

Дзядок прапанаваў прабегчыся

З эвакуацыі сям’я перабралася ў Латвію — у мястэчка Ікшкіле Огрскага раёна, за 30 кіламетраў ад Рыгі. Буня працавала ў сталіцы на электратэхнічным заводзе, Раіса вучылася на медыка, гаспадар вартаваў краму. А яму было за 80 ўжо. У лістах скардзіўся на пагаршэнне здароўя: «трошкі аглух, вочы — зацягваюцца плёнкаю». Але не забываўся на справы творчыя: «Днём, вольным часам, памаленьку пішу казкі, апавяданні…»

У 1960­-я Сосенскага ў Латвіі наведаў літаратуразнаўца Арсень Ліс. Арсень Сяргеевіч успамінае, якім жвавым яшчэ быў дзядок. Ён прапанаваў прабегчыся да дуба, які стаяў наводдаль. І пабег…

Сосенскі пражыў у Ікшкіле роўна дваццаць гадоў, а ў 1966 выехаў з сям’ёй у Польшчу, каб адтуль ляцець у Ізраіль. З Іерусаліма ён прысылаў у Беларусь паштоўкі. Пісаў іх па­беларуску.

Там у 1969, як падказаў даследчык гісторыі літаратуры Віктар Жыбуль, і перастала біцца сэрца «таго легендарнага Сосенскага», аўтара «Нашай Нівы» стагадовай даўніны.

***

Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна. Сям’я была небагатай, але бацькі хацелі даць сыну адукацыю. Вучыўся ў хедэры, затым ешыбоце. Праўда, са школы рабінаў яго выгналі. Пачынаў пісаць па­расейску, але перайшоў на беларускую. Працаваў разам з Янкам Купалам у «Нашай Ніве». Пасля рэвалюцыі 1917 — у рэдакцыях газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Зорка». Пазбег рэпрэсій. Пры жыцці быў шанаваным беларускім пісьменнікам. Памёр 3 лістапада 1941 ад інфаркту ў вагоне цягніка, калі ехаў з сям’ёй у эвакуацыю. Пахаваны каля Уральска ў Расіі. У Мінску ў пісьменніка жыве сын Яфім Плаўнік.

Змітрок Бядуля — аўтар дзясяткаў кніжак прозы і вершаў. Найбольш вядомыя яго творы — аповесць­казка «Сярэбраная табакерка», аповесцяў «Салавей» і «У дрымучых лясах», апавяданні «Пяць лыжак заціркі», «На Каляды к сыну», «Летапісцы».

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну6

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць