Інстытут фізіялогіі АН: У паловы беларускіх і расійскіх мужчын няякасная сперма
Даследчыкі з Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі заявілі, што больш за 50% мужчын у Беларусі і Расіі маюць праблемы з якасцю спермы.
Вынікі беларуска-расійскага даследавання былі агучаныя на сумеснай канферэнцыі НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, што прайшла ў Навасібірску ў межах дзён Беларусі ў Сібіры.
Навукоўцы прааналізавалі ўзоры семені 1700 мужчын з Беларусі і Сібіры (з Навасібірска, Улан-Удэ, Кемерава і Якуціі).
8% мужчын мелі паніжаны аб'ём эякуляту, у 12% колькасць сперматазоідаў была ніжэйшая за норму, а ў 2% узораў сперматазоідаў не было ўвогуле. У 36% прааналізаваных узораў спермы была выяўлена замалая рухомасць сперматазоідаў.
Даследчыкі высветлілі, што рухомасць сперматазоідаў памяншаецца ў тых, хто курыць больш за 10 цыгарэт штодня ці мае індэкс масы цела вышэйшы за норму.
Загадчыца лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі кандыдат біялагічных навук Святлана Пашкевіч адзначыла, што статыстыка сведчыць аб зніжэнні канцэнтрацыі сперматазоідаў у здаровых мужчын. Яна сказала, што гэта тэндэнцыя можа прадстаўляць небяспеку ў будучыні.
Каментары