Літаратура

Польская кухня ў малюнках, біяграфія Гадлеўскага, раманы Рублеўскай і Анкі Упалы, аўтограф-сесіі аўтараў — на Міжнароднай кніжнай выставе

У выдавецтве «Янушкевіч» пабачылі свет новыя выданні — яны прадстаўленыя на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Анка Упала. На заснежаны востраў. Раман

Сённяшні свет — маленькі і крохкі. Тое, што адбываецца на іншым кантыненце, адбываецца на адлегласці выцягнутай рукі, адбываецца з табой. Мы ўсе жывём разам, дыхаем адным паветрам, п’ём адну ваду. Ніхто не чужы, ніхто не іншы настолькі, каб быць бясконца далёкім. У пэўным сэнсе іншасць — гэта ілюзія.

У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе Анка Упала апісвае рэальных людзей і рэальныя падзеі. Змененыя толькі імёны і некаторыя тапонімы. «Я не магла дазволіць сабе бавіцца выдумкай, бо знаходжу гэтую гісторыю занадта важнай, большай за мяне, большай за нас, — кажа пісьменніца. — Хай тыя, хто пажадае, пражывуць яе разам са мной».

Падзеі рамана адбываюцца ў Яблычным горадзе, куды пісьменніца выправілася, каб падвучыць шведскую мову. А разам з ёй там аказаліся дзясяткі іншых такіх самых шкаляроў з розных краін.

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе падчас мінскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў пятніцу, 2 сакавіка, а 14.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Анна Златковская. Страшно жить, мама. Аповесць

Што для вас адзінота? Вядомае многім пачуццё, апісанае шматлікімі пісьменнікамі. Але кожны аўтар раскрывае яго па-свойму. Ганна Златкоўская гэта робіць на прыкладзе маленькай дзяўчынкі. Народжаная па-за шлюбам, Ліка становіцца нежаданай для маці: тая чакала хлопчыка. У жанчын жа, па яе перакананнях, нешчаслівае жыццё апрыёры. І з гэтым настаўленнем дзяўчынцы даводзіцца ісці па жыцці.

«Гэтая аповесць пра жаночую душу, пра страхі і сумневы, пра адзіноту. Ва ўсім гэтым нам, жанчынам, дзяўчатам, дзяўчынкам, страшна прызнацца. Мы хаваем ад людзей свой унутраны свет, стараемся падладзіцца пад тых, каму прасцей жывецца, як нам здаецца.

Таму я напісала кнігу, каб расказаць яшчэ адну маленькую, але важную гісторыю пра дзвюх жанчын, якія моцна жадаюць быць любімымі. Толькі яны не ведаюць, дзе знайсці любоў і каханне», — тлумачыць Ганна.

Кніга «Страшна жыць, мама» — дэбютная для аўтара. Але яна ўжо атрымала станоўчыя водгукі. Напрыклад, пісьменнік Віктар Марціновіч параўнаў аповесць з кнігай «Пахавайце мяне за плінтусам» расійскага аўтара Паўла Санаева і раманам паляка Януша Вішнеўскага «Адзінота ў сеціве». Настолькі ўдала Златкоўская здолела перадаць адзіноту маленькай дзяўчынкі. Але гэта зусім не дзіцячая кніга. І не аўтабіяграфічная — сюжэт цалкам прыдуманы. Хоць менавіта такім можа быць жыццё ў многіх дзяўчынак па ўсім свеце.

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе падчас мінскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў суботу, 3 сакавіка, а 12.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Яанна Фургаліньска. Польская кухня. Адчуй смак традыцый: Зірні. Згатуй. З’еш / пераклад з польскай Вольгі Гуд

Гэтая кніга змяшчае найбольш папулярныя рэцэпты польскай традыцыйнай кухні. Яны пададзены арыгінальным спосабам — у выглядзе малюнкаў і тлумачэнняў да іх. Дзякуючы гэтаму, атрымаўся наглядны дапаможнік, па якім кожны зможа з лёгкасцю згатаваць смачныя стравы і тым самым дакрануцца да глыбокіх і блізкіх кулінарных традыцый Польшчы (не далёкіх і для беларусаў).

«У вулічнай апытанцы, праведзенай у адным з польскіх гарадоў, у адказ на пытанне пра тыповыя польскія стравы маладыя людзі найчасцей называлі піцу, бульбу фры, кебаб і спагеці. Падобнае ўражанне можа скласціся ў замежных турыстаў, якія беспаспяхова шукаюць у польскай правінцыі рэстаран з традыцыйнымі стравамі. Відаць, у пагоні за кулінарнай модай мы забыліся на нашу шматвяковую традыцыю», — тлумачыць ідэю кнігі Яанна Фургаліньска. Яна, дарэчы, і зрабіла ўсе малюнкі.

Прэзентацыя незвычайнай кнігі адбудзецца падчас мінскага кніжнага кірмашу 4 сакавіка а 12.00 на стэндзе выдавецтва (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Да выхаду кнігі Інстытут Польскі і выдавецтва таксама абвясцілі фотаконкурс. Умовы простыя: трэба згатаваць любую страву па рэцэпце з «Польскай кухні», зрабіць фота і размясціць яго ў сацыяльных сетках (Фэйсбук, Укантакце, Інстаграм) з хаштэгам #ПакаштуйПольшчу. На фотаздымку абавязкова павінна быць прыгатаваная Вамі страва і кніга «Польская кухня», а ўсё астатняе — Ваша фантазія.

Фотаздымкі на конкурс прымаюцца да 4 красавіка, а вынікі будуць абвешчаны 5 красавіка 2018 года. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы ад арганізатараў.

 

Людміла Рублеўская. Пантофля Мнемазіны. Раман

У сваім новым рамане Людміла Рублеўская ператасоўвае віртуальную рэальнасць і гістарычныя падзеі і ставіць герояў перад выбарам: змірыцца, стаць часткай сістэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды.

Маладая дызайнерка Вірынея праштрафілася перад начальствам і адпраўлена працаваць у маленькую транспартную газетку. На станцыі метро яна выпадкова заўважае ўласнага мужа, які нібыта загінуў сем год таму. Але дэтэктыўная інтрыга — толькі фон, на якім даследуецца цэлая эпоха. Рэпрэсіі 1930-х гадоў, ганебная «справа дактароў», карная медыцына, спецбальніца, схаваная ў пушчы, якая робіцца прытулкам для «ворагаў народа»… І немагчымая гісторыя кахання, якая адбываецца ў сталінскіх засценках, у лагерах ГУЛАГа, у хрушчоўскую «адлігу» і нават у XXI стагоддзі.

Дзе заканчваецца віртуальная рэальнасць, удзельнікам якой чытач раптам становіцца, ён не зразумее да апошняй кропкі.

Летась кніга Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» была ўганаравана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, а раман «Дагератып» атрымаў другое месца літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройца. Новы твор абяцае стаць не менш паспяховым.

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе падчас мінскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў суботу, 3 сакавіка, а 16.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Вінцэсь Мудроў. Помнік літары «Ў». Навелы і апавяданні

У новую кнігу сучаснага беларускага празаіка Вінцэся Мудрова ўвайшлі навелы і апавяданні, напісаныя цягам апошніх дзесяці гадоў. Сярод іх выдзяляецца навела «Албанскае танга», якая распавядае пра абставіны разрыву савецка-албанскіх адносін паўстагоддзя назад. У творы выразна прасочваюцца дзве сюжэтныя лініі — непасрэдны канфлікт паміж Мікітам Хрушчовым і Энверам Ходжа, а таксама гісторыя кахання беларускай дзяўчыны і албанскага студэнта.

А ў апавяданні «Помнік літары «Ў»» Мудроў да камічнага даводзіць «змаганне» з мовай на мясцовым узроўні.

Пад адну вокладку аўтар сабраў 13 твораў.

 

Андрэй Вашкевіч. Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу

Гэтым выданнем адкрываецца серыя навукова-папулярных біяграфій «Беларускія жыццяпісы».

Кніга гарадзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча — першая падрабязная біяграфія святара і грамадскага дзеяча Вінцэнта Гадлеўскага (1888-1942). Аднаго з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — самай уплывовай незалежніцкай арганізацыі Заходняй Беларусі.

У міжваенны час ён таксама ўзначальваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. У Савецкай Беларусі імя святара згадвалася амаль выключна ў прапагандысцкіх брашурах. Прычынай таму — яго супрацоўніцтва з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі. Гадлеўскі ўваходзіў у Раду Беларускай народнай самапомачы. Быў прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце. Але на кожным месцы для яго на першым месцы была беларуская справа. Таму і загінуў ад рук нацыстаў у Трасцянецкім лесе пад Мінскам. Андрэй Вашкевіч разглядае сем версій гэтага забойства.

І сёння Вінцэнт Гадлеўскі застаецца аб’ектам ідэалагічнай палемікі. Для адных ён — «рыцар незалежнасці», для іншых — «перакананы германафіл». Афіцыйная беларуская гістарыяграфія па-ранейшаму мае негалоснае табу на тэмы, якія нейкім чынам не ўпісваюцца ў сучасны ідэалагічны канон», — тлумачыць аўтар кнігі.

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе падчас мінскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў нядзелю, 4 сакавіка, а 13.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Аляксандр Гужалоўскі. Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР. Кніга 2. 1943-1991 гг.

Савецкая татальная цэнзурная машына кантралявала змест і працэсы распаўсюджвання інфармацыі, у тым ліку друкаваную прадукцыю, музычныя і сцэнічныя творы, творы выяўленчага мастацтва, радыё і тэлебачанне, а таксама кіна-, фота-, фона- прадукцыю з мэтай спынення шкоднай альбо непажаданай інфармацыі.

Чырвоны аловак цэнзуры стаў сімвалам ідэалагічнага бар’ера для думак і ідэй. Чым больш новыя і арыгінальныя яны былі, тым менш было ў іх шансаў дайсці да людзей.

З цэнзарамі давялося пазнаёміцца ўсім грамадзянам, хто пісаў, здымаў, маляваў, ажыццяўляў пастаноўкі, макетаваў палосы і ствараў экспазіцыі, заўсёды знаходзіліся ў полі зроку цэнзараў.

Пра феномен цэнзурнага мыслення красамоўна сведчыць выпадак з інкруставаным партрэтам Сталіна, вырабленым да яго сямідзесяцігоддзя ў 1948 г. беларускімі майстрамі. Зроблены да яго надпіс «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа» прыйшлося тэрмінова перакласці на рускую мову, бо нехта ў апошнюю хвіліну прачытаў яго з націскам на прыназоўнік «ад», пераўтварыўшы яго такім чынам у назоўнік.

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе падчас мінскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў суботу, 3 сакавіка, а 14.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

 

Акрамя гэтага, на стэндзе выдавецтва «Янушкевіч» пройдуць наступныя аўтограф-сесіі: 

Пятніца, 2 сакавіка, а 16.00 свае кнігі будуць падпісваць гісторыкі Уладзімір Падалінскі («Прадстаўніцтва ВКЛ на Люблінскім сойме»), Анатоль Трафімчык («Наш Касцюшка слаўны!» і «1939 год і Беларусь»), Мікола Волкаў («Артылерыя Нясвіжскага замка»), Аляксей Шаланда («Таямнічы свет беларускіх гербаў»).

Пятніца, 2 сакавіка, а 17.00 Алесь Белы (Кухмістр Верашчака) падпісвае кнігу «Сакатала бочачка. Праўдзівая гісторыя нашых напояў».

Субота, 3 сакавіка, а 17.00 Альгерд Бахарэвіч падпіша свае кнігі «Сабакі Эўропы» і «Бэзавы і чорны».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць