Гісторыя2020

Ларыса Геніюш: чаму яна не зламалася

Ларыса Геніюш стала прыкладам, як можна выжыць ва ўмовах бесчалавечнага рэжыму і не зламацца. Гэтая беларуска так і не прыняла савецкага грамадзянства. Вернасць ідэалам зрабіла яе маральным магнітам свайго часу. Адкуль узялася такая сіла ў звычайнай дзяўчыны з фальварка Жлобаўцы, што каля Ваўкавыска, піша «Наша гісторыя». (Артыкул быў упершыню апублікаваны ў 2020 годзе.)

Ларыса Геніюш і вядомая яшчэ з нашаніўскага перыяду пачатку ХХ стагоддзя беларуская дзяячка Паўліна Мядзёлка, што хінецца да яе. Мядзёлка стварала легенды пра каханне Янкі Купалы да яе, але многія лічаць, што яе роля ў 1930-я была злавесная: яна была даносчыцай у коле беларускай інтэлігенцыі. Не давярала ёй, трэба сказаць, і Геніюш, пра што пісала ў сваіх лістах. І гэтае фота не мусіць уводзіць у зман: урэшце адносіны паміж гэтымі дзвюма жанчынамі былі па ініцыятыве Геніюш разарваныя.

Для пакалення Ларысы Геніюш Беларусь была краінай страчаных айчынаў. Cады іх маладосці згарэлі ў вайну, палі іх бацькоў забралі ў калгасы. Хутары і фальваркі проста зніклі.

Найлепшыя гады жыцця Геніюш прайшлі за межамі Беларусі. Але любіла яна па-над усё яе — забраную Бацькаўшчыну. І стала бясспрэчным прыкладам і аўтарытэтам для людзей, якія падзялялі з ёй гэтую любоў: Уладзіміра Караткевіча, Міхася Чарняўскага, Аляксея Карпюка, Васіля Быкава, студэнцкай моладзі 1980-х, якая стварыла першыя незалежніцкія суполкі.

«На чалавечае сумленне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто не кажа, што нельга ўстояць! Няма сумлення — і няма чалавека! Касцяк людскі — гэта людское сумленне», — так пісала яна. І ўсё жыццё жыла паводле гэтага прынцыпу сама і натхняла жыць іншых.

Жлобаўцы

Сіла Геніюш была, безумоўна, з сям’і і з юнацтва.

«Міклашы» — так называлі яе род у ваколіцах роднага фальварка, ад дзявочага прозвішча Міклашэвіч.

Сталенне Ларысы прыпала на часы, калі Заходняя Беларусь была «ўсходнімі крэсамі» польскай дзяржавы. Яна без піетэту называла тагачасныя польскія ўлады «атупелымі ў сваім шавінізме», «папярэднікамі Гітлера».

Прыватная ўласнасць была тады ў пашане, працавіты зарабляў, разумны прабіваўся, але беларусы, украінцы, габрэі, літоўцы былі грамадзянамі другога гатунку, бо дзяржава была польская і аўтарытарная.

Ларыса расла, бачачы масавыя арышты пасля таго, як дзеці ў школах пазамазвалі сажай партрэты маршала Пілсудскага і напісалі на дошках патрабаванне беларускай школы. Яна бачыла збітых у паліцыі. Перад яе вачыма вялі з дэфензівы камсамольцаў — яны дыбалі на насках, бо пяты былі скалечаныя дубінкамі. Людзі ў турме рэзаліся, не змогшы стрываць пабояў.

Ларыса Геніюш — вучаніца Ваўкавыскай польскай гімназіі. 1928 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва 

Папулярная беларуская партыя «Грамада» была разгромленая, але нацыянальная свядомасць у сялянстве расла памалу і перамешвалася са шчодра трансляванай з СССР камуністычнай агітацыяй.

«Душылі падаткамі, ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасці, быццам ідэі дэмакратыі й вольнасці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў… Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існавання».

Беларусам забаронена было займацца палітыкай, ім заставалася толькі зямля. І яна, пісала Ларыса, нібыта гаварыла да іх.

Ваўкавышчына — стары, здаўна заселены край з балта-славянскай цераспалосіцай назваў. І зусім не ад выцця ваўкоў названы. Гэта «волак высокі» — месца, праз якое купцы перацягвалі караблі, дзе ў старажытнасці былі гандлёвыя факторыі. Тут яшчэ ў часы неаліту былі распрацаваныя крамянёвыя капальні. Побач Наваградак — тут пачалося ВКЛ і жыў Адам Міцкевіч. Непадалёк Якушоўка і Свіслач, мясціны Кастуся Каліноўскага.

Але і тут не было справядлівасці. Нават працуючы дзень і ноч, Міклашэвічам цяжка было выбіцца з пазык і выплаціць банку крэдыт, узяты яшчэ за царом Мікалаем на набыццё фальварка.

Ларыса, найстарэйшая з пяці дзяцей у сям’і, была і «старэйшым сынам» — яна вырашала дзелавыя пытанні, якімі бацька займацца не хацеў ці не меў сілы.

Адзіночка

Змалада Ларыса была адзіночкай. Яна дзівіла сваёй глыбіннай беларускасцю бацькоў-фальваркоўцаў, якія імкнуліся даць дзецям асвету і далучыць да «вышэйшай культуры» каланізатара. Уяўленне пра культурнасць у «асяродку паўінтэлігентаў», дзе гадавалася Ларыса, не выходзіла за межы жадання мець дом са слугамі і гульні ў прэферанс вечарамі. Ларыса слуг не хацела: «кожны мае сам сябе абслугоўваць», гэта быў яе прынцып.

Яна вобмацкам шукала межы сваёй беларускасці: «Многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах».

З заходнебеларускімі камсамольцамі-атэістамі і КПЗБ яна не сышлася ў пытанні веры: Бога Геніюш не выраклася і ў самыя цяжкія моманты жыцця.

«Праграма Каліноўскага» міжваенных часоў

Ларыса і мужа сабе шукала блізкага па духу.

Кавалераў была процьма — нават маладыя бацюшкі сваталіся, — але не было ў тых жаніхоў толькі аднаго: беларускасці. Муж абавязкова мусіў быць беларусам не толькі паводле паходжання, але і паводле ідэі. І такі знайшоўся: Янка Геніюш з недалёкай Зэльвы. Янка вучыўся ў Празе на медыка.

Вяселле Янкі і Ларысы. Фота: pawet.net

У міжваенны час урад Чэхаславакіі выдаткоўваў стыпендыі для навучання беларусаў ва ўніверсітэтах гэтай краіны. Траплялі туды выпускнікі беларускіх гімназій. Працэс каардынавалі беларускія арганізацыі ў Вільні. Яны бралі з кожнага абітурыента распіску, што па сканчэнні ўніверсітэта той выдасць кніжку па сваёй спецыяльнасці і за свае грошы дасць вышэйшую адукацыю яшчэ аднаму беларусу — такая была стратэгія фармавання нацыянальнай эліты. Нелегальнымі шляхамі, не маючы візаў, маладыя беларусы праз Вільню, Каўнас і Берлін траплялі ў Прагу.

Цяпер Геніюш сканчаў навучанне і працаваў асістэнтам у чэшскага доктара. Янка быў элегантны, паводзіў сябе з Ларысай па-рыцарску, прывозіў ёй мастацкую літаратуру і кніжкі па беларускай гісторыі.

Яны пабраліся і пераехалі да мужавых бацькоў у Зэльву. Усе свае невялікія заробкі Янка выдаткоўваў на цукеркі і падарункі для маладой жонкі. Калі ж надышоў час ехаць здаваць фінальныя экзамены на атрыманне спецыяльнасці доктара, яго раптам не выпусцілі з краіны.

Ларыса Геніюш у 1937 годзе. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«З меркаванняў дзяржаўнай бяспекі»

Напярэдадні праходзілі выбары ў польскі Сейм, «дзе кандыдатаў назначалі згары». І сям’я Геніюшаў, як і многія беларусы, іх байкатавала. Стаўленне да Янкі было дробнай помстай улады. «Ёсць у бацькі шэсць гектараў — вось і ары іх», — казала яму ў вочы надзьмутая чыноўніца. Ураднік у Ваўкавыску адзначыў, што студэнта не выпускаюць «з меркаванняў дзяржаўнай бяспекі». Але ўрэшце нават такія меркаванні былі бяссільныя перад карупцыяй: Геніюш звярнуўся да знаёмага памешчыка, а той вырашыў пытанне з дазволам праз знаёмага міністра. Праз год да Янкі ў Прагу паехала і Ларыса з малым сынам Юркам.

Дом 7 па вуліцы Германавай, у якім Геніюшы жылі ў Празе. Фота: wikimedia.commons

Ад’язджаючы ў 1937-м у Чэхаславакію, Геніюш не магла падумаць, што бачыць бацькоў і родны дом у Жлобаўцах апошні раз. У 1939-м у Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, а разам з ёй «агульнае азвярэнне»: сусед Міклашэвічаў Люцік, «набожны чалавек», якому яны і па гаспадарцы дапамагалі, і дзяцей жанілі, першы падпісаўся пад даносам на іх.

Бацьку замучылі ў Гродзенскай турме, маці і сясцёр выслалі ў паўночны Казахстан, на станцыю Кіялы, саму хату перавезлі ў недалёкія Гудзевічы.

Як пачалася вайна, на бацькоўскую сялібу вярнуўся брат Расціслаў, што ў 1939-м уцёк ад бальшавікоў на нямецкую тэрыторыю. Ён вярнуў з Гудзевіч хату, каб маці было дзе прытуліцца, як прыедзе з высылкі. Расціслаў запрыязніўся з партызанамі, яны нават хацелі памагчы яму адпомсціць Люціку. Але хлопец аддаў таго на Боскі суд. У 1944-м Расціслаў пайшоў на фронт і загінуў пад Берлінам за два тыдні да канца вайны. Маці памерла ў Казахстане. Сёстры выехалі ў Польшчу. Яшчэ адзін брат Аляксей ваяваў у арміі Уладзіслава Андэрса і пасля вайны апынуўся ў Вялікабрытаніі.

Мацярынская віна

Віна перад сынам — яшчэ адно пачуццё, якое вадзіла рукой Геніюш, калі яна пісала «Споведзь».

«Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэнні. Не было ў мяне выбару, сын,— Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…»

Віна, канечне, была без віны: сталася так, што Янку і Ларысу Геніюшаў арыштавалі ў адну ноч, а іх 12-гадовы Юрка застаўся адзін. Сувязь бацькоў і сына перарвалася на гады. А Юрка якраз быў у такім веку, калі фарміруюцца воля і характар. Яго перадалі куму, пасля — сёстрам Ларысы ў Польшчу, пасля ён трапіў у прытулак, пасля — у турму па хуліганцы… У памяці Ларысы застаўся разумны светлы хлопчык, яе радасць, а не дарослы «нелюдзь», які, напіўшыся ў гасцях у бацькоў, кідаўся душыць маці.

Ларыса з Юркам у Празе. 

Але ў той жа час сын не зрокся бацькоўскіх ідэалаў. Жывучы пасля вайны ў Польшчы, ён быў актыўным дзеячам беларускай супольнасці на Беласточчыне, даволі вядомым беларускамоўным пісьменнікам. І перадаў сваю беларускасць дзецям.

Ліст ці архівы?

У чым была віна Геніюшаў — доктара і хатняй гаспадыні — перад савецкай уладай? З пачаткам Другой сусветнай у Празе стварыўся беларускі Камітэт самапомачы, грамадская арганізацыя, у якой Ларыса была скарбнікам. Рэй там вёў Іван Ермачэнка, які і прапанаваў скласці ад імя камітэта вітальны ліст да Гітлера. Старшынёй таго сходу нечакана прызначылі доктара Геніюша. Ліст ніхто з прысутных не захацеў падпісаць, але пасля архіў камітэта дзіўным чынам трапіў у НКВД. І падчас следства Ларыса пабачыла подпісы, выведзеныя пад капірку, — і тых, хто на сходзе быў, і тых, хто не быў. Стаяў нават подпіс яўрэя Вольфсана, якога ў камітэце перахоўвалі ад нацыстаў пад выглядам беларуса.

У пачатку 1940-х некаторыя беларускія дзеячы, той жа Ермачэнка, бачылі ў немцах «меншае зло» ў параўнанні з саветамі і ішлі на супрацу з імі. Але Геніюш адразу ўсведамляла, што апроч знішчэння гітлераўцы нічога не прынясуць Беларусі.

Ермачэнка ўсяляк інтрыгаваў, спрабуючы залучыць Ларысу ў супрацу з немцамі, — пасылаў яе мужа працаваць у Беларусь, у Баранавічы і Слонім, прыходзіў з гестапаўцамі на кватэру патрабаваць, каб Ларыса таксама ехала на радзіму «прапаганда махен». Адбівацца дапамагалі іншыя немцы — напрыклад, яе добры знаёмы доктар Піпер, які быў накшталт міністра аховы здароўя ў акупаванай Чэхаславакіі.

Лініі несупрацоўніцтва з нацыстамі трымаўся і мудры Васіль Захарка, дзядзька Васіль, як называла яго Ларыса, прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з творцаў Акта 25 сакавіка 1918 года. Ён дажываў у Празе на малую пенсію ад Чырвонага Крыжа.

Захарка ясна бачыў аднолькавасць Гітлера і Сталіна: першы хоча вынішчыць беларусаў фізічна, а другі, знішчыўшы эліту, русіфікаваць. Ён моцна паўплываў на Геніюш.

Канаючы ад сухотаў у шпіталі ў 1943-м, Захарка раіўся з Ларысай, каму перадаць прэзідэнцтва БНР. «Перадаў бы табе, але ты жанчына», — казаў ён. У Еўропе 1943-га жанчына яшчэ не магла быць прэзідэнтам. Геніюш парадзіла на прэзідэнта Міколу Абрамчыка, а сама стала генеральным сакратаром. У Беларускай Народнай Рэспубліцы яна займала пасаду з той самай назвай, якую ў СССР займаў Сталін.

Апроч сімвалічнай, была і цалкам матэрыяльная частка спадчыны БНР — яе архівы. Абрамчык здолеў вывезці іх у Францыю і так уратаваць. Калі пакавалі архівы, было дзіўнае, успамінала Геніюш. Перакладаючы дзяржаўную пячатку БНР, яна пацалавала яе. Бачылі гэта толькі Абрамчык і спявак Міхал Забэйда-Суміцкі, што якраз прыйшоў у кватэру і не было як яго не пусціць. А пасля ёй гэты эпізод успомніў у Мінску следчы НКВД.

Выглядае, што менавіта архівы БНР цікавілі савецкія органы, а «ліст да Гітлера» быў фальсіфікаваны для шантажу.

Першая спроба выкрадання

Геніюш была далёкай і ад правых, і ад левых ідэй Еўропы 1940-х. Яе ідэалам была амерыканская канстытуцыя ды прынцыпы, прагалошаныя Французскай рэвалюцыяй, — словам, тое, на чым будуецца сённяшні дэмакратычны лад. Але такога выбару жыццёвая сітуацыя не прапаноўвала.

У тыя трывожныя часы трагічнае мяшалася са смешным: пасля выгнання немцаў на кватэру да Геніюшаў прыходзілі савецкія афіцэры, што падчас пераможнага шэсця па вызваленай Еўропе «нахваталі трыпяркоў» (Янка Геніюш тады спецыялізаваўся на венерычных хваробах), а да штатных венеролагаў звяртацца не хацелі, каб не было агалоскі. Раз прыйшоў славацкі партызан з аўтаматам і хацеў разабрацца з «фашысцкімі памагатымі»: малы Юрка пабег на вуліцу і прывёў знаёмага здаравеннага салдата-ўкраінца, які выкінуў таго ваяку вон.

Потым у Прагу падцягнуліся тылавыя часткі і савецкія карныя органы. Першы раз Геніюшаў хацелі выкрасці яшчэ ў 1945-м: ламалі дзверы, а пад вокнамі нацягнулі брызент, калі раптам надумаюцца скакаць. Геніюшы замкнуліся ў кватэры і сядзелі так тыдзень. Сабраўся натоўп абураных суседзяў, і нападнікі рэціраваліся.

«Ваенныя злачынцы»

Першыя тры пасляваенныя гады ў Чэхаславакіі панавала адносная дэмакратыя: існавалі чатыры партыі, фактычна адкрытая мяжа. Ларыса пасля шкадавала, што, гуляючы ў ваколіцах памежнага Вімперка, дзе атрымаў работу Янка, яны ніколі не «заблукалі» і не ўцяклі праз Нямеччыну на Захад.

Шчаслівая сям'я: Ларыса і Янка Геніюшы з Юркам яшчэ жывуць у дэмакратычнай Чэхаславакіі. Фота: wikimedia.commons

Але ў 1948 годзе на выбарах «перамаглі» камуністы, і Чэхаславакія пачала дрэйфаваць у бок сталінскага СССР. Прэзідэнт Эдвард Бенеш, паслядоўнік першага кіраўніка Чэхаславакіі Томаша Масарыка, сышоў з пасады, адмаўляючыся падпісаць новую канстытуцыю, распрацаваную камуністамі. І ў той жа самы год Геніюшаў выдалі ў СССР як «ваенных злачынцаў». Іх арыштавалі чэхаславацкія сілавікі, а пасля Прахаціцкі обэц (сельсавет), што побач з Вімперкам, пазбавіў іх грамадзянства. Бо грамадзян Чэхаславакіі выдаваць у СССР было незаконна.

Ларыса амаль смяялася з гэтага: яны ж арганічна не прымалі гітлерызму. А сапраўдныя памагатыя нацыстаў, былыя паліцаі, і тэрміны атрымалі меншыя, і яшчэ ў лагерах былі начальнікамі над «палітычнымі».

«Нехрыст паганы»

Свайму Янку яна ўсё жыццё ўспамінала, што ён не паслухаў яе, не пагадзіўся ехаць на Захад пасля вайны. Была магчымасць ехаць у Францыю, але Янка ўпёрся: жонка хай едзе, калі хоча, а я не паеду і сына не аддам. Была магчымасць зрабіць англійскае грамадзянства, але Янка хацеў чэшскае. Казаў, што ён «сацыяліст» і што амерыканцы аднымі кансервамі харчуюцца, а ён іх не любіць. Успамінала Ларыса яму тыя кансервы і ў ГУЛАГу, і пасля…

«Нехрыст паганы» — у запале пісала Ларыса пра мужа, але і шкадавала яго, мякчэйшага і слабейшага за сябе чалавека.

Нечакана таксама заўпарціўся 10-гадовы Юрка. Сказаў бацькам, што чужое грамадзянства — здрада свайго народа. «Можа, якія агенты яго так навучылі?» — пісала Геніюш, перадумваючы гэты эпізод у «Споведзі». Падазраваць уласнага сына — вось да чаго чалавека можа давесці жыццё пад наглядам сексотаў.

…Каб не тое нежаданне Янкі Геніюша рухацца з месца, Ларыса Геніюш засталася б у гісторыі паэткай. Гераіняй яе зрабілі турма і жыццё ў СССР.

Камера мела форму труны

У чэшскай турме яны яшчэ паспелі справіць Янкаў дзень нараджэння. У камеру даставілі замоўлены напярэдадні, яшчэ ў вольным жыцці, торт, віно — Чэхаславакія жыла яшчэ па дасавецкіх, гуманных законах. Селі за стол разам з канваірамі ды аднакамернікамі.

Следства адбывалася ўжо ў Мінску. Геніюшы да суда сядзелі ў славутай «амерыканцы»: «Пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў». Праседзеўшы там некалькі месяцаў, няўрымслівая Геніюш абдумвала, што трэба будзе зрабіць тут музей ці капліцу, дзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на Дзяды і Радаўніцу.

Яе дапытваў «хітры чакіст» Коган — агітаваў, расказваў пра сваіх бацькоў, бедных яўрэяў, шкадаваў, што вайной Ларыса не была ў Беларусі — дапамагла б партызанам…

Уся яе «віна» была задакументаваная толькі тым падробленым лістом да Гітлера ад імя беларускага Камітэта самапомачы.

Следства не рухалася, Ларысу перавялі ў іншую камеру, «на акно якой прылятае птушачка», пасля — у падвал. Нары там былі адны і на іх спала штатная турэмная «наседка» Нэла. Геніюш давалі спаць на ноч нары — адзін канец клаўся на батарэю, другі на тумбачку. Нэла правакавала ўвесь час, то хаміла, то расказвала бздуры пра Заходнюю Беларусь. Адзінай радасцю было выйграць у яе ў даміно.

Пасля Ларыса сядзела з блатной Воляй з Оршы, якая біла яе па загадзе следчага, каб скарэй дабіцца нейкіх паказанняў.

Прыродны розум і жаночая інтуіцыя падказалі Ларысе Геніюш адзіны правільны шлях паводзін у савецкай турме: не вер, не бойся і не прасі.

Яна не ведала гэтага зэкаўскага выразу, але інтуітыўна да яго прыйшла ў «амерыканцы». Гэта дапамагло ёй выстаяць. Калі ты іх не баішся, яны нічога не могуць табе зрабіць, гучыць між радкамі яе «Споведзі».

Чым вымяраецца вартасць жыцця

Савецкіх людзей Геніюш спазнавала ў турме, многае ў іх яе шакавала.

Сукамерніцы зайздросцілі Ларысе, што яна пажыла на Захадзе, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы што, бедавалі ды працавалі». «Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасць жыцця й яго цікавасць, у маім паняцці, не вымяраліся гэтым», — піша Геніюш.

Геніюш ехала ў БССР з меркаваннем, што яе вязуць хай у савецкую, але ў беларускую дзяржаву. Якое ж было яе здзіўленне, калі ў турме яе заяву, каб атрымаць з рэчаў нейкую драбніцу, не зразумелі, падумалі, што гэта напісана па-чэшску. «О мая Беларусь…» — у Геніюш міжволі вырваўся стогн.

Агіду выклікалі ў яе і метады савецкіх следчых. Каб вывесці жанчыну з маральнай раўнавагі, следчы Коган стаў ёй казаць, што ў яе мужа ў Слоніме, дзе ён працаваў падчас вайны, былі нейкія «прыяцёлкі». Геніюш лоўка яго абсекла: «Вось каб ён год жыў адзін і нікога не меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасце, ніякі не манах». Пасля той самы прыём ужо зусім без мэты, проста са шкоднасці, ужыў начальнік канвою ў глыбіні Расіі, за Горкім: «сказаў мне, што ўжо вёз сюдэмі маяго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку… Гэты вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах».

Мужа Ларыса шкадавала і ў турмах, разумела, што мужчынам там яшчэ цяжэй. І, калі ў перасыльнай турме ў Вене папрасілася дапамагаць мыць адзенне вязняў, з трымценнем углядалася ў кашулі, спадзявалася, што пазнае мужаву.

Больш за ўсё яе шакавала дэгуманізацыя чалавека, якая адбывалася ў Савецкім Саюзе і, асабліва, за кратамі. Яна назірала маральна зламаных і абсалютна чэрствых людзей, і ўсе да аднаго турэмныя дактары былі такімі. У «Споведзі» яна з дзівоснай для чалавека, які не мог працаваць у архівах ці чытаць забароненую ў СССР літаратуру, праніклівасцю апісвае, як сістэма працавала на тое, каб абесчалавечваць людзей.

Яе ўласны рэцэпт, як захаваць сябе чалавекам у нечалавечых умовах, быў такі: «Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасліва жыць, калі б толькі слухала голасу свайго сэрца. Яно мне падказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, дзе трэба… У вязніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папярэджвалі».

Цанава і зялёныя дываны

Адзін раз дапытваў яе сам Лаўрэнцій Цанава — усёмагутны кіраўнік МГБ БССР.

Ларыса запомніла безгустоўныя зялёныя дываны ў яго кабінеце, абабітым дрэвам. Цанава загадаў ёй зняць каптурык (капялюшык) — яна не зняла. Калі спытаўся, як з ёй гаварыць, па-руску ці па-чэшску (быў перакладчык), Ларыса адказала, што міністр беларускай дзяржавы мог бы і па-беларуску. Прысутныя на допыце высокія чыны МДБ ледзь не зарагаталі. «Аддай архіў БНР!» — прыступаўся Цанава. «У мяне яго няма», — адказвала Геніюш. Цанава загадаў біць яе кожны дзень.

Патрабаванне Цанавы паказвае, што архіў быў тым, што іх найбольш цікавіла ў Геніюш.

Нягледзячы на застрашванне Цанавы, следчыя яе не білі. Ціснулі псіхалагічна, але не білі.

Адзін страшыў, што сцягне з яе трусы, другі — што павесіць на мінскай вуліцы, трэці зневажаў: якая вы паэтка, у нас у дзясятым класе лепей пішуць. Але як два першыя следчыя выйшлі з кабінета, той трэці сказаў мірна: «Ну, кажыце, што хацелі расказаць, а я буду запісваць».

Урэшце Коган урачыста ёй абвясціў, што матэрыялаў «дастаткова для суда». З суда мала што запомнілася — хіба прозвішча старшыні: Шаўчэнка. Як у генія, адзначыла Ларыса. І яшчэ аднаго паэта яна ўспамінае ў «Споведзі»: Максім Танк — вершы яго ведала з маладосці, і гэта было «тое, што трэба».

На судзе Ларыса праз доўгі час пабачылася з Янкам. Ён быў вельмі худы, без пярэдняга зуба. Прамаўляючы апошняе слова, заплакаў. Ларыса ж сказала жорстка і злосна: і пра замучаных бацькоў, і пра ўсю несправядлівасць, «але гаварыць там не было з кім».

Суд «удаліўся» выносіць рашэнне і адразу ж вярнуўся ды абвясціў па 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў кожнаму. Паўстагоддзя на дваіх.

«У Еўропе, нават камуністычнай, была нейкая логіка ў людзей, законы й паслядоўнасць, тут Сталін і мера пачуццяў да яго вырашалі людскія лёсы», — пісала Геніюш.

«Кіп смайлінг»

Свой тэрмін Янка адбываў у Варкуце, а калі памёр Сталін, яго перавялі ў цяплейшыя мясціны, у Мардовію. Ларысу ж павезлі ў Комі АССР, у Інту.

У той час да многіх саставаў чаплялі турэмныя вагоны. Такі вагон меў тры аддзяленні, разгароджаныя калючым дротам. З аднаго боку былі мужчыны, з другога жанчыны, пасярэдзіне канвой. Залазіць у сваю палову зэкам трэба было на карачках праз невялікую дзірку ў калючым дроце. Калі цягнік меўся кранацца, дзірку наглуха запляталі «калючкай». Прыбіральняй была дзірка ў падлозе. Чым далей на ўсход, тым болей рабілася на рэйках тых турэмных вагонаў. А пасля і цэлыя эшалоны ішлі ды ішлі. Лес замяняўся лагернымі вышкамі — яны мільгалі і мільгалі абапал шляхоў.

У камерах, на перасылках, засвоіла Геніюш, не варта хандрыць, скардзіцца на долю. «Кіп смайлінг» («Працягвайце ўсміхацца» па-англійску), — паўтарала яна сабе ў цяжкія хвіліны.

«Не прывычная я ў жыцці да выгодаў, але адно — не магу на цвёрдым спаць. Пасцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах!» — пісала Геніюш.

Спалі зэчкі без прасцін, падушка і матрац былі набітыя стружкамі і дробнымі калодачкамі. На коўдру этапная сяброўка-ўкраінка прыслала Ларысе вату.

Найболей яна сябравала з патрыёткамі-ўкраінкамі, забранымі ад сваіх гаспадарак, мужоў, дзяцей. І ў лагерах найболей гаварыла па-ўкраінску. Бывала, у навабранцаў-канваіраў пачыналася істэрыка ці прыступ садызму, і яны трымалі жанчын да ночы ў тундры, страляючы вакол іх. Украінкі стаялі сцяной і спявалі змагарныя песні на ўвесь голас.

Дапамагалі выстаяць таксама гумар і, як ні дзіўна, годнасць, адчуванне сваёй маральнай перавагі. Калі начальнік лагера Шапіра адабраў у Геніюш Біблію, якую яна цудам зберагла на этапах, яна пасля пабачыла, што ў старонкі з яе загортваюць аспірын для хворых. «Што ж, у бандытаў і зладзеяў ніколі нічога не было й не будзе, нават паперы на аспірын», — прыпячатала яна.

Самаробная паштоўка, якой павіншаваў Ларысу Геніюш напрыканцы 1954 года вязень-беларус Васіль Супрун, кіраўнік беларускай патрыятычнай падпольнай групы «Чайка», што існавала ў 1946—1947 гадах на Наваградчыне. Паштоўка была перасланая з Варкуты тайнай міжлагернай поштай. Фота: racyja.by

Зэчкам часам даводзілася вышываць за пайку для жонак лагерных начальнічкаў. «Як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, — не разумела Геніюш. — Дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, бяздушных…»

Глюкоза

Мужчыны працавалі ў шахтах. Дарога з лагера была адна, і калі калоны разміналіся, была магчымасць перадаць запіскі, абмяняцца інфармацыяй, атрымаць порцыю «глюкозы». Гэтым умоўным словам зняволеныя-беларусы называлі вершы Ларысы Геніюш.

Беларускія «палітычныя» ведалі яе па вершах. Ларыса цягам усёй вайны друкавалася ў газеце «Раніца», што выходзіла ў Берліне для палонных-беларусаў — проста таму, што іншай газеты па-беларуску не было.

Яна пачала пісаць вершы з юнацтва, але паказвала хіба сёстрам. Пісанне было нечым накшталт медытацыі. Геніюш упершыню надрукавалася пасля трыццаці год — талент меў час саспець. Таму яе паэзію заўважылі, яна праймала ўзнёсласцю і сілай.

40-гадовая Ларыса была сталейшая за большасць землякоў, сустрэтых у ГУЛАГу. Тут было шмат учарашніх школьнікаў з Саюза беларускай моладзі. На выпадак, калі запіскі знойдуць канваіры, яны ўмовіліся пісаць замест «Беларусь» — «гаспадарка», землякоў

называць «сыны і дочкі». Адсюль і пайшоў той лагерны зварот да Геніюш — «маці».

«Унучкі Трумэна»

Блатныя Геніюш не чапалі за смеласць.

Яны сядзелі ў асобных лагерах для «бытавікоў», але нічога не перашкаджала якой-небудзь зладзейцы выгукнуць пару лозунгаў і назвацца ўнучкай Гары Трумэна. І за «антысавецкую агітацыю» яна трапляла ў палітычны лагер. Адна такая зэчка падзялілася з Ларысай, што забіла шэсць чалавек, і яе, маўляў, паважае, бо яна такая ж. Геніюш жахнулася: яна чарвяка на дарозе абыходзіла, каб выпадкова не пазбавіць жыцця. Смеласць яе расла зусім з іншага карэння: з усведамлення сваёй праўды і глыбокай веры ў Бога. «Ніводзін волас з вашай волі з маёй галавы не ўпадзе!» — крычала яна следчым не раз.

Геніюш успамінала, як яе біў «толькі раз нейкі Іваноў» за тое, што не захацела мыць падлогу ў канваірскім бараку. Болей мучылі маральна: «Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нервы, ганялі, усяк прыніжалі. … Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасці». Найбольш дратавала тое, што на кожнай праверцы трэба было казаць канец свайго тэрміну. У Геніюш гэтае свята прыпадала на 1973 год.

«Ці паспела палюбіць савецкіх людзей»?

У дзень смерці Сталіна да Ларысы падышла вядомая стукачка Афанасьева і кажа: «Он был гений, как вы находите?»

Амаль адразу пачалася ў лагерах «лібералізацыя»: дазволілі спароць нумары з адзежы і пісаць дамоў па адным лісце на месяц замест двух на год.

Улада нібыта і шукала магчымасці выпусціць Геніюшаў, але зрабіць гэта трэба было так, каб не прызнацца, што пасадзілі іх без ніякай віны. Яе выклікалі і пыталіся, ці паспела яна палюбіць савецкіх людзей, лагерныя сяброўкі нашэптвалі, каб была хітрэйшай і напісала раскаянне, тое самае казаў нейкі прыязны канваір… Нічога яна не напісала.

Урэшце пасля ХХ з’езда КПСС з асуджэннем «культу асобы» адбыўся перасуд. Геніюшам зменшылі тэрміны да колькасці ўжо адседжаных год і выпусцілі. Яны паехалі ў Зэльву і тут з боем мусілі вяртаць Янкаву бацькоўскую хату. Паміраючы, бацька Янкі перадаў правы на сваю маёмасць суседу, каб той вярнуў усё сыну ці нявестцы, калі тыя будуць жывыя. Сусед, які пасяліў у Геніюшавай хаце кватарантаў, спрабаваў дабіцца, каб Янку і Ларысу выслалі назад на Поўнач як «антысавецкі элемент». Ларыса ж пісала ў пракуратуру, каб ім дазволілі ехаць у Чэхаславакію. Хату ім аддалі пасля суду, але рэчаў той сусед, «пабожны каталік», так і не вярнуў.

«Каго з беларусаў нельга купіць?»

Доктару Янку Геніюшу знайшлася праца ў мясцовай бальніцы. Гэта дазваляла сям’і выжываць фізічна. Але жылі пад наглядам агентаў.

«Душу маю паранілі беларусы, — пісала Геніюш. — Мне бачыцца дацэнт Воўк, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось, як паліць у СБП маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіёнаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату без нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесь аўтобус і не ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць… Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, ганьбяць без довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяння новыя паны яго паганяць… Я ўжо не думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасля разам з намі… Якія святыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяння гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу… За што? За што? Чаму так страшна азвярэлі людзі? Няўжо навечна?»

Ларыса Геніюш моцна любіла ўнукаў, аддавала ім тое, што недадала сыну, пакуль была ў лагеры. Яна высылала ім такія лісты з казкамі і малюнкамі. Фота: movananova.by

У пачатку 1980-х, у глухі застойны час, калі пісаліся гэтыя словы, здавалася, што Савецкі Саюз будзе існаваць заўжды. Ніхто не думаў не гадаў, што ён разваліцца ўжо праз дзясятак гадоў. Не думаў, таму што ніхто не меў праўдзівай інфармацыі пра эканамічны, сацыяльны і тэхналагічны стан краіны.

Замоўчваць паэтку такога маштабу, як Ларыса Геніюш, было цяжка. Яе запрашалі на сустрэчы ў школы, да яе прыязджалі пісьменнікі, мастакі, моладзь… Максім Танк, старшыня Саюза пісьменнікаў БССР, сумленны камуніст і небанальны творца, паспрыяў Геніюш у выданні некалькіх кніг. Ён пераконваў Ларысу Геніюш прыняць савецкае грамадзянства, але яна так і не пагадзілася.

На схіле жыцця ёй пачала мроіцца чорная жанчына — вястунка смерці ў іх сям’і. Яна аддала свае ўспаміны гісторыку Міхасю Чарняўскаму, які перахаваў іх да часу, калі стала магчымай публікацыя. Яе «Споведзь» была надрукаваная на машынцы амаль без правак — нібыта адным выдыхам.

За заслугі Геніюш перад Праваслаўнай царквой (у зэльвенскі перыяд сваёй біяграфіі яна была адной з актыўных прыхаджанак мясцовага храма) ёй паставілі помнік на цвінтары каля зэльвенскай Траецкай царквы. Адзіны такі выпадак на ўсю Беларусь. Фота: wikimedia.commons 

Геніюш не была чалавекам уплывовым у адміністрацыйным сэнсе — «вяршыцелем лёсаў». Але гэтая сціплая жанчына мела гіганцкі ўплыў на тых людзей, якія ў савецкі час вынасілі ідэю незалежнасці Беларусі.

На яе пахаванне з’ехаліся людзі з усёй краіны. І зусім нямнога часу мінула ад даўжэзнай працэсіі за яе труной у Зэльве да таго шэсця на Дзяды ў 1988-м, з якога пачалося новае беларускае адраджэнне.

Гэта было асаблівае пахаванне: разам ішлі жыхары правінцыйнай Зэльвы і цвет сталічнай інтэлігенцыі. Як ні наракала Ларыса Геніюш пры жыцці на абыякавасць і нават варожасць беларусаў да яе справы, пахаванне нязломнай патрыёткі неспадзявана ператварылася ў нацыянальную дэманстрацыю. І гэта, як часта бывае, стала прадвеснікам будучых хуткіх зменаў. Фота: racyja.by

Каментары20

  • Anatol Starkou
    30.03.2023
    Дзякуй, НН, і невялічкае тлумачэнне
    КАЎБОЙКА ў маім вершы гэта шляпка ў якой здымалася наша паэтка.
    Глядзіце фотаздымак Ларыса Геніюш у 1937 годзе. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва


  • Anatol Starkou
    30.03.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Anatol Starkou
    30.03.2023
    [Рэд. выдалена]

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін8

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус21

Некаторым катэгорыям кіроўцаў забаранілі карыстацца каршэрынгам на пяць гадоў1

Пуцін сустрэўся з прэм'ерам Славакіі Робертам Фіца19

«Мы бясконца смяёмся з Макса Каржа. А хто раскупіў усе квіткі на яго канцэрт?» Найлепшыя твіты тыдня3

Сукенкі за 135 рублёў, футболкі — за 120. У Мінску адкрылася новая крама беларускіх дызайнераў

Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною10

Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін8

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →