Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыло выклаў у інстаграме здымак, на якім ён пазіруе ў майцы Russia на барысаўскім прадпрыемстве «Здравушка». СМІ звярнулі ўвагу на гэты выпадак, пасля чаго чыноўнік закрыў свой акаўнт.

«НН» у панядзелак звярнулася да прэс-сакратаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіды Берашчэнка з просьбай пракаментаваць сітуацыю. У першай размове спадарыня Зінаіда паабяцала пагаварыць з Ігарам Брыло, а падчас другога тэлефанавання яе настроі істотна змяніліся.

Прэс-сакратарка… абмацюкала журналіста і заявіла, што закрывае тэму.

Зінаіда Берашчэнка, фота: Facebook.

Зінаіда Берашчэнка, фота: Facebook.

Прыводзім даслоўную размову з чалавекам, які адказвае ў ведамстве за сувязі са СМІ.

«Наша Ніва»: Зінаіда Яўгенаўна, добры дзень яшчэ раз, Дзмітрый Панкавец з «Нашай Нівы». Скажыце, не атрымалася ў Ігара Вячаслававіч спытаць?

Зінаіда Берашчэнка: Паслухайце, гэта не тая тэма, якую вы спрабуеце палітызаваць. Перастаньце вы займацца гэтай х***ёй, дзе ёй не трэба займацца.

«НН»: Э…

ЗБ: Я вам кажу: з’ездзіце вы лепш у калгас, так, зрабіце вы добры матэрыял пра пасяўную, пра тых мужыкоў, якія прыходзяць дадому толькі папіць чай ці яшчэ што. Хопіць палітызаваць. Скажыце, якую ідэалогію вы закладаеце? Памяняць настроі людзей?

«НН»: Якія настроі?

ЗБ: На***уй вам той каментар?

«НН»: Стоп, бо гэта беларускі чыноўнік, якія ходзіць у майцы іншай дзяржавы.

ЗБ: Вам якая справа, у чым ён ходзіць?

«НН»: Мы прадстаўнікі беларускага грамадства, беларускае выданне.

ЗБ: Якое грамадства вы прадстаўляеце? Якое? Назавіце яго.

«НН»: Беларускае.

ЗБ: Якое? «Нашу Ніву»? Чаму вы гаворыце за ўсё беларускае грамадства?

«НН»: Не за ўсё, а за яго частку.

ЗБ: Якую частку?

«НН»: Тых чытачоў, якія нас чытаюць. Мы трэцяе па папулярнасці выданне ў краіне.

ЗБ: Пасля каго?

«НН»: Tut.by і «Анлайнера».

ЗБ: Добра, хто вам даў паўнамоцтвы?

«НН»: Галоўны рэдактар Марціновіч Ягор Аляксандравіч. Добра, каментара не будзе, як я разумею?

ЗБ: Няма яго, ён на нарадзе ў Савеце міністраў. Паслухайце, спыняйце палітызаваць там, дзе гэта не трэба рабіць. Спыняйцеся ўкладваць у галовы грамадства тое, што не трэба ўкладваць. Вы ўвогуле некарэктна сябе паводзіце. Вы што, хочаце памяняць настроі людзей?

«НН»: Якія настроі?

ЗБ: Вось ваша прыставанне да гэтай майкі.

«НН»: Людзей гэта абурае, пачытайце каментары.

ЗБ: Што вы гэтым хочаце сказаць?

«НН»: Дзяржчыноўніку недапушчальна насіць майкі іншых дзяржаваў.

ЗБ: Ігар Вячаслававіч — чалавек, які бывае ў Польшчы, яму там падарылі майку, што яму з ёй рабіць? Спаліць? Лазню падтапіць? Ён быў на Алімпіядзе, яму там падарылі нейкі касцюм, і што, калі ён яго апране, яму што, нельга яго насіць? Яму цяпер насіць трусы, якія вы хочаце, майку, блін, можа, яшчэ і прэзерватыў, які вы хочаце?

«НН»: Не, толькі з беларускай [маецца на ўвазе з беларускай сімволікай].

ЗБ: Паслухайце, гэта ўвогуле прыватны здымак. Чаму вы прыватнае ператвараеце ў палітыку?

«НН»: Што значыць прыватнае? Гэта інстаграм чыноўніка.

ЗБ: Ну калі ён там быў у выхадны дзень.

«НН»: Стоп, вы самі казалі, што 1 ліпеня — гэта панядзелак.

ЗБ: Усё, пака. Тэму гэтую мы закрылі. Вы яе адкрылі, а мы закрыем. Зачыняем дзверы, на гэтым усё.

Міністэрства сельскай гаспадаркі. Фота з Вікіпедыі.

Міністэрства сельскай гаспадаркі. Фота з Вікіпедыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?