Грамадства66

У Дзятлаве жыве блогер-мільённік, які раскруціўся праз мастацтва

Роберт Асіпук — блогер-мільённік з Дзятлава, чые работы натхняюць дзяцей і дарослых. Ягоная творчасць не проста збірае вялізныя прагляды ў сацыяльных сетках, але і становіцца крыніцай падтрымкі і натхнення для многіх людзей, якія ўпершыню адкрываюць для сябе свет мастацтва, піша «Гродзенская праўда».

Роберт Асіпук. Фота: grodnonews.by

Роберт не ведаў сваёй роднай сям’і, да дзевяці гадоў ён гадаваўся ў інтэрнаце. Але яшчэ ў дзяцінстве праявілася ягоная любоў да малявання. Настаўніца беларускай мовы першай заўважыла талент хлопца і дамовілася адносна асобнага экзамену для яго ў мастацкую школу. Адтуль і пачаўся ягоны шлях да сапраўднай творчасці.

Хлопчык пастаянна маляваў для аднакласнікаў у групе падоўжанага дня, а ягоныя эскізы на школьных дошках настаўнікам было шкада знішчаць. У конкурсах, праўда, поспехаў спачатку было няшмат, але цярпенне і жаданне развівацца зрабілі сваё — Асіпук паступова стаў займаць прызавыя месцы. 

«Быў конкурс, які мы ніколі не маглі перамагчы — пленэр у Лідзе. Мяне не хацелі браць праз фізічныя асаблівасці: трэба было жыць там некалькі дзён, шмат перамяшчацца. Але я вельмі прасіў выкладчыка. У выніку дзяўчынка, якая павінна была паехаць, захварэла, і адправілі мяне. Гэта быў першы буйны конкурс, дзе я заняў першае месца. Нашы хлопцы і дзяўчаты ездзілі туды пяць гадоў, але нічога не атрымлівалася — канкурэнцыя была вельмі моцная», — успамінае Роберт Асіпук.

У раннім юнацтве Роберт зачароўваўся космасам, пасля — прыродай. На яго моцна паўплывала кніга з работамі Івана Шышкіна, якую ён часта прыносіў на заняткі, каб маляваць разам з іншымі. У каледжы ён засяродзіўся на гарадскіх краявідах, а потым перайшоў да партрэтаў, спрабуючы перадаць эмоцыі і характар людзей.

«Для мяне эмоцыі важнейшыя, таму што кожны раз тэхніка розная. У нас нават была дыскусія з куратарам. Мы вучыліся акадэмічнаму малюнку, і нам пастаянна казалі: вы павінны ўсё будаваць, усё вымяраць. Мы гэта рабілі. Але куратар прызнаваўся, што часам сам не ведае, як правільна маляваць. Ён спрабаваў зрабіць аўтапартрэт строга паводле акадэмічных правіл, і атрымалася зусім не падобна. А калі малюеш ад душы, свабодна, як скетч, выходзіць значна бліжэй да рэальнасці. Таму вельмі важны сінтэз ведаў і эмоцый».

Нягледзячы на выразны творчы шлях, ён мог і не выбраць мастацтва: у 11 класе задумваўся аб праграмаванні, але ўрэшце зразумеў, што хоча быць дызайнерам — і бацькі падтрымалі ягоны выбар.

Сёння Роберт мае больш за 3,7 мільёна падпісчыкаў у TikTok і амаль 1,5 мільёна на YouTube. Ён здымае працэс стварэння сваіх работ, размаўляе з аўдыторыяй і дзеліцца думкамі. Пачалося ўсё летам пасля заканчэння каледжа, калі з'явіўся вольны час:

«Сядзеў у TikTok і падумаў: можа, паспрабаваць нешта сваё? За два тыдні набраў 15 тысяч падпісчыкаў. Я проста маляваў тое, што мне падабалася. Адзінае — выкарыстоўваў папулярныя гукі, каб відэа лепш разыходзіліся. Здымаў ўсякую лухту збольшага. Цяпер тыя ролікі схаваныя, але менавіта так усё пачалося, — падзяліўся Роберт. — Памятаю, пісаў папулярным блогерам. Я заўсёды быў вельмі наіўным: думаў, вось зараз напішу, яны заўважаць, прарэкламуюць — і справа пойдзе. А потым атрымалася так, што, калі я сам стаў папулярным, гэтыя блогеры ўжо пісалі мне».

Вялікую ролю ў яго росце адыгралі вучні з Дзятлаўскага цэнтра дадатковай адукацыі, дзе ён пачаў працаваць. Роберт не хацеў афішаваць сваю вядомасць, але дзеці самі знайшлі яго канал, пачалі падказваць ідэі для ролікаў — і гэтыя ідэі сапраўды мелі поспех. 

Роберт адзначае: не заўсёды трэба засяроджвацца на дасканаласці — часам простая, жывая падача выглядае больш прывабна, чым «вылізаныя» відэа без душы.

«У многіх асноўная складанасць — менавіта ў падачы кантэнту. Калі я вучыўся ў каледжы, быў такі жарт: калі зробіш працу цяп‑ляп, то абавязкова атрымаеш 9-10, а калі будзеш сядзець, старацца — максімум 6. З сацыяльнымі сеткамі усе дакладна гэтак сама. Можна зняць прыгожа, выверыць кожны кадр, але калі ў гэтым няма душы — яно не заляціць. Часам дастаткова спрасціць кантэнт, намаляваць нешта прасцей. У кожным выпадку трэба падладжвацца пад гледача».

Ягоныя відэа глядзяць цэлымі сем’ямі. Падпісчыкі ва ўзросце ад 5 да 60+ гадоў пішуць, што дзякуючы яму пачалі маляваць або вярнуліся да творчасці. Некаторыя кажуць: «Я вырас на тваіх відэа», іншыя называюць яго «легендай».

Роберт пры гэтым малюе не толькі для сябе, але і на замову. Адзін з апошніх праектаў — супрацоўніцтва са швейцарскай актывісткай, якая працуе з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі і падтрымлівае школы ў Афрыцы. Яна шукала самабытнага мастака — і знайшла яго праз знаёмую з Мінска.

На працы Роберт выкладае камп’ютарную графіку і выяўленчае мастацтва. У яго больш за 50 вучняў, у тым ліку дзеці з асаблівасцямі развіцця.

Спачатку роля педагога здавалася складанай, але з часам ён знайшоў уласны падыход: галоўнае — не манернічаць і не спрабаваць здавацца кімсьці іншым. Дзеці адчуваюць фальш, а давер — аснова навучання.

«Самае галоўнае ў працы з дзецьмі — ніколі не думайце іх падманваць. Трэба быць самім сабой, не ўдаваць з сябе кагосьці: ці то занадта дарослага, ці то строгага, ці то добрага. Гэта стварае вялікі дысананс. Калі страціш давер, навучальны працэс нармальна выбудаваць не атрымаецца. Я гэта зразумеў і наматаў на вус. Цяпер у нас з хлопцамі і дзяўчатамі вельмі даверлівыя стасункі. Я ведаю, што калі ў дзіцяці з'явяцца праблемы, яно заўсёды зможа звярнуцца да мяне».

Ужо праз тры месяцы ён заўважыў, што вучні пачалі актыўна дасылаць яму свае работы з дому. Творчасць стала для іх часткай штодзённасці — і гэта найлепшая адзнака ягонай працы.

Асіпук мяркуе, што сучасныя дзеці часта хочуць імгненных вынікаў — і гэта праблема. Яны бачаць у інтэрнэце цудоўныя работы сваіх равеснікаў і пачынаюць думаць, што калі ў іх не атрымліваецца хутка, значыць, таленту няма. Роберт тлумачыць: поспех патрабуе часу і працы, нават у самых здольных бываюць цяжкасці.

Развіццё нейрасетак не палохае Роберта. Ён упэўнены, што яны стануць інструментам, як калісьці Photoshop. Алгарытмы могуць дапамагчы, паскорыць працэс, але жывыя карціны — алейныя, акрылавыя, акварэльныя — будуць каштоўнымі заўсёды.

«Мне трапілася фраза адной дзяўчыны, таксама мастачкі. Яна сказала тое ж самае, што цяпер кажуць пра нейрасеткі, калісьці думалі пра Photoshop. Але ж Photoshop мастакоў і дызайнераў не пасунуў. Нейрасеткі трэба ўспрымаць проста як інструмент, які можа дапамагчы: аўтаматызаваць нейкі працэс, адцягнуць ад непатрэбнага і зрабіць усё значна хутчэй».

Каментары6

  • Фасоля
    06.12.2025
    Малайчына, Боб!
  • Axel Justas
    06.12.2025
    Усё цудоўна, павага мастаку і за творчасць, і за працу з дзецьмі. Але пакажыце ж нешта з ягоных твораў. Ці хаця б спасылку на ягоны блог мільённік.
  • ЯНКА
    07.12.2025
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі51

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Васьмікласніца ў расійскім Краснаярску абліла бензінам і падпаліла аднакласніка12

«Мінсктранс» пракаментаваў гісторыю з дзяўчынай, якая трапіла ў бальніцу пасля ўдару токам у тралейбусе1

Чатырохгадовы хлопчык стаў сведкам жорсткага забойства маці. Праз 20 гадоў ён успомніў дэталі — забойца пакараны5

Туск: Сетка Джэфры Эпштэйна магла быць маштабнай аперацыяй расійскіх спецслужбаў па вербаванні заходніх эліт18

«Я была як пад гіпнозам». Рэальныя гісторыі мінчукоў, якіх махляры прымусілі прадаць кватэры — адна сумная, другая амаль шчаслівая1

Сёння ноччу было да мінус 27,6°C

У злітых файлах Эпштэйна ўсплыла яшчэ адна беларуска, мадэль і жонка футбаліста — расказваем, што пра яе вядома17

«У вас ёсць любімая песня?» Знаёмцеся з Максатам — самым вядомым стрыт-відэографам Мінска1

Чэмпіён Польшчы па боксе, што раптоўна вярнуўся ў Беларусь, патлумачыў нечаканае вяртанне11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі51

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць