На партале выдавецкага дома «Звязда» з'явілася інтэрв'ю старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, у якім яна падзялілася меркаваннем пра ролю жанчын у сучасным грамадстве, а таксама ацаніла перспектывы ўдасканалення гендарнай палітыкі ў Беларусі.
Качанава адзначыла, што сёння жанчыны лічаць за лепшае ствараць сям'ю ў больш познім узросце.
«На гэта ёсць прычыны: адбываецца больш позняе сацыяльнае сталенне жанчын. Спачатку яны вучацца, шукаюць працу, імкнуцца пабудаваць кар'еру, вырашыць жыллёвыя пытанні і толькі пасля гэтага ўступіць у шлюб. Нараджэнне дзіцяці таксама адкладаецца. Акрамя таго, многія сямейныя пары жывуць сёння па прынцыпе «чайлдфры», гэта значыць свядома без дзяцей. Асабіста я гэтага не падтрымліваю. Інстытут сям'і — найважнейшая каштоўнасць. Так выхоўвалі мяне. Так я выхоўвала сваіх дзяцей. Дзеці напаўняюць жыццё сэнсам, аб'ядноўваюць сям'ю. Бацькі сумесна пераадольваюць многія цяжкасці, гэта умацоўвае адносіны», — сказала Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што сёння няма неабходнасці ў распрацоўцы асобнага закона, накіраванага на забеспячэнне гендарнай роўнасці.
«Нашым заканадаўствам у дастатковай ступені ўрэгуляваны розныя аспекты гэтага пытання. Важна, каб меры па абароне правоў жанчын у эканоміцы і сацыяльнай сферы, што рэалізуюцца, былі максімальна эфектыўнымі, нацэленымі на рашэнне канкрэтных задач і праблем, з якімі сутыкаюцца жанчыны», — сказала Качанава.
Каментары