Здарэнні55

У аўто маладой пары трапіла святлошумавая граната — аскепкамі шкла ім знявечыла целы ФОТА

Маладыя менчукі цудам засталіся жывыя пасля таго, як у іх аўтамабіль з боку сілавікоў прыляцела граната. У выніку ў хлопца — разрыў барабаннай перапонкі, у дзяўчыны — кровазліццё ў вочы. Шматлікіх асколачных ранаў не злічыць у абаіх. Пра іх піша «Белсат».

Машына пасля выбуху святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Малады айцішнік Аляксей В. і ягоная дзяўчына Валерыя Т., дызайнерка вясельных строяў, паехалі на аўтамабілі спаткацца з сябрамі ды пашпацыраваць з імі па вячэрнім Менску пасля працоўнага дня 10 жніўня. Пара кіравалася ад станцыі метро «Спартыўная» ў беларускай сталіцы да комплексу «Каскад», але па дарозе — ля станцыі метро «Пушкінская» — яны трапілі ў затор. Рух быў спынены: у гэтым раёне на вуліцу выйшлі пратэстоўцы, якія дамагаліся свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Непадалёк групаваўся АМАП.

«Людзі чакалі ў машынах, бо акцыя была мірная. Раз-пораз выходзілі з аўто, каб размяць ногі, дзяліліся вадой. Былі сем’і з дзецьмі», — распавяла Валерыя.

Кавала святлошумавой гранаты, якая трапіла ў аўто ў Менску 10 жніўня на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Калі пачаліся выбухі і выстралы з боку сілавікоў, то пара ўсё роўна адчувала сябе досыць бяспечна. Ім падавалася, што сітуацыя абвастраецца, але падзеі разгортваюцца недзе далёка ды іх не закрануць.

«Мы не думалі, што па нас будуць страляць. Побач жа ў корку стаялі гарадскія аўтобусы і тралейбусы, хай сабе і амаль пустыя, але мы не думалі, што ў гэты бок будуць паліць», — падкрэсліў Аляксей.

Знянацку ў іх бок прыляцела граната, стукнулася аб машыну і ўзарвалася. «Мы сядзелі ў аўце. Раптам удар і цішыня. Мяне аглушыла, я нічога не адчувала і не разумела. Сябе я не бачыла. Глянула навокал — кроў была ўсюды. З Аляксея літаральна струменямі лілася кроў. Мы выскачылі з машыны і не ведалі, куды бегчы. Там уцякалі людзі і яны задалі нам кірунак уцёкаў. Без іх мы б не далі рады», — расказала Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Паводле Аляксея, які сядзеў тады на месцы кіроўцы, граната трапіла ў стык паміж лабавым шклом і дахам, крыху вышэй ад ягонага твару: «Была ўспышка, а потым цемната і цішыня». На ягоную думку, немагчыма, каб гэтую гранату кінулі ўручную. Ад іхнага аўтамабіля да АМАПу было блізу 300 метраў — ніхто б не кінуў на такую адлегласць уручную.

«Відаць, стралялі з марцір ці ручных гранатамётаў. Прычым мэтанакіравана па людзях. Пры тым ніякіх папярэджанняў пра атаку і стрэлы мы не чулі», — заўважыў Аляксей.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

У агульным хаосе і паніцы нельга было выклікаць хуткую дапамогу, бо тэлефонная лінія была перагружаная. Да таго ж лекары наўрад ці дабраліся б да пацярпелых, бо праезная частка заставалася заблакаванай. Дзяўчыну і хлопца падабраў таксіст, які бясплатна развозіў перапалоханых людзей з месца здарэння.

«Мы ехалі па ўзбочыне, па газонах, а мінакі ішлі нам насустрач і не разумелі, куды мы едзем. Тады я высунулася праз акно і паказвала людзям акрываўленае адзенне. Яны бачылі і расступаліся», — гэтак узгадвае той вечар Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Кіроўца давёз пару ў найбліжэйшую медычную ўстанову — гэта аказаўся радзільны дом № 2 у Менску.

«Там былі ў шоку, але прынялі нас і выклікалі хуткую», — дадала дзяўчына.

Маладых людзей завезлі ў Вайсковы шпіталь, дзе ім аказалі ўжо больш грунтоўную дапамогу. Але па лякарні хадзілі чуткі, што ўсімі пацярпелымі на пратэстах зацікавіўся Следчы камітэт і лепей было б тут не заставацца.

«Аляксей быў вельмі моцна паранены. У яго былі вельмі глыбокія раны, моцнае раненне ў грудзі, дзіркі ў руках і нагах, таму ён мусіў застацца. А я магла хадзіць, таму пастанавіла вярнуцца дадому», — адзначыла Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Наступныя два дні яна ездзіла да знаёмых на перавязкі. Тыя выцягнулі ёй з нагі кавалак шкла. Але ўвесь час яна кепска чула, ёй былі патрэбныя капельніцы і антыбіётыкі, таму яна звярнулася да доктара, а той скіраваў яе ў Рэспубліканскі цэнтр оталарынгалогіі на вуліцы Сухой у Менску.

У дзяўчыны дыягнаставалі ўзрыўную рану, асколачныя раненні ніжніх і верхніх канечнасцяў, шыі, твару, пашкоджанне барабанных перапонак, кровазліццё ў вочы, іншародныя целы ў вачах.

«У мяне дык яшчэ ўсё больш-менш. А ў Аляксея, майго хлопца, лопнула барабанная перапонка, а ён музыка, грае ў гурце. І гэта вельмі важна для яго. Не ведаю, як ён, бедны, дасць рады», — кажа дзяўчына.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

У Аляксеевым дыягназе значыцца наступнае: камбінаваныя пашкоджанні, спалучаная траўма галавы, канечнасцяў, грудзей, жывата, шматлікія асколачныя сляпыя раненні шыі, грудзей, абедзвюх кісцяў, правага перадплечча, пярэдняй брушной сценкі, левага бядра і галёнкі, пашкоджанне барабаннай перапонкі, траўматычны разрыў правай барабаннай перапонкі, вострая двухбаковая нейрасэнсорная тугавухасць.

«Спадзяюся, што мы пацярпелі недарэмна… Вельмі б хацелася, каб такое ў нашай краіне больш ніколі не паўтарылася», — падкрэслівае Аляксей.

Маладыя людзі збіраюцца падаваць скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт.

«Мы былі ў заторы. Паводле якога такога закону амапаўцы страляюць па людзях у корку? Што гэта такое? Аднаго прабачэння тут мала. Вінаватыя мусяць быць пакараныя паводле закону», — адзначае Валерыя.

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі27

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбак патануў у аўтамабілі ў Мазырскім раёне, другі паспеў выбрацца1

Пасажыры будуць ведаць кошт паездкі ў таксі да яе пачатку?2

У Беларусі другі месяц запар падаюць продажы новых аўто. Чаму так адбываецца2

Аляксандр Кныровіч вылучаецца ў спікеры Каардынацыйнай рады10

Зяленскі 15 мая прыляціць у Стамбул, нават калі Расія адмовіцца ад спынення агню1

Паглядзелі, колькі просяць за арэнду лецішча недалёка ад Мінска. Ёсць варыянты ад 250 рублёў за месяц6

Кальцавая лінія мінскага метро будзе з 17 станцый. Якія будуць назвы і калі пачнецца будаўніцтва12

Брышцель стаў найлепшым бамбардзірам ЧС па пляжным футболе, Аўгустоў — галкіперам1

«Гэтая партыя прайграная». Беларускія даследчыкі — пра тое, у што ператварылася Акадэмія навук11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі27

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць