Грамадства

Зорка Палескага тэатра, рэжысёр студыі для людзей з асаблівасцямі цяпер палітзняволены. Расказваем гісторыю пінскага акцёра

31 мая ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся судовы працэс над другой партыяй падазраваных у здзяйсненні масавых беспарадкаў у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. На лаве падсудных апынуліся 14 мужчын, сярод іх — Сяргей Волкаў, вядомы акцёр Палескага тэатра, рэжысёр тэатральнай студыі для людзей з асаблівасцямі «Пераадоленне».

«Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў пра пінскую зорку, якая з 7 мая замест сцэны знаходзіцца за кратамі.

Сяргей Волкаў

Нарадзіўся ў Волагдзе

Сваякі Сяргея па лініі таты паходзяць з Расіі, але, калі яму быў год, бацькі-інжынеры прыехалі працаваць у Пінск, там атрымалі кватэру і аселі.

У самога Сяргея трое дзяцей, усе — сыны. Старэйшы Віктар мае дыягназ ДЦП. Віктар вельмі перажывае за тату і наведвае суды з ім.

Праяўляў творчыя здольнасці з дзяцінства

Брат Яўген расказвае, што, колькі памятае Сяргея, той заўсёды нешта пісаў.

«Ëн пісаў вершы, п’есы, оды… Браў удзел у розных аматарскіх гуртках. Усе яго творы ў асноўным ціхенька захоўваліся ў рукапісах, але жаданне неяк пераносіць гэта на сцэну перамагло — і, ужо будучы жанатым, з дзецьмі, ён вырашыў атрымаць тэатральную адукацыю. Паступіў у Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры на рэжысёра святаў i абрадаў. Прычым там не было завочнага аддзялення, так што малады тата вучыўся на дзённым. Але ўсё давёў да канца».

Сяргей з дзядулем у дзяцінстве.

У Палескім тэатры быў задзейнічаны ў 80% спектакляў

У Палескім драматычным тэатры Сяргей грае з 2006 года. Ëн — гэта Кулігін у «Навальніцы» па Астроўскім, Дзясяцкі ў «Пінскай шляхце», Селянін у «Рагнедзе» і Воўк у дзіцячым спектаклі-казцы «Памяранцавы вожык». У яго рэпертуарным архіве — дзясяткі іншых моцных роляў.

«Сяргей як акцёр незаменны, ён вельмi любiць сцэну, умее граць на некалькiх музычных iнструментах, што былі задзейнiчаныя ў некаторых спектаклях. Ён заўсёды за мастацтва: i хваляваўся, i прыдумваў, i выконваў. Кожную ролю ён ствараў, доўга капаючыся ў сабе, i яна атрымлiвалася напоўненай i скончанай, не падобнай да iншых. Цяпер у некаторыя спектаклі вымушаныя на яго ролі ўводзіць іншых акцёраў. А тыя, дзе яго нельга замянiць, спiсваюць. Адсутнасць Сяргея — вялiкая страта для тэатра», — каментуюць калегі.

На сцэне.

Акцёры дадаюць, што Сяргей быў і ёсць не проста прафесіяналам, ён Чалавек:

«Ён добры, гатовы дапамагчы, падказаць. Так, аднойчы, калi я сказала яму, што неяк цяжка дажыць да зарплаты, ён прынёс мне цэлы пакет ежы. Заўсёды мог пагуляць з нашымi дзецьмi, дарыў iм цацкi, чытаў казкi», — згадвае адна з актрыс.

Быў рэжысёрам тэатра для людзей з асаблівасцямі 

Сяргей пастаянна ладзіў у горадзе народныя святы і абрады, вёў тэатральны гурток у мясцовым ДК. Вялікую частку яго жыцця займала праца ў тэатры «Пераадоленне» для людзей з асаблівасцямі. Ëн там быў і кіраўніком, і рэжысёрам.

Аматарскі тэатр «Пераадоленне» быў створаны ў 2008 годзе. За гэты час ён неаднаразова рабіўся ўдзельнікам і лаўрэатам розных тэатральных фэстаў, якія праходзілі не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Украіне, Расіі.

«Першае, што ён спытаў у лісце: як там яго дзеці з тэатральнага гуртка? Безумоўна, i горад, i тэатр цяпер страцiлі добрага, разумнага i дзейнага чалавека», — кажуць калегі. 

Працаваў санітарам у чырвонай зоне падчас першай хвалі каранавіруса

Калі праз эпідэміялагічную сітуацыю ў 2020 годзе ў тэатры прыпынілі паказы спектакляў, Сяргей папрасіўся працаваць санітарам у мясцовую бальніцу.

Сяргей падчаc працы ў бальніцы. Фота tut.by

«Ëн пайшоў у кавідную зону асэнсавана: ведаў, што многія санітары звольніліся праз страх заразіцца і памерці. А ён за сябе не перажываў», — кажа брат Яўген.

Піша за кратамі вершы

Затрымалі Сяргея якраз на шляху да працы ў ДК, куды ён так і не дайшоў. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса). 

Віну ён сваю не прызнае. Не лічаць Сяргей вінаватым ні на кроплю і ўсе яго знаёмыя.

«Сяргей прысутнічаў 9 жніўня ў цэнтры, як і многія пінчукі. І на відэа, што разглядалася ў судзе, бачна, што ён падабраў запальніцу, думаючы, што яна цэлая, а пасля адкінуў яе ў бок. А гэта ж хочуць выставіць так, нібыта ён нанёс шкоду супрацоўнікам міліцыі, якія былі ўзброеныя, са шчытамі! Усім відавочна, што справа сфабрыкаваная», — каментуюць сваякі.

У лістах брату і бацькам Сяргей піша, што ўжо настроіўся на вялікі тэрмін, хоць і не лічыць сябе вінаватым. На яго погляд, усё, што зараз адбываецца ў судзе з допытамі пацярпелых, — гэта проста цырымонія асуджэння, рашэнне па ўсіх даўно прынятае.

«З лістоў бачна, што ён ужо падрыхтаваны да вялікага тэрміну. Ëн спакойны. Расказвае, што з ім сядзяць вельмі разумныя людзі: ёсць тыя, хто праходзіць па брэсцкай «карагоднай» справе. У камеры 3 на 5 метраў — восем чалавек. Усе чытаюць, гуляюць у шахматы. Сяргей вельмі любіць шахматы. А яшчэ, каб падтрымаць бацькоў, дасылае ім з-за кратаў свае вершы».

Напісаць Сяргею, каб падтрымаць яго, можна сюды:

СІЗА-7, вул. Савецкіх Памежнікаў, 37, г. Брэст, 224030

Каментары

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

«Могуць пайсці і знайсці іншага лоха!» Трамп перасцярог БРІКС ад спробаў увесці ўласную валюту14

Коля Лукашэнка расказаў, ці сядзіць ён у сацсетках17

«Лукашэнка ў Ісламабадзе». Найлепшыя твіты тыдня5

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць70

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром4

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўнае
Усе навіны →