У лонданскім архіве «Бібліятэкі Альфрэда Вінера» ​​знойдзеная нацысцкая справаздача аб дэпартацыі габрэяў, піша DerWesten. 9 мая ў Дзюсельдорфе яе прадставіў нямецкі гісторык Бастыян Флерман, які зрабіў гэта адкрыццё.

Раней гісторыкам быў вядомы толькі адзін падобны дакумент,
паколькі большасць іх была знішчаная нацыстамі ў канцы вайны.

У знойдзеным паліцэйскім пратаколе

гаворка ідзе пра дэпартацыю 992 нямецкіх габрэяў. 10 лістапада 1941 года іх вывезлі цягніком з Дзюсельдорфа ў мінскае гета. Толькі пяцёра з іх перажылі Халакост.

Справаздача аб дэпартацыі была складзеная кіраўніком суправаджальнага канвою, супрацоўнікам Дзюсельдорфскай паліцыі і членам СС Вільгельмам Мойрынам (Wilhelm Meurin). У пратаколе падрабязна апісаныя дэталі паездкі, усе прыпынкі на шляху да Мінска. Мойрын пісаў, што

частку дарогі ў цягніку не было ацяплення, у той час як стаялі 18-градусныя маразы. Акрамя таго, пасля савецкай мяжы скончылася вада.
Уся паездка працягвалася чатыры дні, і ўвесь гэты час зняволеных габрэяў не выпускалі з вагонаў.

Мінімум увагі Мойрын надаў стану дэпартаваных. Пры гэтым

ён заўважыў, што яму прыйдзецца вяртацца ў Германію трэцім класам, што пайка алкаголю для такой доўгай паездкі занадта бедная, а канваірам не перашкаджала б выдаць навушнікі.

Начальнік канвою таксама паведаміў, што 300 чалавек у цягніку не могуць самастойна перасоўвацца. Аднак, паводле яго слоў, разгрузка цягніка укладзецца ў запланаваныя тэрміны. Ён таксама дадаў, што

8000 «рускіх габрэяў» з мінскага гета да таго часу ўжо былі расстраляныя.

Вільгельм Мойрин стаў ў 1942 годзе камандзірам роты ў 67-м рэзервовым паліцэйскім батальёне, які ўдзельнічаў у дэпартацыі і расстрэлах тысяч чалавек у Польшчы. Акрамя таго, ён быў старшынёй ваенна-палявога суда нацыстаў у Польшчы, які, як правіла, прыгаворваў падсудных палякаў да смерці.

Раней была вядомая толькі справаздача кіраўніка Дзюсельдорфскай паліцыі Паўля Залітэра (Paul Salitter) аб дэпартацыі 11 снежня 1941 года 1007 нямецкіх габрэяў у Рыгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?