Прыемнасьці БССРаўскіх часоў для мяне палягаюць выключна ў прыватнай сфэры.
Самымі большымі зь іх была нядзельная праграма «Ў гасьцях у казкі» ды ежа. Якая гэта была ежа!
БССРаўская ежа на сёньняшні густ падасца ня надта разнастайнаю і ўбога спакаванаю, але я бачу яе як вялізную гару вабнотаў і смачнотаў, асьветленую яркім сонцам. Так я яе і буду апісваць, з кучы выцягваючы, разглядаючы, нюхаючы й смакуючы.
Макраватая халва прадавалася ў круглых бляшанках з выяваю вавёрачкі. У такіх жа бляшаначках, толькі меншых, прадаваліся манпансье. Зьеўшы зьмесьціва, бляшанак не выкідвалі. Хлопчыкі насыпалі туды пяску і выкарыстоўвалі як хакейныя шайбы, дзяўчаткі захоўвалі там фанцікі і «золатка» (аркушыкі фольгі), мамы з бабцямі — гузікі і іголкі, а таты — кручкі, блешні, шрот, гайкі, шрубкі і цьвічкі, і ўсе разам — мядзяныя капейкі.
Марозіва было некалькі гатункаў на ўвесь СССР. Найсмачнейшым і найдаражэйшым быў ленінградзкі плямбір — 28 кап., ленінградзкае эскімо (мройны дэфіцыт) — 22—25 кап., марозіва глязураванае на палачцы — 22 капейкі, звычайнае — 13 кап. Усё — у бляклых паперках з выявамі белых мядзьведзяў, сьнягурак, аленяў, эскімосаў у кухлянках.
Шакалядкі падзяляліся на ўласна шакалядкі й салодкія пліткі. Найсмачнейшыя з шакалядак (вялікіх і малых) былі «Аўрора» ды «Алёнка» (вялікая — рубель сорак, малая — 20 кап.), з салодкіх плітак — «Кракадзіл Гена» ды «Вясёлыя рабяты». Малая ванільная шакалядка каштавала каля 20 капеек.
Пернікі былі такія: «арыстакраты» — пернікі ў шакаляднай глязуры і «хамы» — белаватыя, аблітыя глязурай гадкага смаку.
Кукурузныя палачкі былі глязураваныя (20—23 кап.) або неглязураваныя (18 кап.). Апошнія — толькі ў крайнім разе!
Печыва было некалькі гатункаў (у пачачках па 12 квадрацікаў). Як бы гатунак ні называўся, смак быў аднолькавы.
Ташноцікі — пяшчотная назва піражкоў з накрыпкаю за 5 капеек. Мае фаварыты сярод ташноцікаў — з павідлам.
А яшчэ ж былі булачкі за 3 капейкі!
Самыя папулярныя «ліманады» былі «Крэм-сода» й «Бураціна» . Менш папулярны — «Званочак» . Насамрэч, натуральна, гэта не былі ані ліманады, ані аранжады, але падавалася, што смачна.
Газіроўка прадавалася ў аўтаматах, можна было нацадзіць зь сіропам (3 кап.) або простай беленькай (1 кап.). Прадаваліся шкляныя сыфоны, якія можна было заправіць, напрыклад, у некалькіх месцах Менску, адстаяўшы чаргу. Каштавала гэта ад 3 да 5 капеек. Пакуль нясеш, палову вып’еш, палову распырскаеш на мінакоў.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Ева Вежнавец
Каментары