Здарэнні

«ГУБАЗ казаў: «Вы, зомбі бэчэбэшныя, хочаце крыві». Анатоль Кудласевіч распавёў, як грамілі яго кватэру

29 верасня знік бард Анатоль Кудласевіч. Жонка прыйшла з працы і ўбачыла разгромленую кватэру. Пазней Кудласевіч знайшоўся, яго асудзілі па 24.23, аштрафавалі на 2900 рублёў і адпусцілі. Кудласевіч распавёў «Нашай Ніве», што гэта было: «Учора каля 12 гадзіны дня я спакойна сядзеў дома, глядзеў якраз аналіз роліка пра забойства кадэбіста. Раптам грукаюць у дзверы: адчыняйце, міліцыя!»

«Я адчыніў, мне крычаць: «На падлогу!», залятаюць у экіпіроўцы, у бронекамізэльках чатыры чалавекі з ГУБАЗ. Я лёг на падлогу, мне чымсьці пачалі свяціць у вочы, рукі за спіну і накінулі кайданкі. 

Анатоль Кудласевіч пасля суда. Фота spring96.org.

Паказалі нейкую пастанову на вобшук ад 7 верасня, што за крымінальная справа, я так і не зразумеў, нейкая ці то віцебская, ці то магілёўская. Я пытаўся, мне канкрэтна не сказалі, — кажа Анатоль Кудласевіч. — Пасля пачаўся вобшук. Мне некалькі месяцаў таму КДБ рабіў вобшук, дык тое было культурна, шуфлядку адчыняць, паглядзяць — зачыняць. 

А гэтыя каву павысыпалі, муку, крупы, цукар, кніжкі з паліц паскідвалі, нават не праглядалі іх.

Кухня Кудласевіча пасля ператрусу.

Проста рылі ўсё, зрывалі, ламалі. Гітару разбілі: убачылі на ёй бела-чырвона-белы матузок і з крыкам: «Гэта бэчэбэшная гітара!» — бах! бах! яе. 

Я нават сказаў: «Ты што робіш, гітара старэйшая за цябе, сумлення ў вас няма!» То мяне адзін раз нават ударылі далонню.

Але я спакойна сябе паводзіў, мо іх тое таксама раз'ятрывала.

Што яны шукалі, я не ведаю. Я іх папярэдзіў: «Раней у мяне праводзілі вобшук работнікі КДБ, можа, што падкінулі». Але гэтыя адказваюць: «Нічога вам не падкінулі, мы нічога не знайшлі». 

Прычым я сядзеў у пакоі з тым, хто афармляў паперы, на кухні яны самі знаходзіліся. Я ўбачыў, што там нарабілі, толькі пасля, калі далі зайсці і лекі з сабою ўзяць. Сказаў ім тады: «Калі не вып’ю таблеткі, то я труп. Вам жа не трэба другі Ашурак?»

Забралі тры ноўтбукі, тэлефоны, розныя эмблемы з «Пагоняй», усякае такое.

Сцяжок на лоджыі ў мяне ляжаў, яны запхалі мне яго за каўнер і фатаграфуюць мяне. Знайшлі сіні дынамаўскі шалік стары, на ім таксама «Пагоня», дык той шалік мне на шыю накінулі і таксама фатаграфавалі. 

Пасля мяне павезлі ў будынак ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай. Пагаварылі там са мною, пераконвалі: «Вы, бэчэбэшнікі, зомбі ўсе, хочаце рэвалюцыі, крыві, вайны…» А я свае аргументы ім.

Тады адзін спытаўся, ці не хачу я для БТ нешта сказаць? Я не ведаю, чаму і пагадзіўся, хвіліны паўтары на камеру выказаўся. Расказаў, што падпісаны на некаторыя тэлеграм-каналы, бо манітору ўсю інфармацыю. А што мне хаваць? Гэта ж не забаронена. 

Пасля іншы, старшы па званні, таксама пачаў са мной гаварыць, маўляў, бэчэбэшнікі рацыі не маюць. Ён мяне хвілін 15 здымаў, задаваў пытанні: пра Ціханоўскага, Ціханоўскую, пра Пазняка.

Кажа: «Ціханоўская ж лялькавод». Я адказваю: «Яна не хацела нікуды лезці, сітуацыя яе вымусіла». Ну і гэтак далей у такім духу.

Пасля, праўда, я падумаў: выражуць жа і змантуюць пасля так, як ім трэба. Але казаў я ўсё тое, што звычайна кажу, не крывіў душою. А чаго мне баяцца? Я ж не краў, не забіваў.

Затым мяне адвезлі ва Фрунзенскі РАУС. Там мне напісалі адміністратыўнае парушэнне: тыпу я вывесіў бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй» на лоджыі. Нейкія патрульныя тыпу ішлі і ўбачылі.

І фота нават далучылі — але ж у мяне такога сцяга, каб з «Пагоняю», ніколі не было. Прыглядзеўся: лоджыя мая, а сцяг прыфоташопілі. 

Затым мяне ў стакан, там нас было трое. Адзін з хлопцаў — Лінаў? Лінёў? — атрымаў пасля 15 сутак за тое, што ў яго машыне ляжала падушка з «Пагоняй». 

Пасля павезлі на Акрэсціна, але я паказаў пасведчанне інваліда другой групы, то мяне вярнулі назад ва Фрунзенскі. Таблеткі далі, у прыбіральню звадзілі. 

І там на наступны дзень суд па скайпе. Мне штраф 100 базавых. Мяркую, гэта ўсё было загадзя вырашана, бо міліцыянт, які складаў пратакол на мяне, так і казаў: «Улепяць вам 100 базавых і паедзеце дахаты заўтра».

100 базавых для мяне вялікая сума, 2900 рублёў. У мяне група інваліднасці не дае магчымасці працаваць, пенсія па інваліднасці — 500 рублёў. Вось і ўвесь мой даход. Як буду плаціць штраф? Ды не ведаю».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам5

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю11

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

Славакія вяртае ў Беларусь пасла11

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

У Маладзечанскім раёне прадаюць лецішча з марскога кантэйнера

Колькі каштуе пуцёўка ў беларускі санаторый — сума немалая2

Пяць пытанняў, якія застаюцца пасля смерці экс-выкладчыка БНТУ Шчукіна, што ўцякаў ад міліцыі46

Ротам камуніста Сыранкова зноў укідваецца ідэя адмяніць у Беларусі прэзідэнцкія выбары29

Келаг: На перамовах у Стамбуле будуць прадстаўнікі ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам5

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць