У сераду ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны» памежнікі адмовілі ва ўездзе ў краіну 30-гадоваму беларусу Арцёму Маркіну, які пакінуў радзіму праз палітычна матываваны пераслед. Для хлопца гэта стала абсалютнай нечаканасцю, бо, па яго словах, украінскіх законаў ён ніколі не парушаў.

Як распавёў Маркін Reform.by, ён прыляцеў у Кіеў з Грузіі, дзе знаходзіўся са жніўня.
«З дакументамі ў мяне было ўсё ў парадку — у плане ПЛР-тэста і страхоўкі. На пашпартным кантролі ў Кіеве памежнік раптам спытаў, ці былі ў мяне праблемы на тэрыторыі Украіны. Праблем не было, ні да якой адказнасці я не прыцягваўся, так яму і сказаў. Ён паклікаў калегу, яны забралі мой пашпарт і сказалі пачакаць. Затым мяне адвялі ў кабінет начальніцы змены. Яна выдала мне паперу, што мне забаронены ўезд ва Украіну. Прычыну мне не патлумачылі, мне здаецца, начальніца была ў курсе, але агучваць мне не захацела», — кажа малады чалавек.
Начальніца змены прапанавала Арцёму адправіцца назад у Батумі за кошт авіякампаніі, што яму і давялося зрабіць.
«Па прылёце ў Грузію ля трапа мяне сустрэлі паліцэйскія», — дадае хлопец. — «Пашпарт адразу не аддалі. Адвялі таксама да начальніка змены, ён спытаў, чаму мяне не ўпусцілі ва Украіну, пацікавіўся, што мне пагражае ў Беларусі. Пасля гэтага мне ўручылі акт аб вяртанні пасажыра, аддалі пашпарт і адпусцілі без прэтэнзій».
Маркін паказаў рашэнне аб адмове ў перасячэнні мяжы, якое яму выдалі ў Украіне. Прычынай адмовы там пазначана: «У дачыненні да асобы маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб забароне ўезду ў Украіну». Што гэта за орган, калі і чаму ён наклаў забарону, на які тэрмін — усё гэта ў дакуменце не пазначана, вусна беларусу гэтага таксама ніхто не патлумачыў. Арцём Маркін мае намер звяртацца ў Службу бяспекі Украіны, каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні.
З'ехаць з Беларусі Маркін прыйшлося з-за сур'ёзнай пагрозы арышту. Арцём — анархіст. Яго аднадумцаў у Беларусі пераследуюць пад рознымі падставамі даўно. У Мінску ён быў актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» — раздаваў ежу бяздомным.
Але ў сакавіку ў кватэру, якую Маркін здымаў разам з сябрамі-анархістамі, прыйшоў з ператрусам ГУБАЗіК. Арцёма і суседзяў затрымалі і асудзілі па артыкуле аб несанкцыянаваным пікетаванні, хлопцу далі 15 сутак. А ў пачатку жніўня гэтых жа суседзяў Арцёма затрымалі ўжо паводле крымінальнага артыкула за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). І 4 жніўня Маркін спешна пакінуў Беларусь. Праз шэсць дзён сілавікі прыйшлі ў гэтую ж кватэру з ператрусам паводле крымінальнага артыкула ўжо ў дачыненні да самога Арцёма.
У тыя ж дні сілавікі канчаткова разграмілі і друкарскі кааператыў «Лістоўка», дзе Маркін да вясны працаваў.
Каментары