Літоўскі парламент забараніў беларусам і расіянам, якія жывуць у Літве, валодаць зброяй
У чацвер літоўскі Сейм пасля адпаведнага разгляду ўхваліў праект Закона аб кантролі над зброяй і боепрыпасамі, у якім прапануецца забараніць расіянам і беларусам, якія жывуць у Літве, мець зброю. Старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны (КНБА) Лаўрынас Кашчунас сцвярджае, што ініцыятыва накіраваная на максімальнае павышэнне бяспекі Літвы, піша Delfi.lt.

За законапраект прагаласавалі 106 членаў Сейма, супраць ніхто не галасаваў, устрымаліся 10 парламентарыяў.
Cтаршыня КНБА падкрэсліў, што адна з мэтаў гэтага законапраекта — даць магчымасць прыватным гандлярам зброяй прадаваць зброю катэгорыі A, якую ў цяперашні час дазволена ў грамадзянскім абарачэнні.
Цяпер беларусы і расіяне не змогуць у Літве купляць і валодаць зброяй для палявання; спорту; самаабароны; прафесійнай дзейнасці; калекцыянавання; трэніровак; навуковых даследаванняў; стралковай службы або прафесійнай вайсковай службы; іншых мэтаў.
Закон уступіць у сілу з 1 студзеня 2023 года.
У тлумачальнай запісцы да дакумента пазначана, што ў цяперашні час дазвол на захоўванне або нашэнне зброі ў Літве маюць 294 грамадзяне Расіі і 46 грамадзян Беларусі. Сярод іх могуць быць і асобы з двайным грамадзянствам — літоўскім і расійскім ці літоўскім і беларускім.
Каментары