Свет

Кот Макс з Бучы. Ён перажыў акупацыю, быў выкрадзены расійскімі вайскоўцамі — збег ад іх у Беларусі — і вярнуўся да гаспадыні

Макс, кот пароды мэйн-кун, нарадзіўся ў Адэсе ў 2016 годзе. Два гады таму ён з сям'ёй пераехаў у Бучу, прыгарад Кіева, які пасля стаў сімвалам жорсткасці расійскай арміі. Гісторыю Макса «Настоящему времени» расказала яго гаспадыня Алена Ганчарова.

Жыццё ў акупацыі

Раніцай 24 лютага 2022 года, калі расійская авіяцыя ўжо бамбіла ўкраінскія гарады, Макс выйшаў пагуляць на вуліцу. Сям'я жыла непадалёк ад Гастомельскага аэрапорта, які ваенныя РФ атакавалі ў першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварвання. Гукі выбухаў станавіліся ўсё гучнейшымі. Алена, абняўшыся з сынам, проста сядзела на ложку, але з'язджаць не спяшалася.

Муж Алены ўжо тады ведаў пра вайну не па чутках. Мікалай — з Данецка. Ён памятаў 2014 год, калі пачалася расійская агрэсія супраць Украіны і баявыя дзеянні на Данбасе.

«Раней [да поўнамаштабнага ўварвання] мы не размаўлялі на тэму вайны, бо немагчыма растлумачыць гэта чалавеку, які не бачыў, што такое вайна, — кажа жанчына. — Мы чыталі навіны і разумелі, што нешта адбываецца, але нават уявіць не маглі тое, што пачалося 24 лютага. Так у першыя гадзіны мы і не спяшаліся з выездам з Бучы».

З'ехаць з Бучы ўгаварыў Алену муж. Вырашылі, што яна з дзіцем паедзе ў Жытомір. Збіраліся ў мітусні і не змаглі знайсці Макса, які гуляў у двары. Мікалай планаваў праводзіць жонку, а потым вярнуцца за рэчамі і Максам. Аднак не паспеў. Расійскі дэсант ужо высадзіўся ў Гастомелі.

«Бучу акупавалі, а ў нашым доме пасяліліся расійскія жаўнеры, — успамінае Алёна. — Яны паставілі ў двары БТР. Суседзі не маглі знайсці і забраць да сябе Макса, бо дзесяць дзён самі прасядзелі ў падвале. Быў бесперапынны абстрэл. Пазней іх вывезлі калідорам. Нам распавядалі, што Макса бачылі ў пасёлку».

Выкраданне і ўцёкі

31 сакавіка расійская армія ў спешцы пакінула Бучу, пакінуўшы пасля сябе брацкія магілы і разрабаваныя дамы. Кот Макс знік.

«Я не магу каментаваць дзеянні людзей, якія ў прынцыпе не падлягаюць катэгорыі чалавека, — кажа Алёна. — Не ведаю, ці ёсць у іх штосьці ў галаве і суправаджае іх дзеянні нейкая логіка. Буча была ў акупацыі да канца сакавіка. Пасля вызвалення ў наш дом зайшлі сапёры. У дзіцячым пакоі яны знайшлі расцяжку з гранатай. Прыехалі бацькі. Па іх расказах, увесь дом быў разбіты і знявечаны».

Алена пачала шукаць Макса, размяшчаючы аб'явы ў сацсетках. А праз месяц ёй патэлефанавалі ў Viber з незнаёмага беларускага нумара. Жанчына прадставілася Аленай і паведаміла, што кот у яе. Спачатку Алёна не паверыла пачутаму, аднак жанчына даслала ёй фота мэйн-куна.

Як аказалася, расійскія вайскоўцы выкралі ката і на БТР павезлі ў Беларусь. У раёне Гомеля Макс змог збегчы, пасля чаго ён прыбіўся да мясцовай жыхаркі. У ката быў ашыйнік з кулонам. На адваротным баку медальёна — QR-код з кантактамі Алены. Дзякуючы гэтаму і ўдалося знайсці гаспадыню ката.

Уз'яднанне з сям'ёй

Беларускія валанцёры дапамаглі зрабіць Максу новы ветпашпарт і чып. Ката на мяжы перадалі польскім валанцёрам, а яны ў далейшым вярнулі яго Алене. На той момант жанчына знаходзілася ў Чэхіі.

Па словах Алены, стан ката пасля акупацыі і выкрадання ашаламляльна адрозніваўся ад звыклага. Ён моцна схуднеў і дрэнна еў. Макса аблілі чымсьці клейкім, і яго прыйшлося пастрыгчы. Але цяпер ён цалкам аднавіўся.

«Я ўдзячная ўсім, хто дапамог вярнуць Макса ў сям'ю, — кажа Алёна. — Мы да гэтага часу кантактуем з Аленай. Калі б не яна, то не ведаю, ці ўдалося б мне яго пабачыць. Праўда, палітыку мы не абмяркоўваем падчас размоў. Гэта прынцыповае пытанне».

Цяпер сям'я жыве ў іспанскай Валенсіі.

«У Валенсіі ў нас не ўзнікае ніякіх праблем. Тут вельмі ўтульна, ды і клімат прыдатны. Я сама з Адэсы і ў гэтым горадзе адчуваю сябе камфортней, чым у Чэхіі, — распавядае Алёна. — Макс цяпер у нармальным стане. Яму спатрэбілася два тыдні, каб адаптавацца да жыцця за мяжой. У яго выдатны апетыт. Ён гуляе, шкодзіць. У нас усё добра».

Алёна марыць пра больш хуткае вяртанне ва Украіну, але кажа, што пра вяртанне ў Бучу не можа быць і гаворкі: «Плануем вярнуцца ў Адэсу ці Кіеў, але не ў той дом. Мы яго арандавалі пад выкуп, але ўжо анулявалі здзелку».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Што здарылася з выкладчыкам БНТУ Міхаілам Шчукіным, які памёр пры затрыманні. Версія міліцыя10

Што здарылася з выкладчыкам БНТУ Міхаілам Шчукіным, які памёр пры затрыманні. Версія міліцыя

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская падтрымала пазіцыю Зяленскага аб немагчымасці правядзення перамоў у Мінску10

У Літве высветлілі, што дапамогу, прызначаную бежанцам з Украіны, атрымлівалі і людзі з іншых краін. Сярод іх ёсць і беларусы1

Маці траіх дзяцей просіць Лукашэнку вярнуць іх з прытулку. Чыноўнікі патлумачылі, чаму ў яе не атрымалася

Іспанія дамагаецца прызнання каталонскай мовы ў ЕС: Брусэль тармозіць працэс

Журналісты атрымалі доступ да сакрэтных планаў расійскіх ядзерных вайсковых баз3

Трамп прапанаваў Канадзе доступ да абароны пад «Залатым купалам». Пры адной умове5

Грошы для былога палітвязня Андрэя Чапюка сабралі менш чым за паўсутак

У Германіі адмяняюць нядаўна ўведзеную магчымасць «экспрэс-натуралізацыі»

«Муж быў супраць таго, каб Анжаліка сустракалася з дзецьмі з іншым мужчынам». Аўтар расследавання пра Мельнікаву падзяліўся некаторымі дэталямі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што здарылася з выкладчыкам БНТУ Міхаілам Шчукіным, які памёр пры затрыманні. Версія міліцыя10

Што здарылася з выкладчыкам БНТУ Міхаілам Шчукіным, які памёр пры затрыманні. Версія міліцыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць