Архіў

Цнатлівая сьціпласьць рок-дыназаўраў

Легенды сусьветнага року ўжо пры жыцьці раскладаюцца журналюгамі «на атамы». І нікому няма ратунку. Публіка хоча ведаць: хто з кім спаў, хто што калоў, паліў, бухаў... Пра першую беларускую кнігу такога кшталту піша Севярын Квяткоўскі.

«Цнатлівасьць» — падказаў мне нутраны голас, калі я прабегся па зьмесьце кніжкі Віктара Дзятліковіча, але не пасьпеў зафіксаваць імгненнае падазрэньне, што ўзьнікла ў сьвядомасьці.

Пятнаццаць разьдзелаў з кароткімі падразьдзеламі, якія распавядаюць пра жыцьцё і творчасьць удзельнікаў праектаў «Мроя» і «N.R.M.». Ёсьць тэксты ўсіх песень і шэраг фатаздымкаў. Няма іменнага паказьніку.

Я ведаў, што Віця Дзятліковіч піша кніжку «пра Мрою», і чакаў яе — кніжку. Праглынуў амаль не адрываючыся. Якасная журналісцкая праца. Віктар першым увасобіў ідэю, якая даўна блукала ў розных галовах: стварэньне тэкстаў пра беларускі рок-асяродак — ад мастацкіх кніжак да сцэнароў для дакумэнтальнага кіно. (Польская прадусарка Яланта Кільян нават пачынала здымкі.) «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.» — гэта своеасаблівы сцэнар для тэлевізійнага дакумэнтальнага фільму. Праўда, без эфэктнай фінальнай кропкі. Такое сабе трохкроп’е пры канцы, як намёк на працяг — «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.-2», «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.-вяртаюцца»... Назва падалася нейкай грувасткай, неэфэктнай. Пазьней зразумеў, што назва — ключ да тых пытаньняў, да таго адчуваньня недахопу, што ўзьнікла амаль ад пачатку чытаньня.

Менавіта на «тэлесцэнарнасьць» я скінуў адчуваньне недахопаў: галасоў, азначэньняў, фактуры, урэшце. Можа, аўтар сам сабе бачыць відэашэраг, які дапамагае адчуць палітру вобразаў герояў кніжкі? Сапраўды, хай бы хто сказаў — «гаўно гэтая Мроя, гаражны рок». Каб падпярчыць-падвастрыць тэкст.

Апрача «мроеўцаў», у тэксьце толькі дзьве асобы гавораць жыўцом — тэле- радыёжурналіст Віталь Сямашка і музычны аглядальнік Зьміцер Падбярэскі. Але не пра герояў кніжкі: іхныя маналёгі дапамагаюць аднавіць атмасфэру часу.

В.Дзятліковіч «падсыпае перцу» шляхам цытаваньня крытычных артыкулаў. У тым ліку таго ж Падбярэскага ранейшага разьліву. Але «перац» выходзіць ня востры. Калі выкінуць з кніжкі адно мацернае слова, ужытае Сямашкам, «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.» можа быць сямейнай чытанкай.

Праўда, восьмы разьдзел, адмыслова прысьвечаны дарослым забавам, завецца «Garelka, drugs & samagon». (Дарэчы, стыль-рэдактар у выходных зьвестках не пазначаны. Таму, напэўна, у кніжцы знаходзяцца garelka і samagon замест harelka і samahon, Гародня і Бярэсьце, замест Горадня, Берасьце, «я адчуваў сябе правым» замест «я адчуваў, што маю рацыю», арыгінальная сумесь тарашкевіцы і наркамаўкі, і, урэшце, пастаяннае «загінуўшы» замест «загінулы»). «Пра сэкс спытайце ў майго суседа... А я лепш пра drugs & samagon», — гаворыць аўтар на старонцы 114.

Калі пра drugs «мроеўцаў» сапраўды асабліва няма чаго распавядаць, дык пра алькаголь яны маюць багата прыкольных фрашак. (Напрыклад, як увесь гурт аднойчы патрапіў у выцьвярэзьнік :)), але ў гісторыях фігуруе ў асноўным адзін бубнач Алезіс, дый ён вельмі ашчадна. «Мроеўцы» кажуць, што цьмяна памятаюць акалічнасьці таго, як Алезіс кінуў піць. А гэта ж вялікая драматычная гісторыя, поўная сьмеху і сьлёзаў! Поўныя жарсьцяў гісторыі мае ў сваёй біяграфіі кожны з герояў, але не выносіць на шырокую публіку.

«Гэтая кніга, бадай, першая спроба біяграфіі беларускага гурту... Гэта тое, што ў нас прынята называць легендай», — «сьціпла» (:)) піша Лявон Вольскі ў прадмове да кніжкі.

Легенды сусьветнага року ўжо пры жыцьці раскладаюцца журналюгамі «на атамы». І нікому няма ратунку. Публіка хоча ведаць: хто з кім спаў, хто што калоў, паліў, бухаў... Хто з кім сварыўся, з кім мірыўся. Я ўжо не кажу пра тое, што цікава дазнацца пра бацькоў, пра асяродак дзяцінства, пра першае каханьне (церазь піянэрскі гальштук і ня толькі)...

Але.

«Віця (аўтар гэтае кнігі) — наш добры сябар... Віктар нас добра ведае і нямала з намі паезьдзіў», — піша Вольскі ў прамове.

Віця напісаў добрую, вельмі цёплую кнігу пра сваіх сяброў.

Пісаць пра сяброў шматкроць складаней, бо ты ведаеш пра іх шмат-шмат, у тым ліку прыватнага, інтымнага, таго, што не прынята выстаўляць на публіку. Складанасьць — адшукаць мяжу шчырасьці.

У адным з інтэрвію па выхадзе «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.» В.Дзятліковіч распавёў, што даваў на вычытку сваім героям ня ўсю кніжку, а толькі пэрсанальныя кавалкі. Маўляў, адзін хоча гаварыць пра такую і такую гісторыю, а іншы ня хоча...

Бяз жартаў, я цудоўна ведаю, наколькі тытанічная гэтая праца — пісаць пра сяброў. «Ай, ну навошта варушыць былое, гэта ж так даўно было!» — «Але ж як бяз гэтага?! Гэта ж вялікі пэрыяд твайго жыцьця». — «Ай, ня трэба... Ну, калі хочаш, пішы сам». — «Не, гэта ты мусіш распавесьці». — «Тады не пішы»...

Ну ня хоча чалавек, вядомы чалавек, займацца эксгібіцыянізмам.

Можа, таму ў кнізе сямігадовы пэрыяд творчасьці «мроеўцаў» у «Новым Небе» пазначаны адно некалькімі няўцямнымі радкамі: «Лявон і Кася на той час ужо даўно жылі ў грамадзянскім шлюбе. Хутка наладзіўся і «творчы саюз» (чамусьці ў двукосьсях. — СК) — амаль увесь склад «Мроі» пачаў «падпрацоўваць» (вось тут двукосьсі апраўданыя, бо пачалі яны працаваць з імпэтам) і ў «Новым Небе». Альбо: «Кася толькі адыходзіла ад бардаўскай песьні, шмат экспэрымэнтавала з стылямі, інструмэнтамі».

Усе, хто быў у той час побач з «Мрояй» і «Новым Небам», цудоўна ведаюць, што мроеўцы не «падпрацоўвалі», а тварылі экспэрымэнтальнае рознастылёвае рокавае гучаньне «Новага Неба». Гэта маё пэрсанальнае цьверджаньне.

Падобная ці адрозная характарыстыка была б ужо аўтарскім «я» стваральніка кнігі: я бачыў, я чуў, я казаў, я адчуваў, я перакананы... Але аўтара ў кнізе амаль няма. Няма сьвядома. Як няма партрэту «мроеўцаў». А ёсьць супольны аўтапартэрт, які В.Дзятліковіч даў магчымасьць стварыць сваім сябрам.

Назва «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.» — ключ да разгадкі формы і зьместу кніжкі. Назва тлумачыць, чаму на шырокую публіку не выносяцца жарсныя гісторыі герояў, поўныя інтымных падрабязнасьцяў: каханьня, нянавісьці, эротыкі і бруталу. Пэўна, калі б кніжку пісаў ня «сябар Віця», а проста «журналіст Дзятліковіч», ён бы даў назву «Мая Мроя. Мой N.R.M.» альбо «Наша Мроя. Наш N.R.M.».

А цяпер мы чытаем толькі тое, што ашчадзілі самі «мроеўцы». Чаму яны вырашылі рэпрэзэнтаваць «прычасаны» варыянт гісторыі свайго жыцьця і творчасьці? Магчыма, таму, як самі кажуць у кнізе, што ўвесь час былі на грэбні змаганьня: што за часам «Мроі», што цяпер — у энэрэмаўскім варыянце. Магчыма, таму, што сёньня падлеткам — галоўнай аўдыторыі гурту — патрэбныя чыстыя і радужныя сымбалі, без «дарослых» замарочак: простыя, узьнёслыя, часам патасныя — як песьні «N.R.M.».

Cевярын Квяткоўскі — журналіст, працуе на радыё «Свабода».

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС15

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў генерал, якому толькі паўмесяца таму далі Героя Расіі. Гэты 17‑ы забіты расійскі генерал. Украіна не страціла ніводнага 11

Нафтавікі ЗША папярэдзілі, што механізмы стрымлівання сусветнага паліўнага крызісу вычарпаныя10

У Докшыцкім раёне загінула 22‑гадовая мадэль з Санкт-Пецярбурга8

З самаробным чоўнам, гусямі і зёлкамі замест лекаў. Як жыве сапраўдны палескі рабінзон4

У Ізраілі пры дапамозе сакрэтнай агенткі выкрылі сетку, якая ўцягвала беларусак у прастытуцыю3

У Польшчы беларуска на квадрацыкле сарвалася з абрыву ў Віслу4

Беларускія футбольныя каманды збіраюцца гуляць у чэмпіянаце Расіі7

Прапускную здольнасць «Каменнага Лога» павялічаць у тры разы5

«Вашы пашпарты, банкаўскія карткі, браніраванні — у нашых руках». Хакеры ўзламалі сайт папулярнага тураператара Tez Tour10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС15

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць