Яшчэ дзесяць гадоў таму Швецыя трымалася адной з самых ліберальных міграцыйных палітык у Еўропе. Цяпер жа яе правілы — адны з найстражэйшых на кантыненце. Як адбылася такая рэзкая змена і чаму ранейшы курс наўрад ці вернецца, тлумачыць выданне The Conversation.

Адной з найбольш прыкметных змен у шведскай палітыцы за апошняе дзесяцігоддзе стаў новы падыход да міграцыі. Як з адной з самых адкрытых для мігрантаў краін Швецыя стала адной з самых закрытых, на старонках The Conversation аналізуе Хенрык Эмільсан, старшы выкладчык Універсітэта Мальмё.
Як адзначае даследчык, паваротным момантам стаў міграцыйны крызіс 2015 года. Тады за год у Швецыі папрасілі прытулку больш за 160 тысяч чалавек, што складала звыш 12% усіх заявак у Еўрасаюзе. Сярод іх было каля 35 тысяч непаўналетніх без суправаджэння дарослых, што складала больш за траціну агульнаеўрапейскага паказчыка.
Неўзабаве шведскія партыі дасягнулі шырокай дамоўленасці аб узмацненні правілаў атрымання прытулку і ўз'яднання сем'яў. З'явіўся часовы памежны кантроль, а пастаянныя дазволы на жыхарства для большасці бежанцаў замянілі часовымі. Характэрна, што гэтыя захады ўводзіў левы ўрад сацыял-дэмакратаў. Таму яны аказаліся не проста часовай рэакцыяй на крызіс, а пачаткам новага палітычнага кансэнсусу: міграцыю трэба істотна абмежаваць.

Новы ўрад пайшоў яшчэ далей
Наступны вялікі паварот адбыўся пасля выбараў 2022 года, калі да ўлады прыйшла правацэнтрысцкая кааліцыя на чале з прэм'ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам. Новы ўрад паставіў задачу зрабіць правілы атрымання прытулку настолькі жорсткімі, наколькі дазваляюць мінімальныя патрабаванні заканадаўства ЕС і міжнароднае права.
Змены закранулі практычна ўсе сферы міграцыйнай палітыкі: прыём бежанцаў, уз'яднанне сем'яў, працоўную міграцыю, грамадзянства, дэпартацыю і доступ да сацыяльных выплат. Выключэнне зрабілі для высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Першыя новыя правілы пачалі дзейнічаць у канцы 2023 года. Улады ўскладнілі ўз'яднанне сем'яў і атрыманне дазволу на жыхарства з гуманітарных прычын, а гадавую квоту на перасяленне бежанцаў скарацілі з 5000 да 900 чалавек.
Асноўная ж частка рэформаў была прынятая ў 2025‑2026 гадах. Доступ да некаторых сацыяльных выплат, у тым ліку дапамогі на дзяцей і выплат падчас бацькоўскага адпачынку, цяпер будзе залежаць ад выканання патрабаванняў да пражывання і працы ў краіне.
Складаней будзе атрымаць і шведскае грамадзянства. Улічвацца будуць працягласць пражывання, паводзіны чалавека, веданне мовы і асноў жыцця ў Швецыі, а таксама здольнасць самастойна сябе забяспечваць.
Акрамя таго, улады істотна спрасцілі магчымасць дэпартацыі замежнікаў, асуджаных за злачынствы.
З 160 тысяч заявак да некалькіх тысяч
На фоне новай палітыкі колькасць ахвотных атрымаць прытулак рэзка скарацілася. У 2025 годзе ў Швецыі было зарэгістравана каля 6700 першасных заявак на прытулак. Станоўчае рашэнне атрымалі толькі 23% заяўнікаў. У разліку на колькасць насельніцтва гэта менш за палову сярэдняга паказчыка па Еўрасаюзе. Пры гэтым шведскае міграцыйнае ведамства чакае далейшага зніжэння: прыкладна да 4200 заявак у 2026 годзе і 3700 у 2027-м.

Такім чынам, краіна, якая ў 2015 годзе была сярод еўрапейскіх лідараў па колькасці просьбаў аб прытулку на душу насельніцтва, праз дзесяць гадоў апынулася ў ніжняй частцы гэтага спісу.
Аднак яшчэ больш істотнай за самі лічбы аўтар матэрыялу лічыць змену палітычнага клімату. Сёння сярод асноўных шведскіх партый існуе кансэнсус наконт таго, што жорсткую міграцыйную палітыку трэба захоўваць.
Сацыял-дэмакраты, якія кіравалі краінай падчас крызісу 2015 года, адкрыта або маўкліва падтрымалі большасць рэформаў цяперашняга ўрада. Партыя дала зразумець, што нават пасля вяртання да ўлады не збіраецца адмаўляцца ад цяперашняга курсу.
Змянілася і грамадская думка. Пасля крызісу 2015 года вырасла доля шведаў, якія выступаюць за скарачэнне іміграцыі, асабліва прыёму бежанцаў.
І нават калі пасля парламенцкіх выбараў 13 верасня зменіцца ўрад, вяртання да ранейшага, значна больш ліберальнага курсу не будзе.
У Швецыі на выпадак вайны рыхтуюць месца для пахавання паўмільёна чалавек
Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы
Швецыя, дзе амаль адмовіліся ад наяўных грошай, вяртае іх у паўсядзённае жыццё
Швецыя: Беларусам-эмігрантам больш не трэба ехаць у Беларусь па новы пашпарт
Каментары