Архіў

Прыватнае жыцьцё топ-мэнэджэра N.

«Салата «Дарункі мора» з крэвэтак і мідый — 9 000 руб., рыбны суп-пюрэ — 9 500 руб., шчупак пад хрэнам з бульбай — 16 000 руб., вада негазаваная — 2 500 руб., кава «Экспрэса» — 4 000 руб.», — такі сабе абед у рыбны дзень у сярэдняй менскай рэстарацыі. Дазволіць сабе так харчавацца штодзень можа ня кожны. Хто ж гэты «ня кожны»? .

Асноўныя наведнікі падобных рэстарацый, дарагіх клюбаў і казіно — топ-мэнэджэры буйных кампаній, што займаюцца гандлем, мытнымі справамі, аховай здароўя і продажам зброі, — т.зв. «высокааплатныя наёмныя работнікі», а таксама «самастойныя людзі», што маюць свой бізнэс.

Топ-мэнэджэр ці буйны бізнэсовец — чалавек сьціплы і практычны, мае стандарты спажываньня, вышэйшыя за сярэдні ўзровень. Гэта не крымінальнік са сваімі «распальцоўкамі» і «пантамі» ды не ганарлівы і хіжы чыноўнік. Топ-мэнэджэр — звычайна мужчына, з вышэйшай адукацыяй (бывае, што не адной), ва ўзросьце 35—40 год, жанаты і зь дзецьмі, якім аплачвае адукацыю, мае сваю нерухомасьць і мяняе раз на год аўтамабіль. Заробак — да 5 000 даляраў. На працоўным стале ў яго, акрамя дакумэнтаў, некалькі расейскіх дзелавых часопісаў («Секрет фирмы», «Деньги»), скураны штотыднёвік, некалькі кампакт-дыскаў (Гарык Сукачоў, «Крама», «Куін») і кніга невялічкага памеру (Бэгбэдэр, Картасар, Каэльё).

Адзін з супрацоўнікаў, што працуе ў беларускім прадстаўніцтве буйной кампаніі, гаворыць:

— Адпачынак для маёй сям’і і сяброў — важная справа. Трэба ўмець як працаваць, так і адпачываць.

Такія людзі ня маюць традыцыйных летніх адпачынкаў, але зьяжджаюць на кароткачасовы адпачынак тры разы на год: увесну — у Афрыку ці Турцыю (2—3 тыс. даляраў), узімку — на гарналыжныя курорты Эўропы (Аўстрыя, Францыя) — 5 тыс. даляраў на сям’ю з трох чалавек, увосень — на ўік-энд у Нямеччыну (модны «Баварскі піўны фэст», напрыклад, — 1 тыс. даляраў).

Некаторыя маюць свае «бзікі»: напрыклад, дырэктар адной напаўлегальнай фірмы, што аказвае мытныя паслугі, — вялікі аматар футболу, і зьлётаць на матч улюбёнага «Манчэстэру» ў Англію для яго не праблема (усяго 1000—1500 даляраў).

Дырэктар буйнога рэклямнага агенцтва вельмі шануе рыбалку, таму вырашыў зьезьдзіць на фарэль у тундру: цягніком у СВ-купэ да Масквы, адтуль самалётам да Хабараўску, там — чартэрны верталёт дастаўляе яго ў сібірскую глыбінку, а адтуль яшчэ БТРам у самую тундру. Палавіў рыбы з паўдня і на замоўленым верталёце назад. Усяго пад 4 тыс. даляраў.

28-гадовая мэнэджэрка, што ўжо мае сям’ю, ня можа адпачываць у менскіх клюбах, таму зь пятніцы на суботу пляжыцца ў віленскіх (недалёка ды нядорага).

Тыя, хто рызыку і экстрым-вандроўкі ня надта шануе, гуляюць у тэніс, казіно, пэйнтбол, боўлінг, хакей, ходзяць на VIP-канцэрты «Машины времени», «Виагры» і Сукачова ў «Мэдысан-клюб» (білет ад 20 даляраў). Адзін топ-мэнэджэр — вялікі прыхільнік беларускага року — зацягнуў сваіх кампаньёнаў на фэст «Генэралы айчыннага року», дык тыя ўсё пляваліся: холадна, кава танная ў плястмасавых шклянках, бару няма. «Мы плацім ня столькі за напоі ці стравы, колькі за якасьць, абслугоўваньне і ўвагу да кожнага», — кажа адзін з «наёмных». Такім людзям зручней заплаціць свайму куміру, каб той выступіў на прыватнай карпаратыўнай вечарыне, чым цягнуцца на яго сольны канцэрт (цэны на беларускіх музыкаў — ад 300 да 2000 даляраў у залежнасьці ад ступені іх «крутасьці»).

«Ня думайце, што такое жыцьцё — праява панства, гэта практычнасьць, падмацаваная магчымасьцямі», — кажа мой суразмоўнік. Ён набывае цыгарэты, каву, пральныя парашкі ды іншую бытавую драбязу праз сваіх дылераў у Эўропе (Нямеччыне і Польшчы). Калі п’е піва, то чэскае, гарэлка — «Фінляндыя». Выступае толькі за платную мэдыцыну — бяз чэргаў і з паважлівым стаўленьнем, таму водзіць дачку на мэдычны агляд толькі ў «Ладэ» (кансультацыя — 10 даляраў, паставіць плёмбу — 35). Для яго лепей адлічыць грошы ў Аўстрыйскі пэнсійны фонд, чым хаваць іх у слоіку пад гаражом.

Наагул жа ў Беларусі вялікія грошы траціць цяжка, прызнаецца топ-мэнэджэр. «Хоць менскія рэстарацыі даражэйшыя за маскоўскія ці варшаўскія, але, каб туды трапіць у выходныя, трэба замаўляць месца папярэдне». Такія людзі могуць выдаткоўваць грошы на культурныя праекты (не без дапамогі бізнэсоўцаў, напрыклад, нядаўна выйшла энцыкляпэдыя «Беларуская міталёгія»), але ў бок палітыкі глядзяць насьцярожана: «Я ды шмат хто з маіх калег, з аднаго боку, вітаем зьмены, але, зь іншага, баімся рэвалюцыі, бо яна можа яшчэ больш пагоршыць становішча. Аднак калі знойдзецца чалавек, які выступіць гарантам тых зьмен да лепшага, — далучымся, у пустабрэхаў укладаць сродкі ня будзем», — дзеліцца сваімі меркаваньнямі топ-мэнэджэр.

TOP-5 менскіх забаў топ-мэнэджэра

1. Начныя клюбы («X-Ray», «Изюм», «Белая вежа», «Bronx»): кактэйлі і танцы — 50—100 даляраў на вечар.

2. Казіно («Эмір», «Белая вежа», «Журавінка»): гульня і бар — ад 50 даляраў да бясконцасьці.

3. Боўлінг («Мэдысан-клюб», «Журавінка», «Play boll» — 10 гульнявых дарожак) — 100 даляраў за дзьве гадзіны з улікам кухні.

4. Пэйнтбол (Раўбічы, Якуцкія горы) — 500 даляраў на каманду зь пяці чалавек на дзьве-тры гадзіны.

5. Стэндавая стральба («Спортынг-клюб» ва Ўруччы): цір, мінікінатэатар, тэніс, рэстарацыя — 50—80 даляраў за вечар пры наяўнасьці пасьведчаньня чальца клюбу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Усе навіны →
Усе навіны

Дарога дадому, якая пакуль вядзе праз фронт. У Кіева-Пячэрскай лаўры паказваюць гісторыю Палка Каліноўскага3

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ6

Гродзенскі біскуп сыграў на барабанах на каталіцкім фестывалі моладзі3

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў9

Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е9

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна4

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя10

Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну7

УСУ атакавалі Растоўскую, Самарскую і Варонежскую вобласці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць