Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ
Ірына Бадзілоўская са Светлагорска жыла на Паўночным Кіпры і часта падарожнічала па ўсходняй Азіі.

У Непале пасля катастрафічнай паводкі ў раёне ракі Бхатэкошы знікла без вестак 24‑гадовая грамадзянка Беларусі Ірына Бадзілоўская (Iryna Badzilouskaya). Яе імя значыцца ў афіцыйных спісах зніклых турыстаў, апублікаваных Дэпартаментам турызму Непала.
Паводка, выкліканая разбурэннем ледавіка і прарывам вады з боку Тыбета, накрыла рэгіён Расува напрыканцы жніўня і прывяла да гібелі тысяч чалавек. Сярод замежных грамадзян, сувязь з якімі дагэтуль адсутнічае, лічацца двое беларусаў. Згодна са звесткамі непальскіх чыноўнікаў, дзяўчына выправілася па маршруце самастойна, не карыстаючыся паслугамі агенцтва.

Ірына Бадзілоўская нарадзілася 2 кастрычніка 2001 года. Яна са Светлагорска. Па інфармацыі Belpol, вучылася ў мясцовай школе №11, а ў 2019‑м паступіла на факультэт журналістыкі БДУ.

Апошнія тры гады Ірына жыла на Паўночным Кіпры са сваёй коткай Бэці і пастаянна вандравала. У сацсетках дзяўчыны зафіксаваныя паездкі па Паўднёва-Усходняй Азіі — ад Балі і Бангкока да Куала-Лумпура.

У красавіку 2025 года Бадзілоўская была ў Непале.
«Гэта была мая самая кароткая вандроўка, але я паспела пабываць у большасці вядомых месцаў у Катманду. Непал для мяне — гэта цэнтр усіх правадоў свету. Іх мільярд на адным м2! Малпачкі на кожным кроку, мільён малітоўных сцягоў Тыбета і розныя храмавыя комплексы (і ўсё гэта ў перамешку з правадамі)», — пісала дзяўчына.

У чэрвені 2026 года Бадзілоўская вырашыла пакінуць Кіпр і вярнуцца ў Беларусь.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
вось бы раскулачыць іх, так?