апынуцца прыватныя прадпрыемствы й інтарэсы працоўных. Рэпартаж Зьмітра Дрыгайлы з V зьезду Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
«За салідарнасьць, працу й справядлівасьць — разам» — такі лёзунг быў расьцягнуты над сцэнай Палацу культуры прафсаюзаў, дзе ў панядзелак—аўторак прайшоў V зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А.Лукашэнка быў выбраны дэлегатам на зьезд ад галіновага прафсаюзу працоўных органаў кіраваньня і ўзяў удзел у працы форуму ў аўторак.
Паважаныя таварышы
«Са сьвятам», — віталі адзін аднаго дэлегаты зьезду. Склад дэлегатаў у параўнаньні зь мінулым зьездам зьмяніўся больш чым напалову. З часоў Уладзімера Ганчарыка — Франца Вітка ў якасьці кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый не ўтрымаўся амаль ніхто. З настальгіяй прыгадвалася, што за працу з журналістамі на зьезьдзе тры гады таму адказвала Валянціна Матусевіч, сёньняшняя старшыня Беларускай партыі жанчын «Надзея». Тады на форум у канцэртнай залі «Менск» акрэдытавалі ўсіх ахвотных. Гэтым разам вольнасьцяў не было. Недзяржаўных журналістаў на зьезьдзе аўтар не заўважыў (мо дрэнна глядзеў), а сам патрапіў у Белсаўпраф таксама не праз прэс-службу.
Сярод дэлегатаў — у асноўным прадстаўнікі ўлады: чынавенства з райвыканкамаў, кіраўнікі прафарганізацый дзяржаўных прадпрыемстваў, супрацоўнікі органаў дзяржкіраваньня ад Менгарвыканкаму да КДБ, парлямэнтарыі. Усе строга апранутыя. Мужчыны — у добрых строях з дарагімі гальштукамі, жанчыны — у дзелавых касьцюмах. Дэлегатаў, маладзейшых за сорак, можна было пералічыць па пальцах. «Паважаныя таварышы», як зьвяртаўся да іх Леанід Козік.
Мінулы форум адбыўся ў 2002-м пазачаргова. Арганізацыю, якая налічвае ў сваіх шэрагах больш за чатыры мільёны чалавек, давялося тэрмінова ратаваць. Ад улады. Шляхам зьліцьця зь ёй. Экс-старшыня ФПБ Франц Вітко пайшоў у адстаўку добраахвотна ўзамен на пасаду аташэ пасольства Беларусі ў цёплай Баўгарыі. А выратавальнікам было вырашана паставіць Леаніда Козіка, праверанага на пасадзе намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.
Дзякуй Шэйману
Козік вярнуў прафсаюзам савецкія функцыі і статус. Прафсаюзныя складкі памерам у 1% ад заробку зноў спаганяюцца праз бухгальтэрыі. Гэта вялікія грошы. Адзін адсотак ад сярэдняга заробку ў 200 даляраў па краіне — 2 даляры. Памнажаем на 4 мільёны 90 тысяч сяброў ФПБ — атрымліваем прыкладна 8 млн 180 тыс. даляраў штомесяц. Фэдэрацыя — гэта 28 галіновых прафсаюзаў, 6 абласных, Менская гарадзкая арганізацыя (якую ўзначальвае Мікалай Беланоўскі — ці не адзін з кіраўнікоў, які працаваў яшчэ з Ганчарыкам). Агульная колькасьць сяброў ФПБ з 1 студзеня 2003 г. вырасла амаль на мільён. Найбольш вялікімі па колькасьці арганізацыямі зьяўляюцца прафсаюзы працоўных АПК (755 тысяч сяброў), адукацыі (больш за 550 тыс.), аховы здароўя (270 тыс.), ЖКГ (251 тыс.), дзяржаўных устаноў (160 тыс.).
Нарэшце, прафсаюзы вярнулі сабе права інспэктаваньня працы. На сёньня па краіне працуюць больш за 54 тыс. грамадзкіх інспэктараў па ахове працы.
Прафсаюзнае «Новае радыё» ў хуткім часе будзе вяшчаць ня толькі на Менск, але й на ўсю краіну.
Прафсаюзнае багацьце кідалася ў вочы ў палацы, дзе праходзіў форум. Заля і прыбіральні — усё блішчыць.
Асаблівы клопат Козіка, пра які ён гаварыў за гэтыя тры гады шматкроць, — прафсаюзная ўласнасьць. Бізнэс-жылка ў Козіка разьвітая добра. Старшыня ФПБ з задавальненьнем абвясьціў дэлегатам зьезду ў справаздачным дакладзе, што месяц таму прафсаюзы вярнулі сабе апошні з аб’ектаў, адабраных уладай «у часы заняпаду», — спартовую базу «Воднік». А таксама за апошнія тры гады «прырасьлі» прадпрыемствам па вытворчасьці мінэральнай вады ў Віцебскай вобласьці, кансэрвавым заводам у Асіпавічах, спартыўна-стралковым клюбам у Барысаве, турыстычным цэнтрам, які быў раней піянэрлягерам імя Марата Казея, пад Менскам. А таксама падкрэсьліў, каму трэба дзякаваць за гэта — Аляксандру Лукашэнку й Віктару Шэйману, які «ў час актыўнага вяртаньня» быў генпракурорам.
Лукашэнка настойвае
Асноўныя напрамкі дзейнасьці ФПБ на найбліжэйшыя гады выклаў не кіраўнік фэдэрацыі, а шараговы дэлегат зьезду — таварыш Лукашэнка. Дэлегат Лукашэнка атрымаў для выступу гадзіну — больш, чым сам старшыня ФПБ Леанід Козік.
Лукашэнка настойвае на тым, каб структуры ФПБ больш актыўна ўкараняліся на прыватныя прадпрыемствы і бралі іх пад пільны нагляд. «Ніводзін наймальнік, які не ў ладах з заканадаўствам, не павінен ухіліцца ад кантролю прафсаюзаў», — сказаў дэлегат. І расказаў, як гэта будзе рабіцца: з дапамогай органаў дзяржаўнага нагляду й кантролю.
Па-другое, прафсаюзы й надалей ня будуць займацца палітыкай у яе прэзыдэнцкім разуменьні. То бок «будуць не абараняць правы людзей, а прадстаўляць інтарэсы працоўных». «Калі вы рынецеся абараняць правы чалавека, вы скоціцеся да таго, чым займаецца палітычная апазыцыя, — сказаў Лукашэнка. — ФПБ будзе адной з канструктыўна настроеных арганізацый, якія працуюць на карысьць дзяржавы. Вось наша бачаньне сутнасьці дэмакратыі й структуры грамадзянскай супольнасьці».
Трэцім «крокам разьвіцьця» стане барацьба зь незалежнымі прафсаюзамі. «Гэтыя арганізацыі маюць мала супольнага з прафсаюзамі. Іх больш вабіць палітыка, дакладней, палітыканства. Але грамадзяне, сябры гэтых структур, — нашы людзі, вы павінны вярнуць іх у шэрагі фэдэрацыі», — загадаў Лукашэнка. Акцыі па вяртаньні не за гарамі. Адной зь іх стане разгляд палатай прадстаўнікоў новай рэдакцыі закону аб прафсаюзах, які цяпер рыхтуецца ў ФПБ.
І напрыканцы пра выбары. Кожная імпрэза, у якой бярэ ўдзел Лукашэнка, — складнік перадвыбарнай кампаніі, якая, паводле словаў самога прэзыдэнта, не перарываецца ні на хвіліну. Таму было заяўлена, што ў наступнай пяцігодцы мы выйдзем на высокія рубяжы: узровень сярэдняга заробку складзе 500 даляраў, узровень малазабясьпечанасьці скароціцца ўдвая, вёска будзе пераўтворана, а валавы ўнутраны прадукт павысіцца на 50%. Ура, таварышы!
Каментары