Літаратура11

Піўная прэзентацыя Усевалада Сцебуракі і Анатоля Івашчанкі

Адкінуўшы ідэі правядзення прэзентацыі сваіх новых кніг у месцах, да якіх публіка ўжо прывыкла, паэты Усевалад Сцебурака і Анатоль Івашчанка вырашылі правесці падзею ў клубе «Графіці».

Дзіўнае спалучэнне графіці, у наўпростым і пераносным сэнсе, з беларускай паэзіяй дакладна надавала вечару арыгінальнасці.

Гісторыя таго, як «Графіці» стала месцам прэзентацыі дзвюх новых паэтычных кніг «Хай так» і «Бег па самаадчуванні», мае ледзь не містычныя карані.

Анатоль Івашчанка: Калі здараецца так, што мы з жонкай раздаём дзетак дарагім бабулям і можам кудысьці выбрацца, то даволі часта выбіраемся ў «Графіці». Так аднойчы мы трапілі на гурт «Рэлікт». Хлопцы нам вельмі спадабаліся, усё было так файна, што на радасцях мы выскачылі не расплаціўшыся. Зранку я прачнуўся з думкай: «Ёлкі, я забыў заплаціць па рахунку»! На заўтра мы з Севам (Усеваладам Сцебуракам) адвозілі кнігі па кнігарнях. Я яму ўсё і расказаў. Ён чалавек высокіх традыцый, сказаў, што так пакідаць нельга, і мы паехалі у «Графіці», каб грошы вярнуць. І тут Сева кажа: «Глядзі, якое файнае месца, вось бы нам тут прэзентацыю зрабіць». Але нам такое шчасце не свяціла, і грошай адпаведных не было. А на наступны дзень мне тэлефануе Сева і кажа: «Як ты глядзіш на тое, каб зрабіць прэзентацыю ў „Графіці“? -„Ідзі лесам, не можа быць“. А вось атрымліваецца, што можа. А той гурт, выступ якога запланавалі на прэзентацыі, — якраз той „Рэлікт“, на які мы з жонкай трапілі. Усё, пэўна, дзякуючы таму, што я ачысціў сваю карму».

Увесь вечар гасцей імкнуліся спаіць, карэктна спакушаючы словамі «Трэба выпіць, каб пашырыць свядомасць», што большасць з асалодай і рабіла. Таму ці то піва было пад вершы, ці то вершы пад піва, ужо і не згадаеш.

У першай частцы вечара — «пафаснай і прыгожай», як назваў яе Анатоль Івашчанка, — чыталіся вершы. Анатоль, дарэчы, першым і выйшаў да публікі. Што казаць, ён трошкі хваляваўся, але трымаўся годна. Былі вершы на балючыя свядомым беларусам тэмы, вершы пра каханне, пра з’явы, пра сям’ю і дзетак (дарэчы, у Анатоля вялікая сям’я, ён мае трох дзяцей). Адным словам, быў «творчы эксгібіцыянізм», як падсумаваў сам аўтар, агаляючы асабістыя гісторыі свайго жыцця.

А вось Усевалад Сцебурака нічога не баяўся, пэўна, вопыт шоўмэнства і тамады, дае пра сябе ведаць. Сказаў, што «не хоча ператвараць вечар у ружовыя соплі і сум па бацькаўшчыне». Але без вершаў пра бацькаўшчыну ўсё ж не абышлося. Аўтар расказваў пра тое, што «цвёрда ставіць мяккі знак» у беларускай мове, згадваў пра каханне, дзяцінства і тое, што яму сніцца херня.

На прэзентацыі выступаў гурт «Рэлікт» і чытаў свае вершы Віталь Рыжкоў, а пры канцы кожны ахвочы мог задаць паэтам пытанні, што гледачы і рабілі, бо ў якасці падарунка за найлепшае пытанне давалі торбачку «Будзьма». Як сказаў Усевалад, «любое пытанне харошае, бо звычайна беларусы маўчаць», таму на падарункі не скупіліся.

Анатоль Івашчанка «Хай Так»

Пісалася кніга 7 гадоў, мае 7 раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны нейкай падзеі. Першы верш быў напісаны 16 сакавіка, перад выбарамі 2006, і, можна сказаць, ён стаў пунктам адліку.

Пошук назвы — заўсёды вельмі пакутлівы працэс для любога творцы. У завершаным выглядзе гэтая кніга ляжала каля года, і цягам гэтага года прыдумлялася назва. Калі пачалася вёрстка кнігі, Анатоль падышоў да Алеся Пашкевіча і запытаў, як звярстаць лепш. Той уважліва паглядзеў і сказаў: «Ну, хай так». «У галаве маёй загарэлася лямпачка: у мяне якраз ёсць верш з гэтымі словамі. Гэтай назвай я перакладаю кітайскае У-вэй — нядзеянне. Гэта ідэальная мадэль жыцця, якой я не адпавядаю. Тут ёсць і бітлоўскі падтэкст з Let It Be. Гэта можна ўспрымаць як раздзяўбайства, як „талстоўшчыну“ ці як нейкі дэвіз, кожны можа разумець па-свойму». «Гэтая кніга — спроба давесці, што нядзеянне і бяздзейнасць — не адно і тое ж, што нават седзячы ў позе сузірання, можна прагна чакаць перамен».

О мой блог

Штогадзіны абнаўляем анлайны з залаў суда,
Дзе на лавах — чарговыя ахвяры
Крывое рукі крывавага правасуддзя,
Пракручваем калёсікамі
Рэпартажы з плошчаў,
Дзе звінчваюць і пакуюць пераважна
Сяброў і блізкіх тых, што на лавах…
Прагортваем фрэндстужкі,
Гэтыя несапраўдныя спіралі часу,
Узіраемся ў запыленыя маніторы,
Гэтыя няспраўджаныя алефы,
Гэтыя люстры Абадоны,
Гэтыя чорныя вочы,
З невымернай гігабайтавай гіблынёй…
Клікаем, лайкаем, посцім, перапошчваем,
Ставім дужачкі,
Абвяшчаем фрэндацыды,
Ігнорым закатаванае
(асабліва — у вершаванай форме),
Банім, тролім, дыбрым
Ну і, вядома ж, дастаўляем.
І перш як націснуць кнопку «запосціць»,
Хрысцім манітор і чытаем малітву:
О мой блог,
Дай мне з душэўным супакоем прыняць усё, што прынясе гэты допіс
OMG

Усевалад Сцебурака «Бег па самаадчуванні»

Кніга складаецца з 4-х раздзелаў, творы ў якіх аб’яднаныя паводле ўмоўнага (аўтарскага) меркавання пра час і сябе — " Як ёсць» «Як мае быць», «Rемаркі» і «Выбраныя камяні» (вершы са зборніка «Крушня»).

Кніга адрасаваная тым, хто любіць не гульню словаў, але яснасць думкі і зразумелы змест у паэзіі.

«Асноўны пасыл? Хм… Напэўна, у тым, што прыйшоў час называць рэчы сваімі імёнамі: сяброў — сябрамі, радзіму — радзімаю, лайно — лайном. І ўвогуле, мне падаецца, мае вершы сталі больш шчырымі і менш манернымі».

Беларуская клясыка

Я цьвёрда стаўлю мяккі знак
Ва ўсіх належных словах!
Бяз знаку гэтага ніяк
Мая ня можа мова!

У «Эўропе» — сьмела стаўлю «Э»
і «Я» пішу у «клясе».
Такой граматыкі стае
На думкі ў кожным часе!

Баронім «Ё», кароцім «Ў»,
Трасянку робім моваю.
Звычайную
маю
тваю
Мы робім адмысловаю!

Чаму варта прачытаць кнігі? Напэўна, таму, што кожны дакладна знойдзе пару блізкіх вершаў і думак. Нешта падыме настрой, нешта абвострыць успаміны ці выклікае пачуцце замілавання. У любым выпадку, як кажа Усевалад Сцебурака, «так файна знайсці блізкае на роднай мове».

Каментары1

Цяпер чытаюць

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!3

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША могуць прымяніць супраць Ірана «маці ўсіх бомбаў»3

Пуцін завысіў колькасць захопленых сёлета ўкраінскіх земляў у 45 разоў1

У Гродне пабачылі белую варону ВІДЭА

Да падпалу станцыі Starlink у Польшчы можа быць датычная турэцкая злачынная групоўка, за якой стаіць Масква1

Трамп параіў сваёй новай прэс-сакратарцы яшчэ раз падумаць, ці ёй гэта трэба. Яна падумала15

На Брэстчыне ўжо два тыдні як знік 38‑гадовы мужчына

На беларускія аўтобусы будзе не так страшна спазняцца

Трамп кажа, што Starlink Украіне адключаў не ён і наўрад ці Маск. А хто — не ведае18

Еўрапейскія лідары не прасілі Зяленскага быць мякчэйшым з Трампам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!3

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць