Меркаванні1010

Віктар Марціновіч. Люстэрка як саўдзельнік катаванняў

Цалкам сюррэалістычны скандал узнік па выніках абвяшчэння пераможцаў конкурсу Belarus Press Photo. Скандал вычарпальна характарызуе стан беларускай палемічнай культуры, гэтаксама як і той дзіўны свет, што пануе ў некаторых галовах. Гран-пры на Belarus Press Photo атрымаў фатограф газеты МУС РБ «На страже» Вячаслаў Цуранаў за серыю фотаздымкаў з Жодзінскай турмы. На фотках зэкі сядзяць з закаванымі ў кайданкі рукамі на крэсле ў дворыку для шпацыраў.

«Я бачу ў іх (здымках) сведчанне таго, што супрацоўнік-фатограф Цуранаў стаў як мінімум саўдзельнікам катаванняў і здзекаў з вязняў», — выказаўся адзін з распачынальнікаў гэтай палемікі. Ён падкрэслівае, што «зняволеныя не глядзяць у аб’ектыў, а іх рукі ў мароз скаваныя кайданкамі». Дыспутант працягвае дапушчэннем, што журы Belarus Press Photo, у якое ўваходзяць людзі з неаспрэчнай рэпутацыяй, напрыклад, Мартэн Коэс, намеснік кіраўніка World Press Photo, «вырашыла прысудзіць Гран-пры супрацоўніку міліцэйскай газеты для таго, каб новы альбом не быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, як гэта адбылося з выданнем 2011 года». Далей, як гэта звычайна ў нас бывае, дыскусія дайшла да той мяжы, за якой ідуць пагрозы фізічным уздзеяннем, праклёны, выраб лялькі вуду і накладанне сурокаў на хатнюю жывёлу.

Калі ачысціць прэтэнзіі да Belarus Press Photo ад эмоцый, блытаніны і проста дурнаты, атрымаем тры простыя закіды.

Першае: аўтар-пераможца працуе на газету «На страже» і такому чалавеку нельга прысуджаць узнагароды.

Другое: фотасесія не была добраахвотнай, зняволеных наўмысна пасадзілі на тое крэсла. Болей за тое, яна была пастановачнай. Вязні не глядзяць у аб’ектыў, а значыць, гэта катаванне.

Трэцяе: Belarus Press Photo з дапамогай гэтага Гран-пры намагаецца пазбегнуць пераследу альбома-2013.

Што да першага закіду, дык хочацца растлумачыць адну простую рэч, якую я ўжо тлумачыў у той момант, калі альбом BPF-2011 быў прызнаны экстрэмісцкім:

фота не нясе ў сабе той канцэнтрацыі ідэалогіі, якую нясе тэкст. Фота адлюстроўвае частку рэальнасці, хай сабе «рэальнасць» гэтую канструюе вакол сбе фатограф.
Чалавек можа працаваць фатографам на газету МУС і заставацца нейтральным майстрам, як гэта было з некалькімі таленавітымі фатографамі, што працавалі на дзяржаўную прэсу БССР (таленавітых журналістаў, якія працавалі на дзяржаўную прэсу БССР, я не ведаю). Дзіўна, што, калі альбом BPF-2011 прызналі экстрэмісцкім, усе пагадзіліся з тэзай пра тое, што фота не можа несці ідэалогію, а здымак з бамжамі не «дыскрэдытуе» краіну, але толькі падкрэслівае яе шматгранны, так скажам, стан. Калі ж узнік дыяметральна супрацьлеглы папрок (фотаздымкі працуюць ужо не супраць дзяржавы, а на дзяржаву), усе раптам забыліся на свае ж тэзы.

Другі закід тычыцца таго, што зняволеных наўмысна выводзілі на двор для таго, каб іх зняў Цуранаў, што гэта было «пастаноўкай». Але ўявіць сабе класічны «прэс-фота сюжэт» з фатографам, які раптам з дапамогай добрага аб’ектыву «падгледзеў», што робіцца за кратамі Жодзінскай турмы, немагчыма.

Адзіны спосаб сфатаграфаваць зняволеных на «пажыццёўку» — дамовіцца з турэмшчыкамі.
І пытанне выключна ў тым, ці павінна быць цікавым грамадству глядзець на такія сюжэты. На маю думку, такому грамадству, як беларускае, гэта не толькі цікава, але і карысна. Асобна варта зазначыць безгаловасць тэзы пра тое, што зэкі не глядзяць у аб’ектыў. Па-першае, у партрэтным фота на гэты конт ёсць пэўныя стандарты, якія даводзяцца на першым жа занятку. Па-другое, а што, каб яны глядзелі ў аб’ектыў, гэта б сведчыла пра тое, што яны выйшлі на шпацыр добраахвотна?

Трэці аргумент: фатограф «На страже» атрымаў Гран-пры для таго, каб альбом не забаранілі. Здаецца, тыя, хто падтрымліваюць гэты аргумент, дрэнна ведаюць сітуацыю з забаронай альбома-2011. На мяжы была канфіскаваная невялікая частка накладу, не было зразумела, што з ёй рабіць. І, замест таго, каб проста аддаць кнігі, адбылася хіба што не самая пажаданая для аўтараў рэч: яго прызналі «экстрэмісцкім» пасля дзіўнаватай экспертызы, якая ўся разышлася на цытаты і дэматыватары па сеціве. Зроблена гэта было, каб не вяртаць канфіскаванае. Дзякуючы гэтай пастанове, альбом зрабіўся сусветна вядомай з’явай, пра яго паведамілі медыі, якія б ніколі не звярнулі ўвагі ні на Беларусь, ні на яе фотаздымкі. Укладальнікі альбома павінны былі радавацца забароне, бо дзякуючы аднаму дурному рашэнню, усе, хто меў дачыненне да праекта, набылі інтэрнацыянальнае гучанне.

Яшчэ адна акалічнасць: каб дыспутанты пачасаліся падняць мінулагоднія альбомы, яны б пабачылі там шмат супрацоўнікаў дзяржаўных медыяў.
Напрыклад, у «экстрэмісцкім» альбоме мы бачым Наталлю Аблажэй і Леаніда Шчаглова з «БелТА», Раміля Насібуліна з «Беларускай ваеннай газеты» і таго ж Вячаслава Цуранава з «На страже». Ці наяўнасць прац гэтых фатографаў захавала «Прэс-фота Беларусі 2011» ад забароны? Не? Дык чаму гэтага трэба чакаць ад перамогі Цуранава? Дзе логіка?

І цяпер пра галоўнае: тое, што ніхто з удзельнікаў вэрхалу не заўважыў, ці заўважыў, але не засяродзіў увагу.

Пра што фотасесія Цуранава з Жодзінскай турмы? Якую гісторыю яна расказвае? Мы бачым хлопца, што павесіў галаву, седзячы на крэсле, што стаіць на снезе. Мы бачым на тым жа крэсле арыштанта, што сядзіць роўна, як быццам сілы жыць, седзячы, у яго яшчэ не скончыліся. Мы бачым простага мужыка ў «цельніку», на твары якога такі адчай і такая роспач, што робіцца жудасна. Мы бачым яшчэ аднаго маладога, што з’ехаў з крэсла, амаль ляжыць на ім. Ён глядзіць у неба ці, прынамсі, у той бок, дзе яно можа быць, тое шэрае арыштанцкае неба. Што на яго твары? Надзея выбрацца адсюль? Абыякавасць? Мара?

Сем фотаздымкаў, сем асуджаных на пажыццёвае. Сем чалавек, якія не выйдуць з гэтых двароў.

На апошняй картачцы Цуранава мы бачым пустое крэсла. Крэсла, што стаіць на снезе пасярод страшнага бетоннага дворыка для шпацыраў. Крэсла чакае кагосьці, чарговага чалавека, што сканае ў турме, без магчымасці пабачыць зялёныя дрэвы. Для каго гэтае крэсла?

Для цябе?

Для мяне?

Я таксама прысудзіў бы Гран-пры Belarus Press Photo фатографу газеты МУС РБ «На страже» Вячаславу Цуранаву.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння4

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння

Усе навіны →
Усе навіны

Больш за 50 еўра за 180 км дарогі. Чаму растуць цэны на аўтобусныя квіткі з Менску ў Вільню11

Не ігнаруйце гэтыя змены скуры — яны могуць сведчыць пра пачатак дыябету6

Пасол Венгрыі па-майстэрску сыграла на аргане ў касцёле ў Магілёве3

Прэзідэнт Сербіі Вучыч упершыню з пачатку вайны наведаe Украіну1

Аўтобус з 22 пасажырамі, мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль патрапілі ў ДТЗ на трасе М-1 у Баранавіцкім раёне. Ёсць загінулы1

Самы папулярны тыкток-блогер у свеце, які высмейвае бязглуздыя лайфхакі, выдвараны з ЗША як нелегал7

Нахабныя збіральнікі грошай на праезд у Мінску ўжо просяць перавод на картку2

У Магілёве ідзе спектакль 18+, які карыстаецца шалёнай папулярнасцю — гледачы прыязджаюць з іншых гарадоў10

Грузія пастрожыць правілы знаходжання замежнікаў, ажно да выдварэння1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння4

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць