Меркаванні8989

Прыгажосць па-беларуску. Віктар Марціновіч пра конкурс «Міс Мінск»

Асноўны складнік скандалу вакол конкурсу «Міс Мінск» — апакаліптычны абсурд, сумяшчэнне несумяшчальнага.

З аднаго боку – Сеціва, раз’юшанае «непрыстойнымі фотамі» пераможцы конкурсу прыгажосці. Людзі, якія наўмысна займаліся сёрчынгам па спецыялізаваных сайтах, каб «застукаць» там новую Міс Мінск (не ведаю, як вам, а мне гэта падаецца нейкім вычварэнствам, накшталт падглядання за ложкам бацькоў). Наогул, «Сеціва, раз’юшанае непрыстойнымі фотамі» — хіба гэта не сюррэалізм?

Лідары думкі, якія задаюцца пытаннем, як мог прадстаўнік гарадской адміністрацыі віншаваць такую дзяўчыну, як яму было не сорамна? А загана дзяўчыны – ў некалькіх адносна правакатыўных здымках – любая добрая party пакідае пасля сябе стосы такіх выяў. Хэй, хлопцы, вы не ведалі, што нават у каралеваў ёсць попа і грудзі?

З другога боку – горад Мінск, які нядаўна трапіў у чарговы рэйтынг сусветнай разбэшчанасці. Мінск, які цнатлівым ну аніяк не назавеш.
Горад начнога жыцця, горад казіно, «дзяўчатак», што мараць пазнаёміцца ў кафэ з багатым мужыком, «каб не працаваць усё жыццё на заводзе», і горад кавярняў, якія ўсё хутчэй нагадваюць «дамы знаёмстваў». Горад, куды ў асобных краінах Бліжняга Ўсходу адкрыта клічуць «на сэкс-турызм».

І вось, у такім горадзе ставіцца пад пытанне ТБ-трансляцыя цырымоніі «Міс Мінск» — праз тое, што Міс Мінск не надта прыстойна сабе паводзіць па за межамі конкурсу «Міс Мінск».
Афіцыйныя прадстаўнікі робяць каментары, з якіх вынікае, што вось ад такіх конкурсаў не далёка да «аднаполай любві», якая ў нас наогул асацыюецца з апошняй мяжой чалавечнасці.

Дык як гэта сумясціць – такі Мінск і гэткую рэакцыю мінчукоў? Паспрабуем разабраць.

Па-першае, рэакцыя грамадства (калі срач у Інтэрнэце наогул можна называць «рэакцыяй грамадства») дэманструе, што Беларусь з’яўляецца супольнасцю вельмі кансерватыўнай. Нават, я б сказаў, фундаменталісцкай, бо лічыць праблемай здымак, на якім апрануты мужчына кранае вуснамі жанчыну ў тое месца, дзе знаходзіцца смочка жанчыны, могуць хіба што талібы.

Але – што цікава, тая з’ява, якая бачная за палемікай – зусім не рэлігійны фундаменталізм! Бо нельга ўбачыць у той палеміцы, што ўзнялася пад фоткамі, традыцыйных аргументаў, якія высоўваюць хрысціянскія палемісты. Хрысціянскі фундаменталізм вымагаў бы ад дзяўчыны вернасці запаветам Пісання: прыстойнай вопраткі, доўгай спадніцы, вернасці аднаму маладому чалавеку. Усіх гэтых аргументаў у тролінгу Міс Мінск няма, і гэта цалкам вытлумачальна, бо патрабаванне да мадэлі «апранацца ў доўгую спадніцу» ў Сеціве гучала б прыкметай глупства таго, хто гэтае патрабаванне высоўвае.

Мне складана было ўцяміць прыроду такога ханжаства, тым больш, што ханжаства рэпрэзентавана ў самай не-кансерватыўнай пляцоўцы, у Інтэрнэце.

Дык вось, маё бачанне палягае ў тым, што цемрашальства, што палезла з усіх каментароў, з’яўляецца выхадам ідэалагічнага, ці савецкага фундаменталізма.

Прэтэнзію, якая выстаўленая да дзяўчыны, можна сфармуляваць так: цябе абралі самай прыгожай красуняй Мінска, а ты не адпавядаеш тым высокім чалавечым якасцям, якім павінна адпавядаць.
Такім чынам, назіраецца распаўсюджванне паняцця «прыгажосць» у маральную плашчыню. Такое распаўсюджванне было характэрна для савецкага этасу.

Мы, як людзі савецкія, дагэтуль жывём ва ўпэўненасці, што сэксу няма, і смяротна крыўдуем, калі жыццё дэманструе нам яўныя прыкметы таго, што свет сэксуальнага ёсць і ён – зусім побач.
Шок, які гучыць у кожным раз’юшаным каменце – гэта шок піянера, які верыў у тое, што ягоная абранніца, Лёля з сёмага бэ, пісае не інакш, як духамі «Чырвоная Масква», і вось, раптам, давялося пабачыць яе ў машыне з дарослымі каўказцамі: яна піла з імі віно, а яны яе мацалі за цыцкі.

Гэта шок безвыходнасці разумення як таго, што Лёля – такая ж жывая баба, як усе астатнія; шок разумення і таго, што табе яна цыцкі памацаць не дазволіць дакладна, што ты выключаны з працэсу спажывання Лёлі праз уласную няздольнасць адпавядаць запытам гэтага жорсткага дарослага свету.

І, каб не звар’яцець ад крыўды і безвыходнасці, варта задацца галоўным пытаннем: якая яна – прыгажосць, што адпавядае архетыпу беларускага савецкага фундаменталізма?

Відавочна, яна павінна быць добрая. У яе мусяць утварацца ямачкі на шчаках, калі яна пасміхаецца. Нечым яна мусіць нагадваць Маці.

Відавочна, яна павінна быць этычная, павінна казаць шмат добрых слоў пра Радзіму і наш подзвіг падчас Другой сусветнай вайны.

Пажадана, каб яна мела нейкі талент, напрыклад – спявала спакойныя песні пра сяброўства і святыя абавязкі.

У яе павінны быць доўгія прамыя валасы, сабраныя ў касу, бо інакш нельга.

Канечне ж, яна павінна быць прыстойна апранутая: спадніца да падлогі, закрытыя грудзі, ніякіх там дэкальте – ад гэтага адзін крок да аднаполай любві.

Мне бачыцца Валянціна Талкунова, якой яна была ў маладосці: вось яна ўзыходзіць на сцэну, прыціскае да сэрца букет, які ёй падарылі ветэраны і звяртаецца да нацыі: «Дарагія мае! Дзякуй!»

Красуня-маці.

Красуня-заступніца.

Красуня-сястра.

Ніякага сэксу. Любыя думкі пра сэкс з ёй павінны нават таму, хто думае, падавацца вычварэнствам. Яе немагчыма жадаць. Яе немагчыма нават кахаць.

Я сумняваюся ў тым, што арганізатары конкурсаў прыгажосці мелі дастаткова рэфлексіўнасці, каб зразумець, чаго ад іх чакае саветызаваная нацыя. Здаецца, у гэтым тэксце ўсё сфармулявана больш, чым канкрэтна.

Пасля скандалу вакол «Міс Мінск» любы традыцыйны конкурс прыгажосці, з дзяўчатамі, што маюць істотна акрэсленую сексуальнасць, будзе выклікам. З іншага боку, змена фармату пад стылістыку «Мода. Ленінград-1965» станецца адыходам ад сусветнага стандарту, што ў глабалізаваным свеце спажывання прыгажосці, часткай якога як-ніяк з’яўляецца Беларусь, можа выклікаць каменты не меней з’едлівыя, чым «рубілава» гэтага тыдня.

Тым не меней, канфлікт двух беларускіх «прыгажосцяў» адбыўся. Суіснаваць далей яны не могуць, бо будуць спараджаць яшчэ болей абсурду і сюррэалізма. Чакаем Талкунову!

Каментары89

Цяпер чытаюць

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе31

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Рада Украіны спыніла працу — дэпутаты масава патруціліся

Ціханоўская напісала ліст прэм'еру Літвы, але адказу не атрымала14

Хто той гомельскі гендырэктар прадпрыемства, якога вінавацяць у мільённых махінацыях1

Маладую завадчанку з «Гарызонта» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»5

Кліенты мабільнага аператара А1 не могуць зарэгістравацца ў Signal3

Украінскі скелетаніст Гераскевіч пракаментаваў сітуацыю са сваёй дыскваліфікацыяй на Алімпіядзе5

Прэзідэнт МАК расплакалася пасля дыскваліфікацыі скелетаніста Гераскевіча26

Расія не будзе ўдзельнічаць у першым пасяджэнні Рады міру3

У Маскве побач з цэнтрам, які распрацоўвае інструменты масавага сачэння за расіянамі, узарвалася машына

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе31

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць