Улада

Барозу: Нармальныя адносіны — толькі пасля рэабілітацыі палітвязняў

Без вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў нармалізацыі адносін паміж ЕС і Беларуссю не будзе.

Пра гэта заявіў старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу, які на днях наведаў суседнюю Літву. У эксклюзіўным інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» ён павіншаваў Вільню з адказнай місіяй — пачаткам старшынства ў Радзе Еўрапейскага саюза — і расказаў пра палітыку Брусэля ў дачыненні да ўсходніх суседзяў супольнасці.

— У асабліва гарачай барацьбе за новы бюджэт ЕС дзіды за палітычны ўплыў скрыжавалі самыя галоўныя еўрапейскія інстытуты — Еўрапейская Рада, якая першапачаткова заблакавала бюджэт Еўрапарламента і атакаваная ім Еўракамісія. Многія расцэньваюць гэта як яшчэ адну прыкмету дэзінтэграцыі ці нават распаду ЕС. Хтосьці сцвярджае, што гэта натуральныя дэмакратычныя працэсы, якія толькі яшчэ больш узмоцняць еўрапейскае інтэграцыйнае аб’яднанне і падштурхнуць яго да яшчэ большай інтэграцыі. Якое ваша меркаванне?

— Думаю, прынятае пагадненне па бюджэце на 2014–2020 гады — важны паказчык таго, што інстытуты ЕС, уключаючы дзяржавы-сябры ў Радзе ЕС, могуць працаваць разам і дасягнуць згоды ў дачыненні да бюджэту, які дапаможа Еўрапейскаму саюзу пераадолець крызіс.

Бо і краіны-выплатніцы ў бюджэт ЕС, і атрымальніцы чыстага прыбытку сабраліся разам, прыйшлі да кампрамісу і падтрымалі яго.

Еўрапейская камісія імкнулася дамагчыся разумення краін-удзельніц, што будучы бюджэт будзе рэальным, і што ім можна будзе распараджацца. Нам неабходны гэты бюджэт. Ён патрэбны не інстытутам ЕС, а нашым еўрапейскім грамадзянам, нашым дзяржавам-сябрам, асабліва тым, становішча якіх сёння найбольш цяжкае.

Усім дзяржавам-сябрам трэба, каб новыя праграмы фінансавання можна было ажыццяўляць са студзеня 2014-га. Думаю, гэтага магчыма дасягнуць.

— Лідары ЕС ужо даўно заяўляюць, што пагроза існаванню еўра знікла, што, наогул, эканамічны крызіс скончыўся, а эканоміка Еўропы цяпер будзе станавіцца больш моцнай і інтэграванай. На чым заснаваны такі аптымізм?

— Тое, што пагрозы існаванню еўра няма, я зразумеў ужо ў канцы мінулага года. Цяперашняе становішча нельга параўноўваць са становішчам мінулых гадоў.

У якасці прыкладу давайце паглядзім на ўрадавыя пазыкі: ледзь больш, чым праз год, Грэцыі атрымалася выдаць аж на тры чвэрці больш танныя пазыкі на 10 гадоў, а Партугаліі — больш чым на палову танныя пазыкі.

Гэта паказчык таго, што давер да фінансавых рынкаў пакрысе вяртаецца. Але гэта не азначае, што крызіс скончыўся. Мы павінны яшчэ справіцца з велізарным беспрацоўем сярод моладзі, стымуляваць банкі зноў інвеставаць у эканоміку і, вядома, павялічыць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі.

Вядома, тэрыторыя ЕС не маленькая, і мы зрабілі вялікія намаганні, каб паменшыць дэфіцыт свайго бюджэту, а Еўрапейскі цэнтральны банк прыняў асаблівыя меры. Але мы павінны выкарыстоўваць нашу немаленькую еўрапейскую прастору для структурнай рэформы нашай эканомікі. Такія пажаданні Еўрапейская камісія выказала ў рэкамендацыях канкрэтным краінам. Мы лічым, што, у тым ліку, гэта шлях да росту эканомікі і стварэнню працоўных месцаў.

— Эліта ЕС сцвярджае, што асноўнае рашэнне ўсіх праблем — актывізацыя інтэграцыі. Аднак многія асцерагаюцца, што яна яшчэ больш падкрэсліць розніцу эканамічнага дабрабыту ў розных краінах — удзельніцах ЕС, а таксама выявіць нераўнамернасць палітычнага ўплыву на кантыненце паміж буйнымі гульцамі (такімі, як Германія) і малымі — у асаблівасці, пачаткоўцамі на Усходзе. З іншага боку, ёсць меркаванне, што паглыбленне інтэграцыі яшчэ больш узмоцніць значэнне, ролю і ўплыў еўрабюракратыі. Што вы думаеце пра гэта?

— Крызіс распаўсюдзіўся на ўсёй прасторы Еўрапейскага саюза, асабліва ў краінах, якія выкарыстоўваюць агульную валюту. Крызіс паказаў, што эканоміка кожнай краіны вельмі залежыць ад эканомікі іншых краін.

Таму, жадаючы ўтаймаваць падобныя крызісы-ўзрушэнні і спыніць іх у будучыні, мы зрабілі розныя крокі, такія як, скажам, правілы кантролю за бюджэтам і эканомікай (так званы зборнік шасці прававых актаў) і агульны механізм кантролю за банкамі.

Больш інтэграваны Еўрасаюз з больш моцнымі інстытутамі будзе не драбіць, а аб’ядноўваць Еўропу.

Імкнуцца да больш згуртаванай інтэграцыі заклікае і група «Сябры палітыкі згуртавання», важны сябар якога — Літва. У шасцідзесятых гадах XX стагоддзя стала відавочна і бясспрэчна, што інтэграцыя Еўропы — лепшая зброя супраць раз’яднанасці еўрапейцаў.

Усе дзяржавы — сябры ЕС валодаюць аднымі і тымі ж правамі і абавязкамі. Мне не падабаецца штучны падзел еўрапейскіх краін на багатыя і бедныя, новыя і старыя, цэнтральныя і перыферычныя. Зараз, асабліва пасля хваравітага эканамічнага і фінансавага крызісу, самы час працаваць разам на карысць захавання Еўрапейскага праекта — адзінай Еўропы.

— У сувязі з цяжкімі часамі другое дыханне нададзенае старым стэрэатыпам пра Паўднёвую Еўропу — нібыта яна генетычна лянівая, падступная, карумпаваная, а таксама для яе характэрная схільнасць да прыстасавання. Асабліва гэтыя «заганы» любяць падкрэсліваць у параўнанні з Паўночнай Еўропай, якая ва ўсіх адносінах пераўзыходзіць Паўднёвую. Нямала негатыўных стэрэатыпаў ахутвае і Усходнюю Еўропу. Як з гэтым змагацца?

— Уплыў крызісу на нашу эканоміку і грамадства быў велізарным. Многія людзі шукаюць казлоў адпушчэння, прычым усюды: няхай гэта будзе Паўднёвая Еўропа, Паўночная Еўропа ці сам Еўрапейскі саюз. Гэтыя стэрэатыпы памылковыя першапачаткова і па азначэнні.

Напрыклад, паглядзеўшы на колькасць рабочых гадзін у розных еўрапейскіх краінах, робіцца зразумела, што меркаванне, нібы ўсе грэкі, іспанцы і партугальцы — гультаі, няправільнае. Колькасць іх працоўных гадзін — адна з самых вялікіх у Еўрасаюзе.

Думаючы пра перспектывы развіцця ЕС, мы павінны дакладна разумець, што цяперашні крызіс мы адчуваем разам, таму і пераадолець яго мы можам толькі сумесна. Рэанімацыя нашай эканомікі павінна быць узгодненай, і ўсе дзяржавы-сябры, па-за залежнасці ад таго, у якой частцы мапы яны знаходзяцца, павінны прыкласці да гэтага намаганні.

Найбольш тэрміновыя рэформы Еўрапейская камісія паказала ў традыцыйных рэкамендацыях, якія штогод прадстаўляюцца кожнай канкрэтнай краіне. На мінулым тыдні рэкамендацыі пацвердзілі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Адна з задач Літвы падчас старшынства ў Радзе ЕС — сачыць за іх выкананнем.

Я ўпэўнены, што пасля аднаўлення эканамічнага росту і вырашэння праблемы недахопу працоўных месцаў, пагібельных стэрэатыпаў адразу стане менш.

— Ці сапраўды такая не надта магутная ў плане эканомікі і палітыкі краіна, як Літва, хай нават займаючы пасаду старшыні ў ЕС, можа паўплываць на рашэнне фундаментальных праблем усяго кантынента? Магчыма, шмат хто ў Літве пераацэньваюць значэнне гэтага старшынства, калі сцвярджаюць, што Літва зможа стымуляваць увесь кантынент засяродзіцца на самых балючых праблемах Еўропы? З іншага боку, нямала людзей глядзіць на старшынства, як на магчымасць для краіны атрымаць больш, скажам так, «еўрапейскіх грошай» або заручыцца індывідуальным палітычным уплывам. Ці правільны такі погляд?

— Для любой краіны — вялікі або маленькай, багатай ці не вельмі — старшынства ў Радзе ЕС значыць велізарную адказнасць, вялікую рабочую нагрузку і празрыстасць палітычных дзеянняў.

Пераход ЕС на новы этап паглыблення інтэграцыі — гэта таксама і перыяд вялікіх эканамічных цяжкасцяў, што натуральна.

У ходзе падрыхтоўкі Літвы да старшынства ў ЕС я падтрымліваў цесныя сувязі з уладнымі інстытутамі краіны. Я перакананы, што Літва расставіць правільныя прыярытэты і разумна размяркуе рэсурсы.

Літва будзе старшынёй Рады ЕС у першы раз. Акрамя таго, гэта першая краіна, якая старшынствуе ў Еўрапейскім саюзе, у які ўваходзяць ужо 28 краін. А асаблівы час, як вядома, патрабуе і асаблівага падыходу да кіраўніцтва. Але я цвёрда перакананы ў здольнасці Літвы адказна пераадолець выклікі.

— Літва ганарыцца тым, што яна ў барацьбе з крызісам яна падала прыклад строгай эканоміі і нават стала маяком для ўсёй Еўропы, у асаблівасці, для праблемных краін Поўдня. На вашу думку, ці існуе такая рэч, як літоўскі рэцэпт, і ці добры ён у дзеянні?

— Літва распачала важныя крокі для рэанімацыі сельскай гаспадаркі, і ў апошнія некалькі гадоў яе эканоміка стабільна расце.

Дэфіцыт бюджэту Літвы ў мінулым годзе захаваўся на ўзроўні 3% ВУП, таму Еўракамісія завяршыла працэдуру залішняга дэфіцыту. Гэта толькі што пацвердзілі міністры фінансаў Еўрапейскага саюза. І гэта важны знак для рынкаў.

Еўракамісія заўсёды падкрэслівала не тое, што звычайна называецца строгай эканоміяй, а тое, што фіскальная кансалідацыя і структурныя рэформы павінны садзейнічаць росту эканомікі, і гэта відаць з нашых апошніх рэкамендацый у адрас Літвы. Спадзяюся, Літва, як і іншыя дзяржавы-сябры, прыме гэта да ўвагі на будучыню ў ходзе падрыхтоўкі бюджэту і распрацоўкі планаў рэформаў эканомікі.

Гэта дапаможа Літве гарантаваць доўгачасовы эканамічны рост і забяспечыць умовы для ўвядзення еўра, як гэта плануецца.

— Ці варта чакаць у бліжэйшай будучыні сур’ёзных змяненняў у ходзе рэалізацыі праграмы «Усходняга партнёрства»?

— Сустрэча на найвышэйшым узроўні па пытанні «Усходняга партнёрства», якая адбудзецца ў лістападзе ў Вільні, будзе важным мерапрыемствам. Еўракамісія спадзяецца падпісаць дамову аб асацыяцыі з Украінай і першасныя дамовы аб асацыяцыі з Малдовай, Грузіяй і Арменіяй. Дасягненне гэтых пагадненняў — сапраўдная трансфармацыя «Усходняга партнёрства». Вядома, для таго, каб гэтыя намеры былі ажыццёўлены патрэбная цвёрдая гатоўнасць нашых партнёраў рэалізаваць абяцаныя рэформы. Гэта галоўная ўмова складання, падпісання і ратыфікацыі гэтых дамоваў.

— Якія, на вашу думку, шанцы ва Украіны стаць сябрам ЕС, калі, вядома, яны ўвогуле ёсць?

— З Украінай нас звязваюць мэты дасягнення палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі. Палітыка «Усходняга партнёрства» прапануе такі фармат адносінаў усім партнёрам. Аднак узаемадзеянне павінна грунтавацца на павазе да агульных каштоўнасцяў, такіх як дэмакратыя, правы і асноўныя свабоды чалавека, а таксама празрыстасць судовай сістэмы дзяржавы. Спадзяемся, што Украіна да лістапада прыйдзе да таго, каб адпавядаць крытэрам, якія яшчэ ў снежні былі ўстаноўленыя Радай замежных справаў. Гэта адпаведнасць забяспечыла б незваротнасць працэсу рэформаў.

— Якія ўмовы ЕС ставіць Беларусі, каб устанавіць з гэтай краінай больш цесныя адносіны?

— Развіццё двухбаковых адносінаў ЕС і Беларусі залежыць ад дэмакратызацыі і мадэрнізацыі інстытутаў улады Беларусі. Мадэрнізацыя павінна закрануць сістэмы захавання правоў чалавека і правасуддзя. Нельга нармалізаваць адносіны з рэжымам, калі не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя. ЕС хоча дапамагчы Беларусі ажыццявіць усе яе міжнародныя абавязанні ў гэтай сферы.

Мы падтрымліваем сувязі з беларускімі інстытутамі ўлады на ўзроўні міністраў і службовых асоб і з грамадзянскай супольнасцю, у асноўным у рамках праграмы «Еўрапейскі дыялог па пытаннях мадэрнізацыі».

— Калі ўсе краіны-сябры ЕС будуць, нарэшце, гатовыя да вядзення адзінай энергетычнай палітыкі, у тым ліку, каб вызваліць такія краіны, як Літва, пачынаючы ад энэргетычнай ізаляцыі і поўнай залежнасці ад Расіі?

— Камісія інтэнсіўна працуе над тым, каб пасля 2015 года ні адна дзяржава-удзельніца ЕС не была б энергетычным востравам. Мы не хочам, каб нашы сябры ў Еўропе, перш за ўсё, у рэгіёне Балтыйскага мора былі б аддзеленыя ад еўрапейскіх і энергетычных і газавых сетак.

Таму, каб звязаць краіны Балтыі з энергетычнай інфраструктурай ЕС, Еўракамісія рэалізуе План злучэння балтыйскіх энергетычных рынкаў, які быў ініцыяваны, дарэчы, мною ў 2008 годзе. Гэта таксама будзе спрыяць паглыбленню рэгіянальнай інтэграцыі. ЕС таксама вядзе перамовы па пытаннях энергарэсурсаў з Расіяй у мэтах аказання дапамогі краінам Балтыі.

Акрамя таго, мы падтрымліваем ініцыятывы альтэрнатыўных шляхоў і маршрутаў паставак паліва. Гэта неабходна для забеспячэння большай энергетычнай бяспекі нашых грамадзян і таварыстваў.

Гарманічна і зладжана дзеючы, аб’яднаны і адкрыты рынак Еўропы — лепшы сродак забеспячэння бяспекі дастаўкі энергарэсурсаў.

Таму мы імкнемся гарантаваць выкананне правілаў ЕС, уключаючы правілы вытворчасці энергіі, каб забяспечыць сумленную і празрыстую канкурэнцыю.

— Група літоўскіх палітыкаў звярнула ўвагу Еўрапейскага парламента на спробы Літвы забараніць сэксуальным меншасцям правядзенне маршу ў цэнтры Вільні, спробы Сейма цалкам забараніць аборты, аперацыі па змене полу, распаўсюджванне еўрапейскага заканадаўства, які забараняе гвалт у сям’і. Як вы лічыце, што трэба рабіць? Магчыма, неабходна, каб правы чалавека больш ясна і дакладна абаранялі б нашы самыя ўплывовыя палітыкі?

— Еўракамісія пільна сочыць за сітуацыяй вакол дыскрымінацыі лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў у дзяржавах-сябрах і, несумненна, адрэагуе ў выпадку з’яўлення пытанняў, што патрабуюць умяшання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю Еўрапейскага саюза. Напрыклад, у 2010 годзе Еўракамісія ўжо звярталася ва ўрад Літвы і выказвала сваю незадаволенасць перашкодамі і парушэннямі, звязанымі з парадам сэксуальных меншасцяў, які планаваўся ў той час.

Свабода самавыяўлення і сходаў прызнаныя аднымі з асноўных правоў чалавека, якія, да таго ж, замацаваныя ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і ў Хартыі Еўрапейскага саюза аб асноўных правах чалавека.

Еўракамісія не ў праве ўмешвацца ў парадак арганізацыі грамадскіх сходаў у дзяржавах-сябрах, аднак прававыя акты і міжнародныя абавязанні саміх дзяржаў патрабуюць, каб тыя паважалі асноўныя еўрапейскія правы. Еўрапейская камісія верыць у жаданне ўсіх дзяржаў-сяброў гэта рабіць.

— Як вы ацэньваеце магчымасці прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце заняць адну з ключавых пасадаў у сістэме інстытутаў ЕС, калі б яна вырашыла да гэтага імкнуцца пасля завяршэння сваёй кадэнцыі на пасадзе прэзідэнта?

— Не магу ацэньваць вартасці і магчымасці патэнцыйных кандыдатаў, напрыклад, на пасаду старшыні Еўракамісіі. Да заканчэння кадэнцыі Камісіі засталося 16 месяцаў, і я ўсю ўвагу надаю важным работам, якія мы яшчэ павінны здзейсніць.

Асабіста я памятаю вялікі ўклад Далі Грыбаўскайце ў працу Еўрапейскай камісіі, калі ў 2004–2009 гадах яна выконвала абавязкі сябра Еўракамісіі, адказнага за бюджэт ЕС. Затым яна была абраная прэзідэнтам Літвы, вельмі паспяхова кіравала краінай падчас эканамічнага і фінансавага крызісу. Упэўнены, што яна паспяхова будзе працаваць і далей.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай32

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні15

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

Прагноз надвор'я ад Гідраметцэнтра Расіі самы няякасны сярод канкурэнтаў. А якія мадэлі прадказваюць надвор’е найлепш?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай32

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць