Свінацыд. На нашых вачах знішчаецца неад'емная частка культуры беларусаў
…у Турцыі, падчас Рамазана, мне нават у сне прыходзіць часам пах смажанае свіное свежыны. А з навінамі прыходзяць весткі пра татальнае вынішчэнне свінячага статку ў Беларусі.
Значнасць сёлетніх падзеяў мы неўзабаве ацэнім сваім кашальком, а вось далейшая перспектыва можа стацца для беларусаў глабальнаю.Бо на нашых вачах знішчаецца спрадвечная і неад’емная частка нашай кулінарнай і пабытовай культуры, нашыя звычаі і, без перабольшвання, частка менталітэту.
Вобразы свіней прысутнічаюць ў беларускай народнай міфалогіі, у багацейшым фальклоры, у класічнай нашай літаратуры і нават у мастацтве!
Гібрыды дзікоў ад часоў неаліта забяспечваюць людзей смачным і далікатным мясам.
І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая свіння» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «свіння», свойскія пароды свіней — неад’емная частка рацыёну большасці людзей. Ралан Барт, у сваю чаргу, сцвердзіў, што мы — па сутнасці тое, што мы ямо. А між іншым, паводле хімічнага складу кроў свойскіх свіней найбліжэйшы адпаведнік чалавечае крыві. І менавіта таму праводзяцца эксперыменты з выношваннем імі донарскіх органаў для чалавека. Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў
. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасці. Вучаныя парсючкі адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзінніку й нават складаюць лічбы…Калі кароль Францыі Людовік занепадаў у меланхолію, нішто не цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсіраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды.
Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.
Чуццё ў свіней не слабейшае за сабачае. У Францыі і па сённяшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляванні» на труфелі. Знайшоўшы труфель, свіння робіць стойку ў чаканні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць свіней на сапраўдным паляванні.
Парсюкі ў Беларусі з’явіліся разам з чалавекам, пасля апошняга ледавіка. Вялікае майстэрства свінагадоўлі дасканалілася стагоддзямі.Беларусы не проста гадавалі, селекцыянавалі, але нават апявалі гэтую істоту!
Не удзеліш свінцы ласкі —
Не адведаеш каўбаскі — З усяе вялізарнае разнастайнасці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 100 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя:
літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і беларуская белая буйная. Апошніх да сёння было ўжо 92% свінога пагалоўя Беларусі, што ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў!). Што ў нас застнецца пасля гэтага лета?
Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму свіння носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала
Ішла свіння пасярод Раства,
Каляда, Каляда.
Нясла кішок парцяны мяшок,
Каляда, Каляда.
Ішла свіння па ляду…
Рассыпала каляду…
Ідзі мішка, пабірай…
Будзе табе каравай…
Беларусь, Каляды й парсюкі былі непадзельныя тысячу гадоў. Такі парадак быў… Што ж будзе на Каляды ў гэтым годзе?Ці можна выняць з нашых кулінарных кнігаў традыцыйныя стравы з дамешкамі свініны — тлушчам, салам, мясам? Што ж тады застанецца? Можна, вядома, перайсці на халяль і кошэр, або стаць вегетарыянцамі, але пэўна ж, тады мы ўжо станем кімсьці іншымі… Зрэшты, замяніць цягам аднаго пакалення ўсе прадукты на вегетарыянскія, захаваўшы пры тым нармальны спажыўны баланс — нерэальна.
Пры тым, пэўна ж, свінства між людзьмі ў нашай краіне не паменее. Людскае свінства да гэтае вялікае беларускае драмы недатычнае.Хаця… Свінства ўжо ў тым, што і як робіцца ўладамі — як інфармуюць людзей, як адбіраюць іх уласнасць і як дэманструюць сваю поўную недатыкальнасць і няхібнасць. Не атрымалі мы адказу на непасрэднае (і галоўнае пытанне!): адкуль у Беларусь прыйшла гэтая пошасць? І што трэба было рабіць, каб яе не было? І хто за гэта павінен панесці адказнасць? Але пакуль даводзіцца расплочвацца гаспадарам віславухіх віскуноў. А заўтра давядзецца расплочвацца ўсім жыхарам Беларусі! Бо, нават калі ты не ясі паляндвіцаў ды кумпякоў, нават калі не надзяваеш нічога са парсючынае скуры — сандалетаў, рамянёў, партманетаў,
то ўсё адно мусіш разумець якія катастрафічныя страты для бюджэту краіны, дзяржаўнага і прыватнага, прынясе татальнае забойства мільёнаў свіней.Бо спатрэбіцца ж і вялізарная маса прадуктаў, каб кампенсаваць вынятыя з рацыёну тоны прадуктаў са свініны! І ня трэба быць вяшчуном, каб здагадацца, за чый кошт будуць кампенсаваць гэтыя страты…
Нічога назад не вернеш, тысячаў забітых марна свіней не ўваскрасіць. А гэта азначае, што наш беларускі свет зменіцца сёлета безпаваротна. Парсючыная эпідэмія стане для Беларусі, у цывілізацыйным сэнсе, яшчэ адным Чарнобылем.
Не стаўлю пад сумнеў кампетэнцыю эпідэміёлагаў, бо я не ёсць адмыслоўцам у гэтай справе.Але маю вялікія сумневы… Бо калі ўжо вядзецца татальнае знішчэнне і ўсіх дзікоў па лясах, то міжволі напрошваецца пытанне, ці гэта адзіна магчымае выйсце?
Бо, калі на наступны год прыйдзе які яшчур, то мы знішчым усіх парнакапытных, ад кароваў да ласёў? А калі птушыны грып, барані Бог, абрынецца на наш край?Не застанецца нічога ані халяльнага, ані кашэрнага, ані нашага…
Каментары